Вы тут

Калi вы пераходзiце дарогу на чырвоны, ваша дзiця зробiць тое самае


Для бацькоў няма нiчога больш каштоўнага, чым жыццё iх дзяцей. Мамы i таты хвалююцца, калi не атрымлiваюць своечасовага званка нават ад сваiх дзяцей перадпенсiйнага ўзросту, што ўжо казаць пра тых, каму з-за працы даводзiцца пакiдаць без нагляду зусiм малых, якiя вучацца ў малодшых класах. Як даступна растлумачыць дзецям правiлы бяспекi, каб яны iх зразумелi i прымянялi на практыцы? З гэтым пытаннем мы накiравалiся да начальнiка арганiзацыйна-аналiтычнага ўпраўлення мiлiцыi грамадскай бяспекi МУС палкоўнiка Iгара ГАТАЛЬСКАГА. Ён даў вельмi карысныя для ўсiх бацькоў парады.


Бацьку можна, дык чаму мне нельга?

З-за адсутнасцi вопыту знаходжання ў адзiноце i самастойных перамяшчэнняў дзецi, як толькi аказваюцца без нагляду, адразу ж трапляюць у зону рызыкi. Задача бацькоў — не на словах, а на справе падрыхтаваць дзiця да сустрэчы з навакольным светам сам-насам. Першае i самае галоўнае правiла — гэта падаваць уласны станоўчы прыклад. Дзiця нiколi не будзе выбiраць крыху больш доўгi шлях па добра асветленай дарозе, калi з бацькамi яно заўсёды зразала праз цёмны парк. Словы пра тое, што такiм чынам паступаць можна толькi ў прысутнасцi дарослых, не дзейнiчаюць, бо кожны маленькi грамадзянiн iмкнецца пераймаць манеру паводзiн старэйшых. А раз бацьку — галоўнаму аўтарытэту — можна, дык чаму мне нельга? Так што адзiнае выйсце — знаходзячыся побач з дзiцем, сачыць за кожным сваiм учынкам.

Дарогу да школы трэба не проста апiсаць, неабходна некалькi разоў прайсцi яе разам з дзiцем. Асаблiвую ўвагу варта надаць правiлам дарожнага руху. На перакрыжаваннi задаць дзiцяцi пытанне: у якi бок спачатку глядзiм? Можна прыдумаць для яго якiя-небудзь цiкавыя асацыяцыi, каб прасцей было запомнiць. Паўтараць практыкаваннi трэба, пакуль iх выкананне не дойдзе да аўтаматызму. Пасля таго як вы ўсё ж вырашыце адпусцiць дзiця адно, не лiшнiм будзе прасачыць, як яно выконвае вашы ўказаннi.

У наш час велiзарнай праблемай не толькi з пункту гледжання псiхалогii, але i з пункту гледжання бяспекi сталi гаджэты. Напрыклад, навушнiкi не раз станавiлiся прычынай дарожна-транспартных здарэнняў. Нават даросламу варта даставаць iх з вушэй на праезнай частцы: мала што — а дзiцяцi наогул лепш устрымацца ад праслухоўвання музыкi ў навушнiках на працягу ўсёй дарогi. Яшчэ адзiн момант, звязаны з дарагiмi прыладамi, — гэта крадзяжы. Калi ў аднакласнiкаў ёсць «наварочаныя» смартфоны, у большасцi бацькоў не хапае сiл адмовiць свайму дзiцяцi купiць гэткi самы. Але дзiцячая няўважлiвасць робiць сваю справу — i любiмы тэлефон з мноствам захапляльных гульняў бясследна знiкае. Прадумаць, дзе захоўваць тэлефон або планшэт, лепш загадзя. Пажадана, каб у заплечнiку быў адмысловы адсек з боку спiнкi, калi ж гэта вопратка, дык класцi гаджэт лепш ва ўнутраную кiшэню, якая надзейна зашпiляецца. Гэта простыя меры засцярогi, якiя дапамогуць зберагчы спакой дзiцяцi i ваш сямейны бюджэт ад непрадбачаных выдаткаў.

Сарамлiвасць — прэч!

Маршрут, па якiм дзiця будзе вяртацца дадому са школы, таксама лепш абгаварыць загадзя. Добра, калi дзецi перамяшчаюцца невялiкiмi групамi, хаця б па 2-3 чалавекi.

Калi ж дзiця вучыцца ў другую змену, то трэба ўсё ж пастарацца падладзiць свой графiк так, каб была магчымасць яго сустрэць. Аб'яднаўшыся з iншымi бацькамi-суседзямi, можна дамовiцца забiраць дзяцей са школы па чарзе. Калi ж з якiх-небудзь прычын дзiця ўсё ж дабiраецца да дома адно, не лiшнiм будзе папрасiць яго патэлефанаваць ужо з кватэры.

З самага ранняга дзяцiнства трэба вучыць разам з дзiцем адрас, яго iмя i прозвiшча, iмёны бацькоў. Неабходна растлумачыць, як сябе паводзiць, калi раптам яно згубiцца. Лепш за ўсё падыходзiць да людзей у форме, таму не варта палохаць дзяцей мiлiцыянерамi. У выпадку, калi побач няма прадстаўнiкоў праваахоўных органаў, можна звярнуцца да любога чалавека, якi знаходзiцца на працоўным месцы. А вось да незнаёмцаў на вулiцы з просьбай аб дапамозе маленькiм дзецям падыходзiць не трэба.

