Вы тут

Юлія Палушкіна: «Мне падабаецца ўпрыгожваць людзей»


Нехта пляце мандалы (абярэгі ў форме круга), нехта расфарбоўвае, а маладая мама Юлія Палушкіна з Брэста малюе іх хной на целе.

Упершыню я ўбачыла Юлю на фестывалі трэнінгаў «Лёгкае жыццё». Яна там праводзіла майстар-клас па мехендзі. Трэба было бачыць, якія шчаслівыя выходзілі пасля яго дзеці і іх мамы. Праз нейкі час мы сустрэліся з Юляй у Брэсце і пагаварылі пра хну, мехендзі і цуды, якія робіць з людзьмі дэкрэтны водпуск.


Хна на це­ла на­но­сіц­ца не пэнд­злі­кам,  а вы­ціс­ка­ец­ца не­па­срэд­на з цю­бі­ка.

— Юля, раскажы, адкуль ты даведалася пра мехендзі?

— Некалькі гадоў таму я, як рамеснік, паехала прадаваць свае вырабы на кірмаш у Віцебск. Непадалёку ад мяне дзяўчына малявала хной. Я доўга назірала за тым, як яна гэта робіць. А потым падышла і папрасіла намаляваць што-небудзь і мне. Майстар па мехендзі ўбачыла маю шчырую зацікаўленасць і на развітанне падарыла цюбік з фарбай. Натхнёная, я прыехала дадому і пачала актыўна вучыцца. Малявала на сабе, на маме, на сяброўках. І так захапілася, што дагэтуль не магу спыніцца (смяецца). Мне вельмі падабаецца ўпрыгожваць людзей.

— А фарба, якой наносіцца малюнак, не шкодная?

— Не, хна валодае гаючымі ўласцівасцямі і карысная для скуры. Але я маю на ўвазе натуральную — карычневую, якой аддаю перавагу. Некаторыя дзяўчаты просяць намаляваць мехендзі чорнай фарбай, каб гэта выглядала, як тату. Тлумачу ім, што чорная, бардовая, сіняя хна — гэта відавочна хімічныя сумесі.

Па магчымасці стараюся рабіць фарбу сама. Бо ў прывазных цюбіках, што прадаюцца ў краме індыйскіх тавараў, усё ж такі ўтрымліваюцца кансерванты. Іх дадаюць, каб фарба даўжэй захоўвалася. Самаробная ж цалкам натуральная: там няма нічога, акрамя парашку хны, соку лімона і эфірнага алею. Праўда, тут ёсць свае нязручнасці: уласнаручна прыгатаваная фарба захоўваецца толькі тры дні.

— І як доўга малюнак застаецца на скуры?

— У ідэале перад тым, як наносіць хну, трэба, каб чалавек добра памыўся. І пажадана з пілінгам, тады малюнак будзе трымацца два тыдні. Праўда, трэба на гэты час выключыць лазні, саўны. У басейн таксама не раю хадзіць, бо хлорка раз'ядае малюнак. Вадой мыцца можна, але пры гэтым не варта моцна націрацца мачалкай, мыючымі сродкамі. Перад тым, як прыняць душ, лепш змазаць малюнак любым раслінным алеем (какосавым, сланечнікавым, аліўкавым).

 

— А адкуль пайшло мастацтва распісваць сябе?

— Усе думаюць што з Індыі, але насамрэч роспіс хной быў вядомы яшчэ са Старажытнага Егіпта. Егіпцяне разводзілі хну з вадой і абмазваліся гэтай сумессю. Хна валодае ахаладжальным эфектам, таму ім было камфортна хадзіць па пустынях. Пасля, напэўна, жанчыны (на тое яны і жанчыны) скемілі, што абмазвацца таксама можна прыгожа (усміхаецца). Сёння мехендзі распаўсюджана ў арабскіх краінах, Індыі, Малайзіі.

— Што ты звычайна малюеш?

— Я магу намаляваць усё, але аддаю перавагу ўсходнім матывам. Узоры, кветкі, сцёблы, лісце — гэта арабскі стыль. Больш за ўсё мне даспадобы кветкі. Хоць, вядома, малюю і яшчарак, і руны, і іерогліфы, бо выбар малюнка залежыць ад чалавека.

Бе­ла­рус­кія дзяў­ча­ты лю­бяць ся­бе ўпры­гож­ваць.

— Нядаўна каляжанка расказала гісторыю пра мужчыну, які набыў кашулю з арнаментам. Хадзіў, усім выхваляўся. Пакуль нехта яму не сказаў: «Што ты выхваляешся, у цябе ж на пузе сімвал цяжарнасці...»

— Калі браць індыйскі роспіс, то там да сэнсу ўзораў падыходзяць сур'ёзна, кожная завітушка нешта значыць. У нас жа дзяўчаты проста любяць сябе ўпрыгожваць. Дарэчы, што тычыцца цяжарнасці, то ў Індыі амаль перад самымі родамі жанчыне размалёўваюць ногі, рукі і жывот. На жываце малююць, як правіла, Бога мудрасці — Ганеша. Лічыцца, што ён абароніць будучую маму, і роды пройдуць паспяхова. Да мяне таксама звяртаюцца цяжарныя, праўда, упрыгожваюць жывоцікі яны, як правіла, для фотасесій...

— Мая сяброўка выйшла замуж за індуса. З яе слоў ведаю, што там дзяўчат таксама расфарбоўваюць хной напярэдадні вяселля.

— Так, у Індыі нявестам цалкам размалёўваюць рукі па локаць і ногі па калена. Прычым нават у самім працэсе шмат сакральнага. Перад вяселлем у нявесты дома збіраюцца самыя блізкія замужнія сяброўкі і ўсе разам малююць. Пры гэтым кожная дзеліцца сакрэтамі сямейнага жыцця. І чым больш узораў, тым больш змогуць расказаць. Хну, якая застаецца ў цюбіках, яны закопваюць — каб муж не гуляў. Прычым, пакуль на руках маладой жонкі мехендзі, яна нічога не робіць дома. Таму малюнак вельмі берагуць. Ну і з-за асаблівасцяў клімату дзяўчаты там носяць узоры вельмі доўга, 3-4 тыдні. Лічы, амаль увесь мядовы месяц.

Завушніцы па матывах мехендзі

— Юля, ты напачатку размовы сказала, што займаешся рамесніцтвам. Можна пра гэта падрабязней?

— Так, я раблю біжутэрыю. Дарэчы, менавіта хна мяне натхніла на стварэнне завушніц, якія зараз на мне (паказвае). Драўляныя нарыхтоўкі я распісвала ўсходнімі ўзорамі, а потым пакрывала эпаксіднай смалой. Вырабам упрыгажэнняў я займаюся даўно. Пачалося ўсё з таго, што мама, калі я яшчэ ў школе вучылася, падарыла мне кнігу па біжутэрыі. Там былі выявы ўсемагчымых кручочкаў, заклёпачак... У той час у нас у Брэсце штосьці падобнае нерэальна было набыць. Я тую кніжку зачытала да дзірак. Усё чакала моманту, калі ў мяне ўсё гэта з'явіцца. Мара споўнілася, калі я ўжо была ў дэкрэце. Інтэрнэт тады толькі пачынаў развівацца. Я зарэгістравалася ў сацыяльных сетках, дзе натрапіла на інтэрнэт-краму з рознымі кручочкамі ды заклёпачкамі. Ну і панеслася... Рабіла завушніцы ды пацеркі з вязаных шарыкаў, рознакаляровых пярынак, бісеру... Сяброўкам нешта дарыла, сама насіла. А пасля вырашыла паўдзельнічаць у выстаўцы вырабаў ручной працы, якую праводзіў наш форум «Мамы Брэста». Памятаю, я так рыхтавалася! Але ў выніку мала што прадала. Пасля сяброўка папрасіла, каб я сабрала ўсе свае вырабы ў скрыначку. Занесла іх да сябе на работу, проста паказала. У выніку — усё разабралі. Я зразумела: тое, што я раблю, камусьці трэба. Зарэгістравалася як рамеснік і пачала займацца вырабам упрыгажэнняў сур'ёзна.

Сын Юлі, Рас­ці­слаў, так­са­ма вель­мі лю­біць ма­ля­ваць.  Праў­да, не кве­тач­кі ды ман­да­лы, як ма­ма, а ро­ба­таў і ма­шын­кі.

— Атрымліваецца, дэкрэтны адпачынак цалкам змяніў тваё жыццё?

— Так, менавіта пасля нараджэння сына, у мяне з'явілася больш часу для творчасці. Я не веру, калі кажуць, што яго не хапае. Калі захочаш знайсці, то знойдзеш. Я, напрыклад, тварыла, пакуль сын спаў. А як крыху падрос, рассцілала на вуліцы плед, дзе ён гуляў з ніткамі, а сама ў гэты час побач вязала ды вышывала. Дарэчы, Росцік мяне вельмі моцна натхняў. Дзякуючы яму я навучылася рабіць развіваючыя цацкі. Напрыклад, брала звычайны дзіцячы кубік і абвязвала яго рознакаляровымі ніткамі, прышывала гузікі. І для мяне нешта новенькае, і сын задаволены. Сядзім пасля, лічым гузікі ды вывучаем колеры. Больш за тое, такая цацка выдатна развівае маторыку. Таксама я вязала маленькіх звяркоў на кожны пальчык. І ў нас дома быў свой самадзейны пальчыкавы тэатр. Ведаеш, дэкрэт — цудоўная магчымасць для перазагрузкі, для таго, каб спыніцца, разгледзець у сабе нешта, зразумець, ці так ты жывеш.

— Пасля таго як Росціку споўнілася 3 годзікі, табе не захацелася выйсці на работу?

— Так супала, што калі прыйшоў час выходзіць з дэкрэтнага водпуску, крызіс быў у разгары. Прыватная кампанія, дзе я працавала архітэктарам, закрылася. На той момант мае былыя аднакурснікі, штодзень ходзячы ў офіс, зараблялі столькі ж, колькі я, прадаючы тое, што рабіла сваімі рукамі. Больш за тое, яшчэ да дэкрэтнага водпуску я зразумела, што праца архітэктара — не зусім маё. Даводзілася па 8 гадзін у дзень сядзець у кабінеце, займацца тыповымі праектамі. Мне было сумна, творчасці не хапала. Таму я рада, што прыслухалася да сябе і не збочыла з выбранага шляху. Цяпер працягваю рабіць біжутэрыю на заказ. А з мінулага года пачала шыць. Кожны шывок прыносіць мне задавальненне, таму зараз актыўна чытаю кніжкі, разбіраюся самастойна ва ўсіх швейных прамудрасцях. Пакуль шыю для сябе, для сына. Нават касцюм для выступлення на ўсходнія танцы, якімі займаюся, стварыла сама. Спрабую розныя фасоны. Хацелася б быць не проста швачкай, а самавыяўляцца як дызайнер.

— А як бацькі паставіліся да твайго рашэння не выходзіць на работу?

— Спачатку перажывалі. Маўляў, як гэта ты не будзеш хадзіць на работу? А цяпер, калі ўбачылі, што я займаюся тым, да чаго ляжыць душа, і ў мяне атрымліваецца, ганарацца мной. Мама, дарэчы, мой самы адданы кліент. Пастаянна носіць упрыгажэнні, зробленыя маімі рукамі. Любіць, калі я ёй малюю хной. Трэба сёння, дарэчы, прыйсці і намаляваць. А то зноў будзе крыўдзіцца, маўляў «ну вось, усім малюеш, а мне не».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Фота з асабістага архіва гераіні

Загаловак у газеце: «Мне падабаецца ўпрыгожваць людзей»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.