Вы тут

Мастацтва інтанацыі ў пейзажах Ягора Батальёнка


…Адна з самых вядомых работ Ягора Батальёнка «Райская яблыня» дэманструе, як аўтар сумяшчае рамантычнае і нацыянальнае, як ён цікава падбірае колеры. Мастацтвазнаўцы кажуць, што Батальёнак у гэтай рабоце змог узнавіць вобраз краіны, змог адчуць яго з такой неверагоднай пяшчотнасцю, цеплынёй, якая зрэдку ўласціва мужчынам.


Аўтар належыць да пакалення творцаў, якія асэнсавалі сябе ў кантэксце нацыянальнай культуры, звяртаюцца да родных вобразаў і традыцый. Мастацтва, якое кранае, абуджае пяшчотныя пачуцці і натхняе вобразамі, сімваламі. Менавіта так уздзейнічае на чалавека глыбока-рамантычная творчасць Ягора Батальёнка — мастака, чыё імя ведаюць не толькі ў айчыннай мастацкай прасторы, але і за яе межамі. Сёлета майстар святкуе сямідзесяцігадовы юбілей. Гэта нагода, каб паглыбіцца ў яго творчасць і больш даведацца пра асобу творцы. Дарэчы, яго работы да канца верасня яшчэ можна паспець убачыць у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь на персанальнай выстаўцы.

Ягор Батальёнак не любіць імгненнай працы. Для яго мастацтва — працэс асэнсавання, пранікнення ў цудоўныя з’явы наваколля. Ён ніколі не піша карціну з натуры, доўга выношвае ідэю. І, толькі калі да апошняй дэталі зможа ўявіць карціну, бярэ ў рукі пэндзаль. Такі падыход тлумачыць проста: спрабуе адчуць, злавіць імгненнае святло жыцця, якое так лёгка выслізгвае з-пад увагі. У дзяцінстве мастака не было ні ўрокаў малявання, ні тым больш настаўніка, але было галоўнае — моцная цяга да творчасці, якая ўсе перашкоды адцягнула на задні план. У выніку яго галоўным настаўнікам і натхненнем у мастацтве стала прырода.

Падчас навучання на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педінстытута Ягор Батальёнак быў вучнем знакамітых беларускіх мастакоў — Фелікса Гумена і Івана Сталярова, якія і заклалі ідэю, што свет прыроды — найвялікшая каштоўнасць, падарунак ад Бога. Гэта меркаванне мастак пранёс праз увесь творчы шлях. Ён карыстаўся падказкамі выкладчыкаў, але ж змог адтачыць індывідуальны мастацкі стыль. Напачатку спрабаваў у жанры партрэта, але не прыйшло адчування, што чапляе за душу. А вось пейзаж захапіць змог, і сёння работы мастака ў гэтым жанры вядомыя ў многіх краінах свету. Ён захоўвае на палотнах імгненні памяці, якімі захапляўся з дзяцінства, якія сталі імпульсам, накіраваннем у свет мастацтва.

Па словах Ягора Батальёнка, працаваць над карцінай ніколі не атрымліваецца проста. Кожная дэталь патрабуе вялікай увагі і далікатнага падыходу. Бывае, гадзінамі прадумвае, як правільна паказаць тое ж неба альбо як дабіцца задуманага колеру. Сем патоў сыходзіць. За гады творчасці ў Ягора Батальёнка сфарміравалася ўласная палітра колераў. Пераважаюць цёплыя адценні, якія надаюць твору асаблівы настрой спакою, гармоніі. Аўтар не любіць змрочныя сюжэты і заўсёды пазбягае сумных матываў.

Калісьці пісьменнік Янка Сіпакоў адзначыў, што ў работах Ягора Батальёнка — мудрасць жыцця. Немагчыма не згадзіцца: мудрасць заўважная ў тварах, у ружовых аблоках, у драўляных хатках… Дык гэта ж і ёсць мудрасць аўтара, якая неаднойчы зберагала яго, неаднойчы дапамагала выбраць правільны кірунак.

Мастацтвазнаўца Таццяна Маркавец-Гаранская называе палотны творцы мастацтвам інтанацыі, лічыць, што яны характарызуюцца асабістай музыкальнасцю, пачуццёвасцю. Так можна апісаць і асобу аўтара, яго асаблівае ўспрыманне наваколля, любоў да чалавека і Бога, які стаў важным памочнікам на шляху галоўнай справы жыцця.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».