Вы тут

Жывыя карані Палесся


Чым больш мы паважаем сябе, тым больш паважаюць і лічацца з намі. Менавіта пра гэта — фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся», які чацвёрты раз прайшоў у аграгарадку Ляскавічы, што ў Петрыкаўскім раёне Гомельшчыны. Яго поспех мае тры складнікі — унікальную некранутую прыроду, багатую гісторыка-культурную спадчыну, аўтэнтычныя народныя абрады і рамёствы. Фестываль арыентаваны на захаванне і папулярызацыю здабыткаў нацыянальнай культуры Беларусі. У чым жа прыцягальная сіла Палесся?


Удзель­ні­кі твор­ча­га ка­лек­ты­ву «Сві­та­нак»  Дзят­ла­віц­ка­га сель­ска­га до­ма куль­ту­ры з Лу­ні­нец­ка­га ра­ё­на.

Творчыя калектывы палескіх раёнаў краіны на сваіх падворках імкнуліся прадставіць фрагменты старадаўніх свят і абрадаў. Калінкавіцкі падворак, напрыклад, меў назву «Багач». Дырэктар Юравіцкага цэнтра народнай творчасці Анжэла Паташка ўспамінае, што ў іх мясцовасці была традыцыя штомесяц 25 чысла прадаваць лішкі сельскагаспадарчай прадукцыі на кірмашы ў Юравічах:

— Туды ўсё наваколле з'язджалася. Вось і мы прадстаўляем тое, чым багаты. Глядзіце, які ў нас прыгожы і смачны ўраджай садавіны і агародніны!

Восем умоўных вуліц склалі адну палескую вёску. Усе назвы знаёмыя, і, здаецца, менавіта так яно і было калісь: з Багатай трапляў на Пакроўскую, з Кірмашовай — на Вясельную... Каб тут, за ткацкім станком, сустрэцца з... жыхарамі Германіі Брыгітай і Томасам Рымаль. Яны вучацца ў Людмілы Бычук з пінскай мастацкай фабрыкі «Крыніца Палесся» беларускі ручнік ткаць. Кажуць: прыехалі да сяброў у Мазыр. Яны і паклікалі на гэтае свята:

— Вельмі цікава пабачыць старажытныя беларускія рамёствы. Якое ў вас прыгожае народнае адзенне! А яшчэ шмат усяго смачнага.

Юра­віц­кі цэнтр на­род­най твор­час­ці прад­стаў­ляе яго ды­рэк­тар  Ан­жэ­ла Па­таш­ка з ка­ле­га­мі.

Дзе яшчэ пакаштуеш марынаваных гуркоў з мёдам? Канешне, на падворку палешукоў, якія прыехалі з Лунінецкага раёна. Дырэктар Дзятлавіцкага сельскага дома культуры Алена Яскевіч разам з калектывам аднадумцаў можа здзівіць і стравамі, і песняй прыгожай. Да таго ж усе ўдзельнікі творчага калектыву «Світанак» добра ведаюць і любяць нашу газету. Некаторым, як Галіне Хартановіч, пашанцавала нават выйграць прыз ад «Звязды».

Між тым каля галоўнай сцэны да выступленняў рыхтаваліся госці. Сваім незвычайным строем увагу прыцягваў Хізры Асадулаеў. Ён — заслужаны мастак Дагестана, а яшчэ кіраўнік міжнароднага грамадскага аб'яднання «Гаро»:

— Мы ўзбагачаем каларыт гэтага грандыёзнага мерапрыемства. Тут прадстаўляем рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур Беларусі. Кожны павінен памятаць пра свае вытокі. Калі мы іх страцім, што ад нас у будучыні можна чакаць? Мы ёсць настолькі, наколькі памятаем свае карані, традыцыі, звычаі і мову.

З Латвіі на Палессе завітаў народны ансамбль «Сватра». Артысты ў Беларусі ўпершыню.

