Вы тут

Як прыватная фірма наводзіць парадак у сталічных пад'ездах


Ужо паўтара месяца жыхары Ленінскага раёна назіраюць за людзьмі ў нязвыклай уніформе, якія з упэўненасцю вычышчаюць месцы агульнага карыстання ў іх дамах. Аказалася, што абавязкі па ўборцы пад'ездаў ад ЖЭУ перайшлі прыватнай клінінгавай кампаніі. Мы пацікавіліся, чым выкліканы гэтыя перамены і пра якія вынікі дзяржаўна-прыватнага «камунальнага» партнёрства ўжо можна гаварыць?


Якія паслугі можна атрымаць за 53 капейкі?

Сёлета ў ліпені была праведзена працэдура па выбары падраднай арганізацыі, якая гатова была займацца санітарным утрыманнем дапаможных памяшканняў жыллёвага фонду ў Ленінскім раёне. У тэндары прынялі ўдзел 4 ЖЭУ і прыватная клінінгавая кампанія. Галоўным крытэрыем выбару быў ніжэйшы адносна канкурэнтаў кошт паслуг. Максімальная сума за год, на якую гатовыя былі пагадзіцца прадстаўнікі ЖКГ — 1 мільён 150 тысяч дэнамінаваных рублёў (ці 11,5 мільярда рублёў на старыя грошы).

Найбольш выгадныя ўмовы прапанавала клінінгавая кампанія — 870 тысяч рублёў (8,7 мільярда), такім чынам сэканомленыя 278 тысяч (2,78 мільярда) застаюцца ў насельніцтва. Як нам растлумачыла намеснік дырэктара па добраўпарадкаванні і санітарным утрыманні жыллёвага фонду ЖКГ Ленінскага раёна Анастасія ВАРАБ'ЁВА, максімальная сума была разлічаная, зыходзячы з Указа Прэзідэнта №107 «Аб аплаце жыллёва-камунальных паслуг, што аказваюцца насельніцтву». У ім гаворыцца пра тое, што кошт утрымання дапаможных памяшканняў, інакш кажучы пад'ездаў, не павінен перавышаць 53 капеек (5 300 рублёў) з аднаго жыхара. Паняцце «ўтрыманне» ўключае ў сябе не толькі ўборку, але і дэзынфекцыю і дэратызацыю (комплексныя меры па прафілактыцы з'яўлення і знішчэнні грызуноў), так што суму ў 53 капейкі яшчэ прыйдзецца падзяліць.

Першага жніўня кампанія прыступіла да выканання сваіх абавязкаў, да якіх адносіцца сухая і вільготная ўборка пад'езда і ліфта, калі ён ёсць, ачыстка дошак аб'яваў, абслугоўванне смеццепрыёмных камер. На сайце ЖКГ ёсць падрабязная інфармацыя для насельніцтва на гэту тэму, акрамя таго загадзя па ўсім раёне былі развешаны аб'явы, якія паведамлялі жыхарам пра змены. Зваротная рэакцыя не прымусіла сябе доўга чакаць: жыльцы жыва зацікавіліся новаўвядзеннем. Цяпер у кожным пад'ездзе вывешаны графік правядзення розных тыпаў уборкі, таму прасачыць за яе выкананнем стала значна прасцей. Акрамя таго, работнікаў кантралююць адразу ў трохбаковым парадку: самі жыхары, прадстаўнікі ЖКГ і непасрэдна кампанія-наймальнік. Пасля завяршэння работы прыбіральшчык павінен атрымаць у любога паўналетняга жыхара пад'езда подпіс, які пацвярджае тое, што ён сапраўды выканаў свае абавязкі.

На варце чысціні

Нягледзячы на, здавалася б, дзейсную сістэму, па словах Анастасіі Вараб'ёвай, на пачатковым этапе прыйшлося сутыкнуцца з мноствам цяжкасцяў. «Людзям здаецца, што калі за ўборку ўзяўся іншы падрадчык, то ўсё павінна ўмомант і кардынальным чынам змяніцца. Вядома, гэта немагчыма. Ёсць усталяваная перыядычнасць выканання тых ці іншых работ, напрыклад, вільготная ўборка праводзіцца 2 разы на месяц, а сухая (з дапамогай веніка) два разы на тыдзень, дошка аб'яў чысціцца раз у тыдзень, а мыццё вокнаў праводзіцца наогул два разы на год. Да таго ж па віне жыхароў могуць адбыцца непрадбачаныя сітуацыі, з-за якіх можа скласціся няправільнае ўражанне. Калі хтосьці лічыць, што такі аб'ём уборкі недастатковы, ён можа пашырыць комплекс паслуг, вядома ж, за дадатковую плату. Але да гэтага часцей за ўсё не даходзіць», — тлумачыць Анастасія.

