Вы тут

Сын Якуба Коласа: і фізік, і лірык


У межах экспазіцыі «Мілыя вобразы», што да 15 кастрычніка працуе ў Літаратурным музеі Янкі Купалы, можна пабачыць партрэты вядомых пісьменнікаў — Якуба Коласа, Янкі Маўра, Міхася Лынькова, Максіма Танка, замалёўкі з іх сямейнага жыцця, фотаздымкі вясковых краявідаў і гарадскіх вуліц... Кожная з работ Міхася Канстанцінавіча выклікае згадкі ў яго памяці, ён распавядае вясёлыя і сумныя гісторыі, звязаныя з гэтымі фота.


Мі­хась Міц­ке­віч прад­стаў­ляе вы­стаў­ку «Мі­лыя воб­ра­зы».

Новая фотавыстаўка — ужо трэцяя ў творчым лёсе майстра. Першая прайшла ў Літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, другая — у Мар'інагорскай карціннай галерэі. На выстаўцы прадстаўлена толькі частка багатага фотаархіва Міхася Міцкевіча. Майстар валодае сапраўдным дарам убачыць, схапіць і зафіксаваць хуткаплыннае імгненне, зрабіць яго жывым і цёплым, блізкім да нас. Многія фотаздымкі маюць дасціпныя назвы, часам іх суправаджаюць і эпіграмы, складзеныя самім фотамастаком.

Асоба Міхася Міцкевіча — прыклад спалучэння розных талентаў. Ён — доктар тэхнічных навук, яго аўтарству належаць больш як 250 навуковых работ, звыш 20 вынаходніцтваў. Праявіў сябе і ў спорце. Майстар спорту па стэндавай стральбе, прызёр адной з першых спартакіяд народаў СССР. Адно з яго хобі — паляванне. Таксама Міхась Канстанцінавіч выдатна валодае словам. Ён аўтар успамінаў «Пад бацькоўскім дахам», «Слова пра Юрку, Коласава сына». Але здаецца, што менавіта фотамастацтва стала тым звяном, што паяднала рысы фізіка і лірыка.

— Неяк я праходзіў практыку ў лабараторыі электрафізікі, дзе мне вельмі дапамагаў у рабоце вядомы оптык Барыс Бойка, ён стаў пазней акадэмікам, — расказвае Міхась Міцкевіч пра вытокі свайго захаплення. — Барыс Барысавіч мне шмат дапамог у разуменні працэсу фотаздымкі, апрацоўкі фота. Мне многа гадоў даводзілася афармляць справаздачы, здымаць дэталі, чарцяжы. Дзякуючы гэтай рабоце, а таксама выдатнай тэхніцы, якая была ў лабараторыі, — тут я карыстаўся высакахуткаснай камерай — змог развіваць захапленне.

Міхась Канстанцінавіч ахвотна дзеліцца ўспамінамі пра занакавыя моманты, якія ён захаваў на фотаздымках. Расказвае і пра здымкі, якія былі ў задумцы, але, на жаль, так і не былі зробленыя:

— Мне добра запомніўся прыезд Купалы да Коласа ў Падбярэжжа, дзе мы праводзілі лета 1936 года. Купала прыехаў з цёткай Уладзяй. Пакуль жанчыны купаліся ў Свіслачы, Купала з Коласам за добрай гамонкай пілі каньяк. Ужо пад вечар пайшлі лавіць рыбу. Закінулі вуды, дзядзька Янка злавіў некалькі акунькоў, а Колас вывудзіў язя мо з кілаграм вагой, а потым і яшчэ адну рыбіну грам на 800. Мне даручылі несці рыбу ў дом. Ужо пазней, памятаючы тое выдатнае лета, я вярнуўся ў Падбярэжжа, хацеў сфатаграфаваць і той дуб на беразе рэчкі, пад якім сядзеў Купала, і паварот ракі. Але на тым месцы ўжо не было дрэва: рака выпрастала рэчышча і знесла дрэва.

Цікава, што на фотавыстаўцы «Мілыя вобразы» можна пабачыць не толькі самі здымкі. Тут прадастаўлена і фотатэхніка Міхася Міцкевіча, тыя фотаапараты, з дапамогай якіх былі зроблены гэтыя знакавыя работы.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фо­та Ана­то­ля КЛЕ­ШЧУ­КА

Загаловак у газеце: І фізік, і лірык

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.