Фальклор для іх — практычна лад жыцця і яшчэ адна магчымасць заявіць пра сябе на мове музыкі, гаворыць кіраўнік фальклорнай групы Сарматэ Тэйване:

— Нас вельмі зацікавіла тое, што гэта фестываль этнакультуры. Мы жадаем убачыць іншыя традыцыі, паглядзець на іншую культуру, а таксама ўсім паказаць, што такое наш латвійскі рэгіён Латгалія.

Ар­тыс­ты ака­дэ­міч­на­га ан­самб­ля пес­ні і тан­ца  «Сі­вер­скія клей­но­ды» рых­ту­юц­ца да вы­ха­ду на сцэ­ну.

Акадэмічны ансамбль песні і танца «Сіверскія клейноды» відавочна ўсіх захапляе яскравым выступленнем. Здаецца, юнакі ў шараварах ды з «асяледцамі» лятаюць над сцэнай. А дзяўчаты ў стужках заварожваюць вытанчанасцю і шчырымі ўсмешкамі. Дарэчы, з беларускага Палесся да ўкраінскага — рукой падаць. І таму чарнігаўскі калектыў тут не ўпершыню.

На канцэрце была прадстаўлена не толькі ўнікальная традыцыйная музычная культура Палесся, але і адметныя фестывальныя брэнды Гомельскага рэгіёна — харэаграфічны «Сожскі карагод», фестывалі фальклорнага мастацтва «Берагіня», народнага гумару «Аўцюкі».

На свяце ганаровыя дыпломы і сімвалічныя статуэткі разам са званнем «Ганаровы паляшук» атрымалі народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага хору імя Цітовіча Міхаіл Дрынеўскі, старшыня СПК «Фядорскі» Столінскага раёна Рыгор Дзямко і былы генеральны дырэктар Мазырскага НПЗ Анатоль Купрыянаў. Менавіта пры фінансавай падтрымцы магутнага беларускага прадпрыемства стаў магчымым збор палешукоў у Ляскавічах.

Услед за колькасцю ўдзельнікаў этнафоруму (а сёлета іх каля 300), расце і турыстычная прывабнасць Палесся. Пра ўнікальны прыродны рэгіён ужо даведаліся далёка за межамі краіны. Гэты край і сёння цікавіць этнографаў і культуролагаў. Міжнародны фестываль «Кліч Палесся» ярка дэманструе самабытнасць беларускай культуры, адзначае міністр культуры Барыс Святлоў:

— Каб зразумець, чым мы, беларусы, адрозніваемся ад астатніх краін, нам патрэбныя менавіта такія святы культурна-этнаграфічнай скіраванасці. Нягледзячы на наяўныя тэндэнцыі нівеліравання культурнай прасторы пад так званую ўсходнюю ці заходнюю культуру, зварот да сваіх вытокаў непазбежны.

— Самая вялікая аддача гэтага свята — захаванне традыцый нашых беларускіх, палескіх, і, вядома, самае галоўнае — гэта тое, што людзі імкнуцца да сваіх каранёў, — заўважае дырэктар Нацыянальнага парка «Прыпяцкі» Сцяпан Бамбіза.

На свяце ўпершыню праведзены конкурс юных майстроў «Перазвон талентаў» з удзелам дзяцей, якія дэманстравалі розныя віды рамёстваў.

Фестывальныя мерапрыемствы ў Ляскавічах працягваліся да глыбокай ночы. Тыя, хто дачакаўся фіналу, былі ўзнагароджаны не толькі салютам, але і знаёмствам з самымі прыгожымі палескімі дзяўчатамі. Яны дэманстравалі мастацтва дэфіле ў нацыянальных строях, вясельных сукенках, эксклюзіўных дызайнерскіх уборах і ў раскошных футрах айчынных вытворцаў. Ну а пераможцай конкурсу прыгажосці «Палеская прыгажуня — 2016» стала Ала Мяшкова з Петрыкава.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.