Вы тут

Мікалай Снапкоў: «Беларусь — Кітай: сумеснае развіццё...»


Уражальнай падзеяй не толькі ў прасторы беларуска-кітайскіх адносін, але і ўвогуле ў эканамічным жыцці Еўразіі апошняга часу стала правядзенне 5-й выстаўкі ЭКСПА «Кітай — Еўразія». Так, у адзін момант у старажытным горадзе Урумчы сабраліся сотні, тысячы прадстаўнікоў розных краін, каб паказаць сябе Кітаю, жыхарам Кітая, каб зрабіць крок наперад у развіцці стасункаў з дзяржавай, якая ўжо сёння выступае рухавіком і, лічы, заканадаўцам многіх ініцыятыў, з рэалізацыяй якіх свет будзе рухацца ў будучыню з усімі яе перспектывамі і выдаткамі. А Беларусь была запрошана ганаровым госцем 5-й ЭКСПА «Кітай — Еўразія». Дэлегацыю нашай краіны ўзначальваў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мікалай СНАПКОЎ. З ім сустрэўся наш карэспандэнт і папрасіў падзяліцца сваімі ўражаннямі.


— Мікалай Генадзьевіч, чым вызначаецца гэтая выстаўка? Наколькі важнай падзеяй падаецца яна вам асабіста на фоне беларуска-кітайскіх адносін у галіне эканомікі?

— І не толькі ў галіне эканомікі, але і ў палітычным плане выстаўка, наладжаная ў сталіцы Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна, куды Беларусь запрасілі ганаровым госцем якраз напярэданні візіту нашага Прэзідэнта ў Кітай, паверце, адыграе яшчэ немалую ролю ў выбудоўванні беларуска-кітайскіх адносін на бліжэйшую пяцігодку. Мудры Канфуцый казаў: вялікая радасць — вітаць сяброў здалёку. Не меншая радасць — здалёку прыехаць у гасцінны Кітай і шырока адкрыты для ўсіх Сіньцзян.

— Кіраўнік аўтаномнага раёна таварыш Шахрат Закір сказаў, што яго старонка — самы бліжні да Беларусі кітайскі рэгіён...

— Тут, ва Урумчы, Сянзяні, адчуваецца асаблівы дух адраджэння Шаўковага шляху. І для Беларусі гонар вялікі — быць ганаровым госцем пятага ЭКСПА. Усе ўдзельнікі нашай дэлегацыі на сабе адчулі, як кіраўніцтва Сіньцзяна, сакратарыят ЭКСПА проста бліскуча ўсё арганізавалі на такім прыкметным форуме.

Блізкасць, пра якую гаварыў таварыш Шахрат Закір, мае пад сабой асаблівую глебу. Тут мяжа кітайскай часткі Шаўковага шляху. І, відаць, кіраўнік СУАР памятае, што Беларусь першай з еўрапейскіх краін падтрымала канцэпцыю будаўніцтва эканамічнага пояса Шаўковага шляху, вылучаную Старшынёю КНР таварышам Сі Цзіньпінам. Першая выказала гатоўнасць актыўна падключыцца да стварэння яго еўрапейскага звяна.

— І нашы дарогі тут, пэўна ж, адыгрываюць рашаючую ролю?

— Праз Беларусь праходзяць важнейшыя чыгуначныя маршруты, якія звязваюць Сіньцзян з краінамі Еўрапейскага cаюза: дзякуючы канцэпцыі эканамічнага пояса Шаўковага шляху якраз і фарміруюцца новыя шляхі для тавараў, мадэрнізіруюцца напрамкі. Хуткасць дастаўкі грузаў сухапутным шляхам сёння, між іншым, перавысіла 1400 кіламетраў у суткі.

Так, пакуль, праўда, кошт дастаўкі ўсё яшчэ вышэйшы, чым марскім шляхам. Але пры гэтым значна вышэйшай з'яўляецца надзейнасць і ніжэйшымі рызыкі. Банкруцтва карэйскага аператара «Ханчжын шы пінг» пераконвае нас і ўвесь свет у мудрасці кітайскага кіраўніцтва, якое ўдзяляе вялікую ўвагу і аказвае падтрымку развіццю сухапутных перавозак.

