Вы тут

Метэаадчувальнасць: рэальнасць цi самападман


Даўней прадказваць надвор’е маглі толькі ведзьмакі. Але больш праўдзівымі нярэдка аказваліся скаргі старэнькай бабулькі або стогадовага дзеда, якім ламота ў касцях лепей за любое вядзьмарства падказвала прагноз надвор’я на бліжэйшы тыдзень. За мінулыя стагоддзі ў практыцы прадказання надвор’я змянілася многае. Але колькасць метэаадчувальных людзей не толькі не зменшылася, а нават павялічылася. Чаму? Ці не звязана гэта са спешчанасцю сучаснага чалавека, з яго надумлівасцю? Можа, ніякай метэаадчувальнасці і няма?


На жаль, залежнасць самаадчування ад умоў надвор’я і іншых кліматычных фактараў сапраўды існуе. Гэта не захворванне, як можна падумаць, а ўсяго толькі сімптом, прыкмета таго, што ў арганізме не ўсё ў парадку з сасудамі, з сэрцам або іншымі органамі. Здаровы чалавек наўрад ці зверне ўвагу на капрызы надвор’я. Але нярэдка на яго змены надумлівыя людзі рэагуюць толькі таму, што яны даведаліся аб прагнозе або чакаюцца геамагнітныя буры. У гэтым выпадку гаворка ідзе не столькі пра рэальную залежнасць ад надвор’я, колькі пра самаўнушэнне.

Як мяняецца самаадчуванне

Метэазалежнасць можа праяўляцца ў рознай ступені і форме. Калі пры перападах атмасфернага ціску, успышках на Сонцы вы адчуваеце слабасць, санлівасць, дыскамфорт без выражаных боляў – вы метэаадчувальныя. Такіх людзей вельмі шмат, нават сярод тых, хто лічыць сябе цалкам здаровым.

Да метэапатыі схільныя амаль усе людзі з кардыялагічнымі захворваннямі. Па статыстыцы – каля 90%. Нават нязначныя ваганні надвор’я здольныя выклікаць пагаршэнне самаадчування, сардэчныя прыступы, задышку, трывожнасць. Пад уздзеяннем прыродных фактараў у арганізме адбываюцца змены, якія нельга ігнараваць. Метэапатыя можа праяўляцца ў больш ці менш выражанай форме, ад лёгкага нядужання да рэзкага пагаршэння самаадчування, аж да інфаркту міякарда або інсульту.

Пра метэанеўроз гавораць тады, калі ніякіх асаблівых фізіялагічных прычын для дрэннага самаадчування няма, але чалавек пакутуе ад задышкі, сэрцабіцця, ён раздражнёны або ўпадае ў роспач. Прычым нярэдка праявы метэанеўрозу звязаныя не столькі з рэальнымі перападамі надвор’я, колькі з прагнозам. Гэтая разнавіднасць метэаадчувальнасці адносіцца, хутчэй, да псіхічных парушэнняў. Часам падобная адчувальнасць уласцівая таксама людзям пэўнага складу характару і нервовай арганізацыі – яны лёгка ўзбуджаюцца, вельмі ўразлівыя.

7 фактаў пра метэаадчувальнасць

 

  • Ва ўмераных шыротах больш ці менш адчувальныя да змены надвор’я каля 75% людзей, прычым схільнасць да метэаадчувальнасці можа перадавацца ў спадчыну.
  • Найбольш схільныя да за лежнасці ад умоў надвор’я людзі, якія пакутуюць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў, хваробаў суставаў і касцей, а таксама астматыкі і тыя, хто перанёс траўмы галавы ці клінічную смерць.
  • Высокія і худыя людзі вастрэй рэагуюць на капрызы надвор’я, чым невысокія, моцнага целаскладу.
  • Метэаадчувальнасць можа праяўляцца ў пагаршэнні самаадчування з-за перападаў атмасфернага ціску, з-за моцнага ветру і высокай вільготнасці паветра, а таксама з-за ваганняў магнітнага поля Зямлі.
  • Пагаршэнне самаадчування можа адбывацца да зменаў надвор’я, падчас або пасля іх. Успышкі на Сонцы і наступныя за імі геамагнітныя буры прыводзяць да павелічэння колькасці інфарктаў і прыступаў стэнакардыі ў 2 разы.
  • Гараджане пакутуюць ад павышанай адчувальнасці да надвор’я значна часцей, чым жыхары сельскай мясцовасці.
  • Мяркуецца, што прычынай пагаршэння самаадчування пры перападах надвор’я становяцца змены ў кровазабеспячэнні арганізма. А дакладней – змяненне аб’ёмаў крыві, якая цыркулюе па малым і вялікім крузе кровазвароту. Але ў механізме развіцця метэаадчувальнасці многае ўсё яшчэ застаецца незразумелым і нявывучаным.

