Вы тут

Як арганізавана сацыяльная рэабілітацыя былых зняволеных?


Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны аб'ядналі намаганні, каб распрацаваць агульную сістэму адаптацыі да нармальных умоў жыцця тых, хто адбыў тэрмін пакарання ў месцах пазбаўлення волі, а таксама асоб, якія змагаюцца з залежнасцямі.


Як адзначыў галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Іван КАНАРАЗАЎ, дзякуючы адпрацаванаму комплексу мер па барацьбе з залежнасцямі колькасць грамадзян, якія стаяць на ўліку, з кожным годам скарачаецца. Аднак паводле статыстыкі злачынствы, якія здзяйсняюць асобы ў стане наркатычнага або алкагольнага ап'янення, складаюць 25% ад агульнай колькасці, у той час як 33% злачынстваў адбыліся па віне тых, хто нідзе не працуе і не вучыцца. Таму тым, хто мае патрэбу, аказваюцца не толькі розныя віды медыцынскіх паслуг — ад неадкладнай дапамогі да працяглай рэабілітацыі, — але і прапаноўваецца садзейнічанне ў працаўладкаванні.

Аднак, як паведаміла кансультант упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Жанна ШЧАМЯЛЁВА, зацікаўлены ў гэтым далёка не ўсе. Напрыклад, сярод вызваленых з ЛПП толькі 30% пасля выказваюць жаданне працаваць. Гэта пры тым, што кожны год для тых, хто выйшаў на свабоду (10—12 тысяч чалавек), «браніруецца» каля 6 тысяч працоўных месцаў.

Адным з найважнейшых кірункаў работы па сацыяльнай рэабілітацыі з'яўляецца засваенне асуджанымі прафесійных ведаў і навыкаў. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення арганізацыі выпраўленчага працэсу дэпартамента выканання пакаранняў МУС Аляксандра КРАЛЬКО, ёсць выбар простых рабочых спецыяльнасцяў. Акрамя таго, з нядаўняга часу ў месцах пазбаўлення волі ў форме дыстанцыйнага навучання можна атрымаць і вышэйшую адукацыю. Зараз супрацоўніцтва наладжана з Мінскім інавацыйным універсітэтам, які адзіны змог стварыць адпаведныя ўмовы па бяспечным доступе ў сетку інтэрнэт. У жаночай выпраўленчай калоніі №4 горада Гомеля, напрыклад, праходзяць курс навучання 15 асуджаных. На выбар — спецыялізацыі ў сферы псіхалогіі, эканомікі і нават юрыспрудэнцыі. Праўда, аднаго жадання вучыцца недастаткова: трэба мець атэстат, чым можа пахваліцца далёка не кожны зняволены, а таксама магчымасць заплаціць за вучобу — каля 1200 рублёў у год.

Найбольш складаным з'яўляецца час адразу пасля таго, як былы асуджаны выйшаў на волю. Перыяд адаптацыі можа цягнуцца гадамі, аднак, калі жаданне стаць паўнавартасным членам грамадства моцнае, паступова чалавек прыйдзе да сваёй мэты. Намеснік начальніка ўпраўлення наглядна-выканаўчай дзейнасці МУС Сяргей АЛЯШКЕВІЧ адзначыў, што, каб падтрымаць тых, хто стаў на шлях выпраўлення, вядзецца работа па арганізацыі Цэнтраў сацыяльнай адаптацыі. Цэнтры будуць аказваць комплексную падтрымку, якая ўключае ў сябе навучанне бытавым навыкам, узаемадзеянне з камп'ютарам, дапамогу ў пошуку работы, а таксама псіхалагічнае суправаджэнне. Гэта дзейнасць ужо прыносіць бачныя вынікі. Калі ў 2010 годзе колькасць рэцыдыўных злачынстваў складала 50%, на цяперашні момант паказчык апусціўся да 38%.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Без матывацыі ўсе намаганні марныя

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».