Вы тут

Мінпрацы і сацабароны: сітуацыя з занятасцю паляпшаецца


Сітуацыя на рынку працы паляпшаецца: каб прыцягнуць добрых спецыялістаў, наймальнікі павінны будуць ім больш плаціць.

Чацвёрты месяц запар зніжаецца колькасць беспрацоўных. З мая людзей, якія стаяць на ўліку ў службах занятасці, паменшала на 11 тысяч (на 21 працэнт). Затое вакансій прыбавілася: плюс 2,6 тысячы ў параўнанні з пачаткам лета. Гэты верасень прапануе на траціну больш свабодных месцаў, чым было год таму.


Ажыўленне ў прамысловасці і будаўніцтве

Чаму сітуацыя з занятасцю стала паляпшацца?

— Прычын шмат. Гэта і сезонная актыўнасць, і пэўная стабілізацыя эканомікі, і ўвядзенне новых працоўных месцаў, — пералічвае начальнік упраўлення палітыкі занятасці Мінпрацы і сацабароны Алег ТОКУН.

Так, вырасла колькасць вакансій у сельскай гаспадарцы, што было звязана з гарачай парой уборкі ўраджаю, але бачна і пэўнае ажыўленне ў прамысловасці і будаўніцтве ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Стала больш месцаў па рабочых прафесіях — амаль 54 працэнты ад усіх прапаноў.

Што да новых працоўных месцаў, то за паўгода на такія вакансіі ўладкаваліся 34,5 тысячы чалавек. З іх 19,5 тысячы — за кошт стварэння новых прадпрыемстваў. Адметна, што плацяць на гэтых вакансіях прыкладна ў 1,3 раза больш, чым у сярэднім па краіне. Так, на новых месцах у транспартнай дзейнасці заробак складае 997 рублёў, у той час калі ў сярэднім у гэтай галіне — 794. А работнікі інфармацыі і сувязі, якія працуюць на створаных сёлета прадпрыемствах, атрымліваюць на тысячу рублёў больш, чым іх сярэднестатыстычныя калегі.

Найбольш актыўна новымі месцамі прырастае сфера паслуг: больш за палову створаных вакансій з'явілася менавіта там.

Вахцёры ў раёне непатрэбны

Калі глядзець па рэгіёнах, то карцінка розная. Напрыклад, для Іванаўскага раёна тэндэнцыя росту вакансій не характэрна. «У нас традыцыйна высокая напружанасць на рынку працы», — кажуць ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацабароне мясцовага райвыканкама.

У Ашмянскім жа раёне ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя знізіўся з 1,2 працэнта ў чэрвені да 0,8 працэнта ў верасні, паведаміла першы намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама Анастасія СУРГАН. А колькасць свабодных месцаў за гэты ж перыяд вырасла на 14 працэнтаў. Цяпер прапаноў стала больш, чым саіскальнікаў, — на адну вакансію прэтэндуе 0,8 чалавека. Памер заробкаў, якія абяцаюць на свабодных месцах, вагаецца ад 240 да 550 рублёў.

У Оршы павялічыўся попыт на кваліфікаваных спецыялістаў.

— Шукаюць урачоў, інжынераў, эканамістаў. З'яўляюцца таксама месцы слесараў, токараў, швачак, электраманцёраў, — адзначае намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацабароне Аршанскага райвыканкама Наталля ДРАЗДОВА.

А вось вакансій некваліфікаванай працы ў раёне практычна няма. Прыбіральшчыцы, дворнікі, вартаўнікі і вахцёры незапатрабаваныя.

У цэлым, калі ў маі ў Оршы і ваколіцах налічвалася 263 вакансіі, то ў верасні ўжо — каля 300. Напружанасць на рэгіянальным рынку за гэты перыяд упала з 3,2 беспрацоўнага на месца да 2,6.

Працаваць за капейкі ўжо не хочуць

У сталіцы большае прапаноў для топ-менеджараў, дырэктараў кампаній у сферы продажаў і фінансаў.

— Увогуле па ўсіх вакансіях назіраецца павялічэнне попыту, — заўважае дырэктар кансалтынгавай кампаніі «Квадрат» Святлана КАРАСЦЯЛЁВА, якая займаецца падборам офісных работнікаў. — Так, нядаўна нас прасілі знайсці 25—30 спецыялістаў па продажах з веданнем англійскай мовы ў кол-цэнтр (яны будуць займацца тэлефоннымі продажамі фінансавых паслуг).

Сярод прычын павышэння актыўнасці на рынку эксперт адзначае звычайны сезонны попыт (многія вярнуліся з адпачынкаў) і паляпшэнне сітуацыі ў эканоміцы.

— У Расіі апошнія тры месяцы нашы калегі (спецыялісты па падбору персаналу. — Аўт.) нарэшце працуюць у «нуль». Дагэтуль паўтара года ў мінус сыходзілі. Спачатку ў Расіі стала павялічвацца колькасць вакансій, цяпер гэтая хваля дакацілася і да нас, — дзеліцца назіраннямі Святлана Карасцялёва.

Назіраецца і паступовае павышэнне заробкаў. Але пакуль працадаўцы не спяшаюцца плаціць значна больш.

— Хоць ужо час, — упэўнена эксперт. — Таму што колькасць вакансій расце, а прэтэндэнтаў меншае. Хутка будзе выбіраць саіскальнік. Працадаўцам спатрэбіцца некалькі месяцаў, каб зразумець гэта і прыняць новыя ўмовы. Яны вымушаны будуць павялічыць заробкі, каб прыцягнуць добрых спецыялістаў.

Калі напачатку гэтага года людзі гатовы былі хапацца за любую работу, не звяртаючы ўвагі на заробак, то цяпер знайсці ахвотных працаваць за капейкі немагчыма. Святлана Карасцялёва кажа, што некаторым наймальнікам, якія шукаюць спецыялістаў танней, даводзіцца адмаўляць. Так, пасадай менеджара па продажах з заробкам у 450 рублёў саіскальніка ўжо не зацікавіш. Ці нядаўна шукалі прадаўцоў у сталічную краму бытавой тэхнікі: аклад — 230 рублёў, з прэміяй і дадатковымі даплатамі — 350 рублёў набягае. На пасаду было патрэбна 10 чалавек, яшчэ і з вопытам у гэтай сферы. Рэкруцёры за такое заданне нават не ўзяліся.

Ці працягнецца тэндэнцыя росту колькасці вакансій да канца года?

— Па нашых прагнозах, так, — гаворыць Алег Токун. — Мы пакуль не бачым негатыўных тэндэнцый, каб сітуацыя пагоршылася. На рынку ўстанавілася раўнавага.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».