— Як сваё выразнае месца займаюць у нас, у Беларусі, і іншыя кітайскія праекты?

— З вышыняў беларуска-кітайскіх адносін, добразычлівасць, шчырасць якіх асвятляла ўсю работу выстаўкі ва Урумчы, асабліва відаць вартасці нашых фундаментальных асноў у развіцці кітайскага ўнёску ў эканоміку Беларусі. Усяго некалькі тыдняў засталося да завяршэння будаўніцтва першай чаргі інфраструктуры Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі Камень» і мультымедыйнага цэнтра Чайна Мерчантс Груп, размешчанага за 25 км ад горада Мінска.

Увядзенне ў строй індустрыяльнага парка, які Старшыня КНР таварыш Сі Цзіньпін назваў пярлінай Шаўковага шляху, — гэта прарыў у эканамічным супрацоўніцтве паміж нашымі краінамі. Такі міжнародны праект ужо цяпер прываблівае цікавасць інвестараў і прамыславікоў з розных краін Еўропы, Азіі, ды Амерыкі таксама.

— І зараз ва Урумчы, ды і пастаянна ў выказваннях палітычных аналітыкаў, экспертаў, гучала і гучыць думка пра тое, што прыязнасць кітайскага боку звязана з выключна адкрытай пазіцыяй у адносінах да Кітая з боку кіраўніка нашай дзяржавы. Кітайцы бачаць, што словы нашага Прэзідэнта вызначаюцца адказнасцю.

— Следам за словамі, ясна выкладзенай пазіцыяй ідуць справы. Яны з'яўляюцца грунтам на заўтра. У адпаведнасці з даручэннямі лідараў Кітая і Беларусі ў парку сфарміраваны самыя камфортныя ўмовы адкрыцця і вядзення бізнесу ў параўнанні з усёй прасторай Заходняй Еўразіі. Асаблівасцю і найвышэйшым узроўнем даверу з'яўляецца сумесная з кітайскімі экспертамі работа па фарміраванні прававой базы функцыянавання Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. Вось і атрымліваецца, што выгадная сумесная з кітайскімі партнёрамі рэалізацыя праекта дапамагае развіваць парк па перспектыўных кірунках сучаснай эканомікі.

— Нагадайце найбольш цікавыя з іх...

— Напрыклад — «Інтэрнэт рэчаў», абсталяванне для «разумнай» і ўзнаўляльнай энергетыкі, робататэхніка, оптыка і лазеры, вытворчасць лекаў. А таксама — вытворчасць новых матэрыялаў і іншыя сферы, якія фарміруюць эканоміку будучыні.

Наш сумесны з кітайскімі сябрамі парк — гэта выключная з'ява, якая скіравана на рэалізацыю ідэі «новай індустрыяльнай рэвалюцыі», ініцыяванай Старшынёй КНР таварышам Сі Цзіньпінам на Ханчжоўскім саміце «вялікай дваццаткі».

І 5-я выстаўка «Кітай — Еўразія», наладжаная ў СУАР, куды прыехалі нераўнадушныя да справы арганізацыі беларуска-кітайскіх эканамічных адносін кіраўнікі, пацвярджае: такая рэвалюцыя робіць нас мудрэйшымі і багацейшымі, дапамагае свету эвалюцыйна мінуць эканамічныя крызісы і іншыя праявы няўстойлівасці.

Ужо на практыцы Беларусь рэалізоўвае сёння дэвіз ЭКСПА-2016 «Кітай — Еўразія»: сумеснае абмеркаванне, сумеснае стварэнне, сумеснае выкарыстанне! Парк — яскравы прыклад сумеснай рэалізацыі канцэпцыі эканамічнага пояса Шаўковага шляху і сумеснага будаўніцтва супольнасці адзінага лёсу.

Гутарыў Кастусь ЛАДУЦЬКА

Кітай, г. Пекін

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.