— У гэтым выпадку жыхароў усхвалявала навіна пра тое, што ўборкай будзе займацца прыватная кампанія, таму яны сталі значна больш пільна сачыць за чысцінёй у пад'ездах. І на нас, і на кампанію абрынуўся сапраўдны шквал званкоў, — працягвае спецыяліст. — У самой кампаніі ўжо адбылося павелічэнне колькасці тэлефонных ліній з дзвюх да чатырох. У бліжэйшы час плануецца ўвядзенне функцыі, якая дазволіць даведацца чаргу вашага званка. Такая тэхналогія ўжываецца на адзіным нумары 115. Дарэчы, кантакт-цэнтр ЖКГ за гэты перыяд таксама атрымаў нямала зваротаў, звязаных з уборкай пад'ездаў. Гэтыя пытанні яны пасля перанакіроўвалі на ЖЭСы, якія, у сваю чаргу, ужо звярталіся непасрэдна да клінінгавай кампаніі. У хуткім часе гэты працэс будзе спрошчаны, і заяўкі напрамую будуць трапляць выканаўцам.

Многія дзівяцца: чаму ў нас не спыталі? Аднак згодна з ускладзенымі на яго функцыямі, КУП «ЖКГ» можа прымаць такія рашэнні, не параіўшыся з жыхарамі. Дарэчы, указам 535 «Аб прадастаўленні жыллёва-камунальных паслуг» устаноўлена, што жыхары могуць самі займацца ўборкай, аднак гэта павінна адбывацца на самай справе, а не фармальна. Гэтак жа сама складаецца графік, кантралюецца якасць работы, калі яна нездавальняючая, адбываецца зварот да паслуг спецыялізаваных работнікаў. Да таго ж, каб перайсці на самастойную ўборку пад'ездаў, трэба атрымаць згоду 100 працэнтаў жыхароў. Як правіла, такой аднагалоснасці няма ніколі.

Уборка пад'ездаў — гэта далёка не адзіны від паслуг, выбар падрадчыкаў для якіх ажыццяўляецца на конкурснай аснове. Па гэтай жа сістэме адбываецца, напрыклад, догляд дваровых тэрыторый, абрэзка дрэў, пакос травы. Цяпер вядзецца пошук адзінага аператара для абыходжання з адходамі, які займаўся б усімі відамі адпаведных работ.

Як падкрэсліла Анастасія, у бліжэйшы час ажыятаж вакол уборкі пад'ездаў павінен значна зменшыцца. «Адназначна, не стала горш. Аднак па выніках жніўня клінінгавая кампанія атрымала толькі крыху больш за 50 працэнтаў сумы, якая агаворвалася, бо не былі выкананы ўсе ўмовы. Гэта можна растлумачыць перыядам асваення, думаю, у верасні вынікі будуць іншымі», — выказалася спецыяліст.

Самае складанае — работа з людзьмі

Каб мець поўнае ўяўленне аб сітуацыі, мы вырашылі пагаварыць з дырэктарам той самай клінінгавай кампаніі ТДА «Клінінг-Плюс» Віталём САБАЛЕЎСКІМ. Як аказалася, для іх гэта першы вопыт работы ў такой сферы, да гэтага фірма займалася абслугоўваннем адміністрацыйных будынкаў. Супрацоўнікі кампаніі нават не маглі ўявіць, наколькі моцна ад гэтага адрозніваецца работа ў жылым фондзе. «Жыхары ўспрымаюць усё вельмі асабіста. Пад'езд — гэта ўжо частка дома, таму тэрміны ліквідацыі праблем значна сціскаюцца. Калі ў офісе ўсе пройдуць міма пылу на лесвіцы і нават не заўважаць, то ў доме не толькі звярнуць на яго ўвагу, але і адразу ж сядуць на тэлефон — разбірацца, — расказвае Віталь. — Таму першы час падстроіцца пад такі рэжым было дастаткова цяжка. Да таго ж узнікала мноства дробных праблем, якія вельмі перашкаджалі рабоце: пачынаючы ад таго, дзе браць ваду, і заканчваючы тым, як патрапіць у пад'езд. Хочацца адзначыць істотную падтрымку супрацоўнікаў ЖКГ, якія дапамагалі адаптавацца ў новых умовах».

— На мой погляд, толькі такая тэндарная сістэма і мае права на існаванне, — лічыць Віталь Сабалеўскі. — Здаровая канкурэнцыя дазваляе адначасова знізіць кошт і павысіць якасць паслуг. Мы заключылі дагавор на год. Мне, як бізнесмену, такая мадэль не надта зручная: за гэты перыяд мы паспеем толькі-толькі асвойтацца ў гэтай сферы. Аптымальны перыяд — 3 гады, бо дагавор тэрмінам на 5 гадоў можа прывесці да таго, што выканаўца «расслабіцца» і якасць паслуг зноў знізіцца.