Дзiця павiнна дакладна ведаць, што калi здалося, быццам нехта iдзе следам, то нi ў якiм разе нельга спрабаваць хутка забегчы ў пад'езд. Лепш пайсцi ў людную краму, пачакаць нейкi час i на ўсялякi выпадак пазванiць бацькам. Калi ж нiякага люднага месца паблiзу няма, а незнаёмы актыўна праяўляе ўвагу, то выйсце адно — крычаць, што хочаш, галоўнае — з усiх сiл. Абавязкова трэба растлумачыць дзiцяцi, што ў гэтым няма нiчога саромнага, i вы б зрабiлi гэтаксама.

Не варта ўнушаць дзiцяцi, што небяспеку можа прадстаўляць толькi дарослы «дзядзька». Злачынец можа паўстаць у любым аблiччы, таму правiла не размаўляць з незнаёмцамi i ўжо тым больш нiчога ў iх не браць павiнна распаўсюджвацца на ўсiх — на старых i маладых, на «дзядзечкаў» i «цётачак». Гэта ж адносiцца i да званкоў у дзверы: адчыняць, папярэдне паглядзеўшы ў вочка, можна толькi родным. У перамовы праз дзверы лепш не ўступаць. У дзiцяцi павiнен быць спiс тэлефонаў, на якiя яно ў выпадку небяспекi можа пазванiць. Пажадана, каб сярод iх быў i нумар добра знаёмых суседзяў, якiя хутка могуць прыйсцi на дапамогу.

Давярай, але правярай

Калi ж паўстала надзвычайная сiтуацыя, напрыклад пажар, трэба неадкладна пакiнуць дом. Для таго каб дзiця зрабiла менавiта так, яго нi ў якiм разе нельга запалохваць. Малое павiнна ведаць, што самая вялiкая каштоўнасць — гэта яго жыццё, таму не трэба спрабаваць самому змагацца з агнём, каб «бацькi, не дай бог, не даведалiся». Ужо апынуўшыся на вулiцы, можна патэлефанаваць у службу выратавання, але нiяк не раней. Зыходзячы з iмавернасцi непрадбачаных сiтуацый, дзiця нельга замыкаць у кватэры на ключ без магчымасцi самастойна выбрацца.

У тлумачальных гутарках трэба абапiрацца на спецыфiку мясцовасцi. Калi, напрыклад, вы жывяце ў вёсцы, ля якой у гады Вялiкай Айчыннай вайны iшлi жорсткiя баi, асаблiвую ўвагу трэба надаць боепрыпасам, якiя засталiся ў зямлi, падрабязна расказаць пра тое, што, знайшоўшы падазроны прадмет, нельга да яго нават блiзка падыходзiць, не тое што чапаць. У цэлым, у пытаннi бяспекi дробязяў не бывае, таму трэба старацца ахапiць тэму максiмальна шырока. Перыядычна варта пытацца, як дзiця павяло б сябе ў тым цi iншым выпадку, у гульнявой форме мадэляваць розныя сiтуацыi. Аднак iмкнуцца праверыць на справе, папрасiўшы сваiх знаёмых падыграць, лепш не трэба: гэта можа нанесцi шкоду псiхiцы малога.

Да пэўнага ўзросту (усё вызначаецца iндывiдуальна), пакуль у дзiцяцi нiзкi ўзровень усвядомленасцi сваiх дзеянняў, лепш перыядычна правяраць яго перапiскi ў сацыяльных сетках.

Трэба старацца ўсталяваць з дзiцем даверныя адносiны, каб яно без страху магло падзялiцца ўсiмi падазронымi гiсторыямi.

На ўсялякi выпадак дзiцяцi можна паказаць i адпрацаваць з iм некалькi простых прыёмаў самаабароны. Аднак трэба растлумачыць, што iх можна ўжываць толькi ў крайнiх выпадках. Калi ў дзiцяцi няма схiльнасцi да асацыяльных паводзiнаў, то яго для надання агульнай упэўненасцi ў сабе можна адправiць на курсы самаабароны. Аднак не варта перагiнаць: мы ўсё ж жывём у мiрны час у спакойнай краiне.

I галоўнае — бацькам самiм варта выконваць правiлы бяспекi, прыдуманыя не проста так. Напрыклад, нягледзячы на неабходнасць перавозкi дзяцей да 12 гадоў у спецыялiзаваным аўтакрэсле, многiя бацькi адмаўляюцца прытрымлiвацца гэтага правiла. Як вынiк — значна больш сур'ёзныя, чым маглi б быць, наступствы дарожна-транспартных здарэнняў. Усё ж слоган «Бяспека дзiцяцi — у руках бацькоў» быў прыдуманы нездарма!

Статыстыка:

За кожнай навучальнай установай замацаваны спецыялiст, якi мiнiмум раз у месяц праводзiць прафiлактычныя заняткi з дзецьмi. Асаблiвая ўвага гэтым пытанням надаецца ў пачатку восенi, калi дзецi паступова адаптуюцца да школьнага рэжыму жыцця, i ў канцы вясны, калi яны перастаюць знаходзiцца пад пастаянным кантролем дарослых. Праводзяцца тэматычныя месячнiкi. I вынiкi даюць сябе адчуваць: колькасць злачынстваў, накiраваных супраць непаўналетнiх, за 8 гадоў скарацiлася амаль у 4 разы. Калi ў 2007 годзе iх было 5703, то ў 2015-м — 1589, у тым лiку ў 6 разоў менш стала злачынстваў супраць уласнасцi (крадзяжоў): 615 у параўнаннi з 3588.

Дар'я КАСКО

kasko@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пазакласныя заняткi па правiлах бяспекi

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».