Дзівосы гнуткасці пакажа паветраная гімнастка Юлія Качан. Трупа акрабатаў Аляксандра Еўдакімава, што выступае на арэлях, лічыць, што спецэфекты наўрад ці заменяць прыцягальнасць якасных трукаў. Дрэсіроўшчыца Юлія Дзягілева раскажа камічную і кранальную гісторыю, якая здарылася недзе на Дзікім Захадзе з каўбоямі і іх коньмі. А яе калега, заслужаны артыст Расіі Сяргей Несцераў, наогул прыехаў у Сінявокую ў кампаніі белых тыграў і насарога. Апошні, можна меркаваць, стане самым галоўным героем праграмы.
— Дрэсіраваць насарога складана. Гэта даволі незалежная істота, давялося некалькі месяцаў проста прывучаць яго да сябе, — кажа Сяргей Несцераў. — У цырку нас размясцілі з камфортам, для гадаванца выдзелілі вялікі вальер, так званы сланоўнік. Мне даўно хацелася прыехаць у Беларусь. Каб мара здзейснілася, давялося чакаць 35 гадоў, а тут якраз ёсць нагода.
Мастацкі кіраўнік Белдзяржцырка Вітаўтас Грыгалюнас пацвярджае, што на выступленне ў Беларусі знакамітыя артысты згадзіліся без асаблівых цяжкасцяў:
— Ідэя сабраць разам цыркавых «зорак» узнікла прыблізна год таму. Тады ж пачалі прагляд і адбор нумароў, а тры месяцы назад быў напісаны сцэнарый праграмы.
Клоўн, шматразовы прызёр міжнародных фестываляў у Расіі, Галандыі, Італіі, Іспаніі, Кітаі Армен Асіранц, адзіны з выступоўцаў, які знаходзіцца побач з публікай на працягу ўсёй праграмы, адзначае асаблівую атмасферу мінскага цырка:
— Тут глядач успрымае ўсё як нейкую падзею, свята. Паход у цырк — гэта як паход у тэатр, людзі рыхтуюцца, апранаюць лепшае адзенне, настройваюцца на відовішча. Адсюль, напэўна, ідзе і большая эмацыянальнасць да таго, што робіць артыст. Удзячнасць публікі заўсёды адчуваецца.
Рагнеда ЮРГЕЛЬ
Фота Надзеі БУЖАН
Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца.
«Абеліскі параненай зямлі».
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.