Вы тут

Нарказлачынстваў становiцца менш


Аб гэтым у межах мiжнароднага семiнара «Супрацьдзеянне ўчыненню нарказлачынстваў у iнтэрнэце» заявiў начальнiк галоўнага ўпраўлення па наркакантролi i супрацьдзеяннi гандлю людзьмi Мiнiстэрства ўнутраных спраў Васiль ЛОСIЧ.


На 10% у параўнаннi з тым жа перыядам мiнулага года скарацiлася колькасць крымiнальных спраў, якiя былi ўзбуджаны за ўжыванне i распаўсюджванне наркотыкаў. Акрамя таго, на 30% у сукупнасцi стала менш выпадкаў са смяротным зыходам, выклiканых наркатычнымi i псiхатропнымі рэчывамi, а таксама выпадкаў перадазiроўкi, для выратавання ў вынiку якiх спатрэбiлася спецыялiзаваная медыцынская дапамога.

Як адзначыў Васiль Лосiч, гэта можна растлумачыць дзеяннем Дэкрэта №6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеяннi незаконнаму абароту наркотыкаў». На дадзены момант становiшча ў гэтай сферы стабiлiзаванае. Аднак адной з галоўных праблем застаецца тое, што гандаль наркотыкамi носiць транснацыянальны характар. Акрамя таго, асаблiвасцю гэтага бiзнесу з'яўляецца актыўнае задзейнiчанне сучасных тэхналогiй: iнтэрнэт-здзелкi падмацоўваюцца анлайн-плацяжамi. Нават для перадачы тавару не патрэбны асабiстыя сустрэчы: для гэтага выкарыстоўваюцца схованкi. Тым не менш у праваахоўных органаў Рэспублiкi Беларусь ёсць вопыт эфектыўнай барацьбы з распаўсюджваннем забароненых прэпаратаў праз iнтэрнэт.

На мiжнародным семiнары спецыялiсты з Нiдэрландаў, Iрландыi, Швецыi, Польшчы, Лiтвы, краiн-удзельнiц «Усходняга партнёрства», а таксама прадстаўнiкi МУС i Акадэмii МУС Беларусi абмеркавалi прагрэсiўныя спосабы спынення наркагандлю ў сецiве. Вядучай тэмай стала падрабязнае вывучэнне механiзмаў урэгулявання гэтага пытання на заканадаўчым узроўнi, а таксама праца «пад прыкрыццём» супрацоўнiкаў праваахоўных органаў у iнтэрнэце. Былi прааналiзаваны канкрэтныя прыклады. Кiраўнiк прадстаўнiцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусi Андрэа Вiктарын падкрэслiла, што МУС Беларусi адыгрывае значную ролю як у напрамку iнфармавання, так i ў практычным супрацоўнiцтве ва ўзаемадзеяннi з еўрапейскiмi спецыялiстамi ў сферы барацьбы з наркагандлем.

Дар'я КАСКО

kasko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?