Вы тут

6 ідэй для восеньскiх вакацый


Ваш такі чаканы працоўны адпачынак выпаў на восень? Не варта засмучацца і псаваць сабе настрой! Варыянтаў вясёлага баўлення часу таксама шмат, і, каб вас не ахапіў залацістачырвоны восеньскі сум, мы падкажам, куды адправіцца па пазітыўныя эмоцыі.


Заняцца спортам

Не варта праводзіць свой адпачынак толькі пасіўна. Тым больш залатой восенню, калі сама прырода кліча пагуляць па прыгожаму рознакаляроваму парку, няспешна прабегчыся па алейцы, пакатацца на ровары, або бадзёра крочыць штодзень з палкамі ў руках (скандынаўская хадзьба зараз вельмі папулярная!). Галоўнае, не паддавацца ляноце! Вось убачыце, за некалькі актыўных заняткаў фігура падцягнецца, а настрой палепшыцца. Паверыце ў свае сілы, хутка адчуеце асалоду і ўвойдзеце ў рытм. А там, чаму б і не працягнуць заняткі пасля адпачынку?

 Працягнуць лета

Вы спытаеце: гэта як? Усё зусім проста: адправіцца ў цёплыя краіны. На марскіх курортах якраз пачынаецца аксамітны сезон. Ён ахоплівае перыяд з верасня па сярэдзіну кастрычніка, тую залатую пару, калі ўжо не горача, але яшчэ і не холадна. Надвор’е мяккае, прыемнае, на марскіх пляжах і ў гатэлях людзей няшмат, няма залішняга тлуму. Ды і кошт восеньскага адпачынку абыдзецца вам значна больш танней, чым летняга. У Італіі і Іспаніі з першых дзён восені мора становіцца халаднава тым, таму аматарам камфортнай для купання тэмпературы вады лепш перабрацца крыху на поўдзень. Вось Грэцыя, Кіпр сустрэнуць вас тэмпературай + 25 градусаў па Цэльсію. І калі вы рашаеце ляцець у Грэцыю, лепш выбірайце буйныя астравы, накшталт Крыта, дзе і восенню захоўваецца вельмі цёплае і бязветраннае надвор’е. У Турцыі купальны сезон будзе доўжыцца па лістапад, таму і сюды можна смела ляцець па любімай многімі сістэме «ўсё ўключана».  Калі вы не аматары пасіўнага адпачынку на пляжах, то смела адпраўляйцеся ў экскурсійныя туры па Еўропе. Шматлікія славутасці старажытных гарадоў нададуць станоўчых эмоцый ажно да наступнага адпачынку.

 Пазнаць Беларусь

Калі адпачынак за мяжой вам не па кішэні – не бяда. Павандраваць і зрабіць неспадзяваныя адкрыцці можна і на Беларусі. Цудоўная нагода пазнаёміцца з непаўторнымі славутасцямі нашых гарадоў і мястэчак. Варта толькі разгарнуць карту і пракласці маршрут. Можна запісацца на экскурсіі і паехаць у вандроўку з групай і гідам. Беларускія турфірмы распрацавалі апошнім часам шмат цікавых пазнавальных інтэрактыўных праграм, дзе вы зможаце быць не проста староннім назіральнікам, а актыўным “удзельнікам” мінулых падзей. Напрыклад, можаце адправіцца ў госці да лепельскага балотнага Цмока, або на пошукі прывідаў каралевы Барбары (дарэчы, у беларускіх замках розныя прывіды сустракаюцца), або нават зазірнуць на вяселле да князя Ягайлы і Соф’і Гальшанскай у Лідскі замак. Выбар за вамі! 

“Пафестываліць” ад душы

Восенню ў Беларусі ладзіцца шмат адмысловых тэматычных фестываляў. Ехаць блізка, і кошты невялікія. Напрыклад, традыцыйна ў Музеі народнай архітэктуры і побыту (вёска Азярцо пад Мінскам) праводзяць фолк-фестываль “Камяніца”. Вы пачуеце незвычайныя спалучэнні фальклору і сучасных музычных стыляў, павесяліцеся падчас старадаўніх гульняў і забаў. Вядома ж, да вашай увагі  – разнастайныя вырабы народных умельцаў і славутых беларускіх майстроў.
Напрыканцы верасня ў Мінску адбудзецца XI міжнародны музычны фестываль Юрыя Башмета. У сталіцы збяруцца лепшыя музыканты з Беларусі, Расіі і краін Еўропы. 30 верасня – урачыстае адкрыццё свята. На сцэну філармоніі выйдзе  вядомы італьянскі скрыпач Сяргей Крылоў і беларускі піяніст Расціслаў Крымер. А 1 кастрычніка, у Міжнародны дзень музыкі, адбудзецца канцэрт сусветнавядомага піяніста Мікалая Луганскага. Прыходзьце і атрымлівайце асалоду ад класікі.
Ужо традыцыйным для восені стаў міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТЭАРТ”. На розных пляцоўках гледачы змогуць ўбачыць лепшыя беларускія і еўрапейскія спектаклі. Раім аматарам тэатра сачыць за афішай – квіткі разбіраюць вельмі хутка! А ў апошні месяц восені адбудзецца любімы многімі міжнародны кінафестываль “Лістапад”. У Мінску зноў пакажуць лепшыя кінакарціны з усяго свету! 

 Асвоіць новае рамяство 

Адпачынак – гэта шмат вольных дзянькоў. Падчас іх справядліва аддаліццца ад хатніх клопатаў і пачаць займацца тым, пра што даўно марылі: вывучаць  замежную мову, запісацца на курсы фатографаў, наведаць майстар-класы па макіяжу ці манікюру, звязаць новы шалік, разабрацца ў акордах для гітары… Варыянтаў безліч! Разнастайныя курсы, школы, адукацыйныя цэнтры ёсць як у вялікіх, так і ў маленькіх гарадах, трэба толькі дасканала ўсё разведаць. Нават калі не знайшлі “ў рэале” для сябе занятак па душы, не хвалюйцеся – у інтэрнэце больш чым дастаткова папулярных відэаўрокаў, галоўнае – быў бы на іх час…

Папесціць сябе СПА  працэдурамі

Напрыклад, запісацца на масаж, гразевыя абгортванні, пілінг, жамчужныя або хвойныя ванны. З-за напружанай працы і хатніх клопатаў на гэтыя прыемнасці многім не хапае часу. А між іншым, СПА-працадуры актывізуюць працэсы абмену рэчываў, паляпшаюць кровазварот, выводзяць таксіны з арганізма і паляпшаюць агульнае самаадчуванне. Скарыстайцеся такім падарункам лёсу!  

Хрысціна ХІЛЬКО

 

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.