Вы тут

Самыя цікавыя матэрыялы «Звязды» за тыдзень



Я. Лыскавец. «У страі з Зеўсам і Норай...»

(«Чырвонка. Чырвоная змена» ад 15 верасня)

 

— Вельмі ўражвае, якога ўзроўню вывучкі можа дасягнуць сабака, калі яго гаспадар мае адпаведныя навыкі. Не параўнаць з тымі, якія ў гарадскіх скверах гуляюць са сваімі гадаванцамі. Сядзе такі аматар свойскіх жывёл на лаву, закурыць цыгарэтку, а сабака сам па сабе. Ці яшчэ лепшы прыклад — прагулка майго суседа з лабрадорам доўжыцца... секундаў 30. Няцяжка здагадацца, на што гэтага часу хапае беднаму сабаку.

Зусім іншая справа, калі гадаванец для чалавека — сапраўдны сябар. Такія часцей ходзяць не ў скверы, а на спецыяльныя пляцоўкі, бавяць разам час, а не проста суіснуюць. Такі гаспадар і грошай на жывёлу не пашкадуе, і часу свайго, і, прабачце, прыбярэ за сабакам пасля прагулкі. Да гэтых людзей у мяне шчырая павага. А першыя... Ці не ў такім стаўленні да братоў нашых малодшых заключаецца праблема гарадоў з кінутымі жывёламі, якія знаходзяць сабе прытулак на сметніках і ў падвалах?

Тамара, г. Гомель


С. Яскевiч. «Накармiць трох чалавек за 10 рублёў»

(«Звязда» ад 16 верасня)

— Мяне гэтыя нататкi падштурхнулi да сумнаватага роздуму аб рэалiях нашага жыцця. Калi каўбаса з рознымi раслiнна-крупянымi дабаўкамi каштуе два з паловай рублi, i яна запатрабаваная, то нiчога добрага ў тым няма. Такую ежу здаровай не назавеш, а бабуля купляе прадукт для сваiх унукаў!

Вось i грэчка нашмат падаражала, ды i на iншыя прадукты цэны не стаяць на месцы — гэта добра вядома ўсiм, хто штодня ходзiць у краму. Значыць, вучыцца эканомiць давядзецца ў найблiжэйшы час многiм. Адзiн станоўчы момант у акрэсленай сiтуацыi ўсё ж можна адзначыць. Цяпер мы будзем больш гатаваць дома. Апошнiм часам асаблiва маладыя гаспадынi сталi ленавацца варыць-парыць для сям'i. Цяпер можна купiць i салаты, i паўфабрыкаты якiх хочаш страў у любым супермаркеце. Але i танней абыдзецца, i смачнейшым будзе тое, што прыгатуеш з настроем на ўласнай кухнi.

Iрына Саўчук, г. Брэст


I. Сiдарок. «Як зрабiць з хрушчоўкi «цукерку»?

(«Звязда» ад 17 верасня)

— Прыклад перароблiвання кватэры, што апiсаны ў артыкуле, сапраўды ўражвае!.. Такое па сiлах зрабiць толькi майстру i чалавеку з грашыма. Аднак асноўныя моманты, як правiльна арганiзаваць i скарыстаць нават мiнiмальную прастору, думаю, падыдуць кожнаму руплiваму гаспадару, якi дбае пра сваё жыллё i пакутуе ад недахопу месца.

Вось толькi не напiсалi, што пасля такога рамонту трэба новы тэхпаспарт на кватэру выпраўляць ды з усiмi службамi камунальнымi ўзгадняць праекты падчас работ. I ўвогуле, калi сам не разумееш, як трэба, а проста вельмi хочаш менавiта так, як прыдумаў, лепш кансультавацца са спецыялiстамi. Я вось падчас рамонту сэканомiць вырашыў. Каб не раўняць сцяну шпатляваннем, дазволiў гора-майстрам «зашыць» яе гiпсакардонам. Праз пяць гадоў такая цвiль у кутку пайшла, што хоць пенiцылiн збiрай!.. Так што жадаю ўсiм думаць i раiцца, перш чым рабiць.

Уладзiмiр Лявончык, Вiцебская вобласць


І. Крыжэвіч. «Як там, на мытні?»

(«Звязда» ад 20 верасня)

— У мяне ёсць сваяк, ветэран мытнай службы. Таму пра тое, наколькі цяжкая праца мытніка, я ведаю. Вядома, нямала змянілася з савецкіх часоў у лепшы бок. За 25 гадоў існавання ДМК прагрэс адбыўся вельмі прыкметны. Мы сёння маем эфектыўныя прапускныя пункты і высокапрафесійных супрацоўнікаў. Сёння зручна ездзіць праз нашу мяжу ў Польшчу. Не раз сам праязджаў праз «Брузгі» — сапраўды, у мяне няма ніякіх нараканняў у дачыненні да мытных інспектараў. Цікава, наколькі эфектыўным будзе эксперымент, пра які казаў Юрый Сінько?          Не аднойчы чуў ад свайго брата, што ў іх была спецыяльная сістэма, якая аналізуе патэнцыйныя рызыкі адносна шэрагу кіроўцаў. Але яна, сапраўды, не настолькі эфектыўная, як зоркае вока мытнага інспектара. Яшчэ раз са святам вас, ветэраны і супрацоўнікі мытнага камітэта!

Уладзімір Чабатарэнка


Д. Каско. «Як уладкаваць дзiця ў беларускамоўную навучальную ўстанову»

(«Звязда» ад 21 верасня)

— Калi быць шчырай, я раней нават не задумвалася пра тое, што магу выбiраць мову навучання для свайго дзiцяцi. У мяне ў дзяцiнстве найлепшай настаўнiцай роднай мовы i культуры была бабуля. Такога чыстага маўлення, мне здаецца, я не чула нi ад каго, нягледзячы на тое, што яна жыла ў невялiкiм мястэчку. А вось у маiх дзяцей магчымасцi пачуць беларускую мову ў паўсядзённых зносiнах практычна няма, таму якраз-такi навучальныя ўстановы могуць стаць выдатнай пляцоўкай для заглыблення ў моўнае асяроддзе.

Мяне крыху засмуцiў той факт, што нават пры жаданнi трапiць у беларускамоўны садок цi школу не заўсёды так проста. Што значыць «куды чарга прыйдзе — туды i пойдзеш»? Мне здаецца, часы СССР даўно прайшлi. Я нават дзеля цiкавасцi даведалася пра свой раён. Школа з беларускамоўнымi класамi не так далёка, ды i дзiцячы садок у зоне даступнасцi. Думаю, што калi паставiць гэта сабе за мэту, то дзiця можна ўладкаваць менавiта туды, куды зручней. Для тых, хто не гатовы да навучання цалкам на беларускай мове, я прапанавала б арганiзаваць тэматычныя факультатыўныя заняткi ў гульнявой форме.

Вiкторыя Т., Мiнск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».