Вы тут

Чым здзівіць слухача радыё "Беларусь"?


Ад 1 верасня ў эфіры гэтай міжнароднай станцыі пачалі гучаць некалькі новых праектаў. Неўзабаве сетка вяшчання папоўніцца і цікавымі інтэрактыўнымі віктарынамі. Якімі ж? Пра гэта на адмысловай прэзентацыі ў мінскім Доме сяброўства распавялі самі супрацоўнікі радыёстанцыі.


- Напачатку кожнага сезона мы імкнемся прыдумаць нешта новае. Раней мы асвойвалі новую мову вяшчання, павялічвалі колькасць эфірных гадзін. Так, сёлета нашы перадачы сталі гучаць часцей на кітайскай мове. Але нельга цяпер гуляць "у адны вароты". Трэба адчуваць аддачу і ад слухачоў, якія хочуць больш даведацца пра нашу краіну. У мінулым сезоне мы паспрабавалі правесці першую інтэрактыўную акцыю - конкурс сэлфі "Прывітанне, Беларусь!", - гаворыць галоўны дырэктар радыё "Беларусь" Навум Гальпяровіч. - Былі здзіўлены пасля таго, як атрымалі больш за 300 тысяч водгукаў з 18 краін! Сёлета ж для слухачоў з замежжа мы падрыхтавалі дзве віктарыны. Конкурс "#clickBELARUS" будзе праводзіцца на нашым сайце - radiobelarus.tvr.by. Там мы будзем публікаваць фотаздымак пэўнай беларускай славутасці і прапануем слухачам угадаць, што ж гэта за аб'ект ці персона. Не абышлі мы ўвагай і 500-гадовы юбілей беларускага кнігадрукавання. Пытанні пра яго і Францыска Скарыну стануць тэмай яшчэ адной віктарыны.

Шмат увагі радыё "Беларусь" надзяляе кітайскай аўдыторыі. Як зазначылі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, яно першым са сродкаў масавай інфармацыі краіны выйшла ў кітайскую сацыяльную сетку WeChat. Таксама на кітайскай мове выходзіць новая праграма "Наш сябар - Беларусь", дзе слухачы змогуць даведацца пра разнастайныя сферы жыцця краіны - культуру, палітыку, эканоміку і спорт.

Сярод іншых новых праектаў радыёстанцыі - інфармацыйна-аналітычная праграма аб знешняй палітыцы "Беларусь між народамі", праграма ў выглядзе аўтарскіх каментарыяў на тэму будаўніцтва Саюзнай дзяржавы " У кантэксце супрацоўніцтва". Яшчэ адзін інфармацыйна-аналітычны праект пад назвай "Беларусь у глабальнай палітыцы" прысвечаны інтэграцыйнай палітыцы Беларусі ў межах СНД, ЕАЭС і ШАС.

Сябруе з радыё "Беларусь" і Выдавецкі дом "Звязда". На пляцоўцы zviazda.by створаны адмысловы праект - "Радыё Беларусь на сайце "Звязды". Там змяшчаюцца выбраныя радыёперадачы з цыклу "Зямля, што нам дадзена лёсам", у якіх расповед ідзе пра дзеячоў беларускай культуры, а таксама эсэ да конкурсу "Шоўкавы шлях і індустрыяльны парк “Вялікі камень “ маімі вачыма на Радыё “Беларусь”, скіраванага на прасоўванне ў сусветнай медыяпрасторы беларуска-кітайскага стратэгічнага партнёрства.

Некаторыя праграмы радыё "Беларусь" працягнуць гучаць на хвалях нямецкага "Радыё-700" і польскай станцыі "Артадоксія".

Валяр'ян ШКЛЕННІК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».