Пашыраць сферу дзейнасці або пераходзіць на іншыя раёны кампанія пакуль не гатовая. Аднак у тэндарах працягвае ўдзельнічаць: для маніторынгу рынку канкурэнцыя, дарэчы, тут даволі высокая.

«Я не магу сказаць, што якасць чымсьці адрозніваецца. Вы ж разумееце, што гэты агульны пакет прадугледжвае мінімальны комплекс паслуг, таму не варта чакаць чысціні, як у кватэры. Мы бяром больш нізкім коштам і для многіх цяпер гэта галоўнае. Магчыма, у нас крыху больш высокія патрабаванні да работнікаў, стараемся пазбягаць, так скажам, сацыяльна нестабільных людзей. У жніўні была даволі моцная цякучка кадраў, паколькі многія не чакалі, што аб'ём работы будзе немаленькім, — дзеліцца Віталь.

Суразмоўца адзначае, што прыклад у працы бяруць з еўрапейскіх і амерыканскіх калег. Віталь нават асабіста працаваў за мяжой, у тым ліку і займаўся ўборкай, так што пра спецыфіку работы ведае не па чутках. Аднак у сферы абслугоўвання жылога фонду арыентавацца на іншыя краіны даволі няпроста, бо істотна адрозніваюцца найбольш распаўсюджаныя формы ўласнасці. Напрыканцы дырэктар кампаніі выказвае думку, што змены ў сферы ЖКГ неабходныя і тая работа, якая цяпер праводзіцца, безумоўна, мяняе сітуацыю ў лепшы бок.

Кілімок як яблык разладу

Адпраўляемся на месца дзеянняў — у пад'езд у перыяд уборкі. Нас вітае ўсмешлівая жанчына — гэта яе «фронт работы». Вера Коўцік прыйшла ў кампанію ў сярэдзіне жніўня, да гэтага займалася ўборкай тэнісных кортаў. Працай задаволеная: цяпер ёй часта даводзіцца чуць словы ўдзячнасці ад ветлівых жыхароў. На незвычайную форму — фартух светлага колеру — звяртаюць увагу, цікавяцца: «Вы новенькая?» А таварыская Вера сама пускаецца ў тлумачэнні, маўляў, я прадстаўляю клінінгавую кампанію, у мае абавязкі ўваходзіць гэта і гэта. Вось і падчас нашай гутаркі да яе звяртаецца пажылы мужчына з пытаннем: «Вы ў нас цяпер будзеце прыбіраць?» На што яго жонка, не чакаючы адказу ад Веры, тлумачыць: «Так, усё цяпер па-новаму. Гэта прыватная фірма. Слова яшчэ такое незвычайнае — клінінгавая».

Такая цікавасць не выпадковая. Уборка праходзіць ва ўжо далёка не новай пяціпавярхоўцы, дзе ўсе адно аднаго ведаюць амаль паўстагоддзя, тут кожная падзея — навідавоку. «Людзі ва ўзросце спуску не даюць. Сказваецца савецкая загартоўка», — дзеліцца Вера. Вось і цяпер да сваёй кватэры на трэці паверх работніцу кліча бабуля, якая, пакуль падняліся за ёй, паспявае расказаць пра сваё жыццё. «У мяне пад кілімком не прыбрана. Гэта ўсё суседка туды накідае. Кватаранты...» — скардзіцца пажылая жанчына. Вера спакойна прыбірае, хоць у яе абавязкі гэта і не ўваходзіць. Часам прасцей прамаўчаць. Дарэчы, гэта не адзіная праблема, звязаная са згаданым прадметам інтэр'еру. Некаторыя на поўным сур'ёзе абураюцца, а потым скардзяцца, што іх кілімок перад уваходнымі дзвярыма ў працэсе ўборкі быў ссунуты. Вось ужо сапраўды спецыфіка працы!

Дарэчы:

Ленінскі раён не адзіны, у якім адбыліся такія змены. У бліжэйшы час «уборка на конкурснай аснове» ахопіць усю сталіцу.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Уборка на конкурснай аснове

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Без памылак нельга рухацца наперад, або Чаму попыт i прапанова пакуль не заўсёды супадаюць

Без памылак нельга рухацца наперад, або Чаму попыт i прапанова пакуль не заўсёды супадаюць

Давайце разам прыгадаем свае першыя крокi ў школе. Што кажа дзецям настаўнiк?

Спорт

Кiнуць выклiк лёсу. Чым жыве паралiмпiйскi спорт у Беларусi

Кiнуць выклiк лёсу. Чым жыве паралiмпiйскi спорт у Беларусi

Як беларусы рыхтуюцца да галоўных стартаў i як развiваецца паралiмпiйскi рух.

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў.