Вы тут

У Мінску з'явілася шляхецкая школа


Першы ўрок шляхецкай школкі адбыўся ва ўтульнай бібліятэцы грэка-каталіцкага Цэнтра Праведнага Язэпа, што па адрасе Арджанікідзэ, 6. У зале сабралася больш за дзясятак дзетак рознага ўзросту, каб даведацца пра традыцыі продкаў, навучыцца танцам і песням у духу галантнага шляхецкага грамадства і далучыцца да культуры XІX стагоддзя.


Ідэя стварэння першай у Беларусі школы такога кшталту ўзнікла не на роўным месцы. «Ужо на працягу двух гадоў мы праводзім шляхецкія салоны для дарослых, — расказвае айцец Аляксандр Шыбека. — Аднак на пачатку XІX стагоддзя таксама былі папулярнымі балі для дзетак. Малыя сустракаліся, вывучалі розныя танцы, шляхецкія манеры, традыцыі. Так у нас з'явілася думка зрабіць нешта падобнае для сучасных дзетак. Сэрца чалавечае не можа быць пустым, яго чымсьці трэба напаўняць. У час тэхнікі і інтэрнэту малыя, якія толькі пачынаюць пазнаваць свет, сутыкаюцца са шкоднымі рэчамі, губляюць навыкі камунікавання з людзьмі і не ўмеюць крытычна мысліць. Мы прапануем іншы варыянт духоўнага напаўнення. Насамрэч, стварэнне шляхецкай школкі не толькі згадка аб мінулым. Гэта спроба духоўнай дапамогі па выхаванні дзяцей у лепшых сямейных традыцыях».

Сустрэчы ў школцы будуць праходзіць раз на тыдзень па суботах а 17 гадзіне на бясплатнай аснове. Пакуль арганізатары плануюць чаргаваць кожны тыдзень урокі па танцах і спевах. Фармат школы прадугледжвае заняткі для дзетак 5-10 гадоў. Пакуль малыя будуць займацца, бацькі змогуць абмеркаваць свае праблемы ці падзяліцца радасцямі.

Пра цікавінкі, якія чакаюць на занятках у шляхецкай школцы для дзетак, расказала валанцёрка-парафіянка Вікторыя Чаплева: «Калі ў нас яшчэ дастаткова вядома пра шляхецкую культуру дарослых, то дзетак нейкім чынам абмінаюць. Мы плануем рыхтаваць і праводзіць шляхецкія салоны і балі для беларусікаў, каб яны паказвалі тое, чаму навучыліся. Таксама будзем выкладаць этыкет маладых шляхцюкоў і шляхцянак, вывучаць дзіцячыя танцы ў стылі «ампір» і спрабаваць сябе ў хрысціянскіх спевах».

«Ведаеце, я апошнім часам шмат думаю наконт выразу, які пачула нядаўна, — тлумачыць адна з матуль, якая прыйшла на першыя заняткі з чатырма дзеткамі. — Гучыць ён наступным чынам: «Тое, што ты можаш даць іншаму — гэта чаму-небудзь навучы́ць». Я сапраўды шукаю, чаму навучыць дзяцей, каб яны адчувалі сябе больш камфортна ў сучасным грамадстве, каб яны даведаліся пра нешта цікавае і атрымалі культурнае выхаванне. Вось мы і зацікавіліся незвычайнай школай».

Шляхецкія сходы для дарослых збіраюць каля 20 чалавек. На першых занятках для маленькіх людзей было крыху менш. Нягледзячы на запатрабаванасць такіх нестандартных фарматаў работы з дзецьмі, застаецца праблема рэкламы: пра шляхецкую школку ведаюць адзінкі. Падтрымаць яшчэ малады, але даволі перспектыўны праект здолее кожная сям'я, варта толькі ўзяць дзіця за руку і акунуцца ў атмасферу шляхецкай зграбнасці і імпэту.

Вераніка Уласевіч

veronіka.ulasevіch@maіl.ru

Загаловак у газеце: Шляхецкая школа

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.