Вы тут

Ігар Бокі і Алег Шэпель падвялі вынікі Рыа-2016


Галоўны герой спаборніцтваў Ігар Бокі і старшыня Параалімпійскага камітэта краіны Алег Шэпель падвялі вынікі Рыа-2016.


Беларусь на гэтым прэстыжным турніры заваявала 10 алімпійскіх узнагарод, 8 з якіх залатыя. Такі вынік дае магчымасць гаварыць аб тым, што наша дэлегацыя справілася са сваёй задачай паспяхова і годна прадставіла краіну ў Бразіліі.

— Мы скончылі сёлетнюю Параалімпіяду паспяхова. Планавалі заваяваць 10 узнагарод, іх і прывезлі на радзіму, — адзначае Алег Шэпель. — Лічу, што мы павінны абавязкова планаваць усё, і не толькі ў спорце. Калі дзяржава ўкладае грошы, яна павінна патрабаваць вынік. Гэта датычыцца ўсіх галін. Недабралі некалькі ўзнагарод у лёгкай атлетыцы і дзюдо, але там нашы спартсмены былі таксама блізкія да п'едэстала, — падкрэсліў старшыня Параалімпійскага камітэта.

Гэтак жа ён адзначыў, што самым галоўным вынікам з'яўляецца тое, што з 21 спартсмена нашай зборнай, 19 трапілі ў фінал, гэта вельмі добры ўзровень. А ўсе спартсмены-параалімпійцы на стартах у Бразіліі паказалі свае найлепшыя вынікі, многія ўстанавілі асабістыя рэкорды. Акрамя гэтага, Алег Шэпель падзяліўся меркаваннем аб арганізацыі Параалімпіяды ў Бразіліі. Ён адзначыў, што гэта былі адны з самых слабых Гульняў, не вельмі добра была наладжана работа валанцёраў і транспартныя зносіны, але кіраўнікі беларускай дэлегацыі рабілі ўсё магчымае, каб спартсмены не адчувалі праблем.

Што датычыцца далейшых планаў, то ў беларускай параалімпійскай сям'і ідзе ратацыя і амаладжэнне складу.

— Гэта нармальны працэс. Кожны цыкл у нас мяняецца каля 25-30% складу, — адзначыў Алег Шэпель.

Што да Ігара Бокага — галоўнага героя, то пасля прыезду з Бразіліі на яго літаральна абрынулася лавіна ўвагі (на рахунку спартсмена — 7 алімпійскіх узнагарод Рыа). Малады чалавек прызнаецца, што гэта прыемна і толькі дзякуе за такую цікавасць да сваёй персоны.

— У першую чаргу хацелася б сказаць дзякуй усім, хто за нас хварэў і падтрымліваў. Паверце, для кожнага параалімпійца гэта вельмі важна. Дзякуючы гэтаму мы і паказвалі добрыя вынікі. Дома перад Параалімпійскімі гульнямі нам стварылі выдатныя ўмовы, гэта датычыцца і фінансавання і месцаў для трэніровак. Усе паставіліся да нас з вялікім разуменнем і спрабавалі дапамагчы. Таму атрымалі вынік вельмі добры для нашай краіны, бо далёка не ўсе могуць пахваліцца такой колькасцю ўзнагарод, нават краіны, у якіх дэлегацыі былі ў разы большыя.

— З усіх узнагарод для вас ёсць асаблівы медаль?

— Так, «бронза» за брас. Гэты від праграмы даецца мне вельмі цяжка, таму што ёсць пэўныя праблемы з каленнымі суставамі. У Лондане на дыстанцыі брасам я быў 7-м, у Бразіліі 3-м, спадзяюся, і далей буду паляпшаць свой вынік.

— У чым сакрэт 11-разовага параалімпійскага чэмпіёна?

— Для таго каб стаць чэмпіёнам, трэба мець стопрацэнтную самааддачу і поўную ўзгодненасць сваёй працы з трэнерам. Па сутнасці менавіта настаўнік — кіраўнік, а я толькі выканаўца. Таксама неабходна выконваць спартыўны рэжым, добра адпачываць і на час адкласці ўсе справы, якія не датычацца спорту.

Ігар Бокі падзяліўся сваімі планамі, а яны ў яго грандыёзныя. Спартсмен працягне спаборнічаць з плыўцамі асноўнай нацыянальнай зборнай Беларусі, ён ужо ўдзельнічаў у чэмпіянаце і Кубку краіны.

— Працягну выступаць ва ўнутраных спаборніцтвах сярод здаровых спартсменаў. Бо неабходна праводзіць як мага больш стартаў з моцнымі сапернікамі, каб быць у тонусе, выконваць трэніровачныя аб'ёмы, якія дапамогуць удала выступіць на параалімпійскіх стартах. Што датычыцца турніраў міжнароднага ўзроўню сярод здаровых плыўцоў, пакуль пра гэта з трэнерам не думаем.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Восем з дзесяці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?