Медыкі вылучаюць некалькі тыпаў надвор’я, здольнага ўплываць на самаадчуванне

Спастычны тып асабліва небяспечны для людзей з хранічнымі сардэчнасасудзістымі захворваннямі: гіпертаніяй, ішамічнай хваробай сэрца, стэнакардыяй. Для яго характэрнае павышэнне атмасфернага ціску пры адначасовым зніжэнні тэмпературы паветра. Такое спалучэнне змяненняў надвор’я можа выклікаць спазм крывяносных сасудаў, гіпертанічны крыз, інфаркты і інсульты. Па статыстыцы, у такое надвор’е работнікі хуткай дапамогі выязджаюць да хворых на гіпертанію ў 3 разы часцей. Чым вышэйшы атмасферны ціск – тым большая верагоднасць павышэння ціску і ў гіпертонікаў.

Гіпаксічны тып. Паніжэнне атмасфернага ціску пры павышэнні тэмпературы паветра больш спрыяльнае для людзей з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі, але з-за зніжэння ўтрымання кіслароду ў паветры магчыма з’яўленне задышкі, санлівасці, слабасці. Асабліва ў тых, хто пакутуе ад гіпатаніі, астмы.

Нейтральны тып надвор’я – гэта калі ніякіх асаблівых зменаў не адчуваецца.

Як перажыць змену надвор’я

Ступень метэаадчувальнасці можна паменшыць, калі сур’ёзна заняцца ўласным здароўем. Парады стандартныя: наладзіць найбольш спрыяльны рэжым працы і адпачынку, добра высыпацца; харчавацца правільна, выключаючы тлустыя, смажаныя прадукты, лішак солі і разнастайныя кансервы; больш рухацца, пажадана на свежым паветры; займацца ёгай, фітнесам, плаваннем, спартыўнай хадой; загартоўваць свой арганізм, але без фанатызму: пачынаць можна з абціранняў, паступова пераходзячы да кантраснага душу і абліванняў халоднай вадой; адмовіцца ад алкаголю і нікаціну; ставіцца да жыцця пазітыўна; своечасова наведваць доктара, праходзіць дыспансерызацыю. 

Каб перажыць змену надвор’я, дактары рэкамендуюць наступнае:

  • У дні, калі адбываюцца геамагнітныя буры, варта арга нізаваць сабе разгрузачны дзень: адмовіцца ад мясной ежы, замяніўшы яе лёгкімі малочна-расліннымі стравамі ва ўмеранай колькасці.
  • Ніякіх вострых прыправаў, цяжкіх вэнджаных і тлустых страў і ніякага алкаголю!
  • Больш адпачывайце, паспрабуйце выспацца. Калі мучыць бяссонніца – выпіце кубак заспакаяльнай травяной гарбаты. Калі вы пакутуеце ад гіпертаніі– варта загадзя пачаць прымаць лекі, каб прадухіліць павышэнне ціску.
  • Карысныя спакойныя прагулкі пехатой, калі дазваляе надвор’е. Можна паплаваць у цёплым басейне – гэта добра здымае напружанне.
  • Пазбягайце стрэсаў. Не варта ў неспрыяльныя дні глядзець па тэлевізары трылеры і драмы, а таксама кантактаваць з канфліктнымі, непрыемнымі людзьмі. Зрэшты, такіх людзей лепш пазбягаць і ў іншыя дні.

 

Сэрца і надвор’е

Сэрца здаровага чалавека валодае сіламі, здольнымі супрацьстаяць надзвычай згубным уздзеянням навакольнага асяроддзя. Здаровы чалавек здольны жыць, тварыць і доўга працаваць ва ўмовах як жудаснага холаду Антарктыкі (да -80 °С), так і надзвычайнай спёкі чырвоных пустыняў Намібіі (да + 75 °С). Вядома, мяжа ёсць у кожнага чалавека. Нават калі ён і вельмі вынослівы, гэта значыць, здаровы ад прыроды. Але першым ад неспрыяльнага надвор’я пакутуе не сэрца, а водна-электралітнае асяроддзе арганізма і яго цэнтральная нервовая сістэма. Сэрца здае свае «рэдуты» самым апошнім. Калі пры змене надвор’я вы адчуваеце сардэчныя праблемы (парушэнне рытму, болі ў калясардэчнай вобласці, рэзкі недахоп паветра, павелічэнне слабасці), то вінаватае не надвор’е. Мабыць, у вас ёсць праблемы з самім сэрцам, а змены ў надвор’і (пахаладанне, нарастанне спёкі, рэзкія змены атмасфернага ціску і ветру, а таксама вiльготнасцi) проста правакуюць скрытую (ці ўжо вядомую вам) хваробу сэрца. Калі сэрца нездаровае, то павышэнне энергетычных патрабаванняў да яго правакуе неабходнасць павелічэння частаты сардэчных скарачэнняў (ЧСС), а значыць, і павелічэнне яго работы і патрэбы сэрца ў кіслародзе. 
Вядомы факт, што найбольшая колькасць сардэчных катастроф адбываецца зімой на піку халадоў і летам на піку спякоты. Кардыёлагі адзначаюць наступныя цікавыя факты:

  • аптымальны для сэрца рэжым надвор’я знаходзіцца ў межах ад +21°С да +23 °С пры 85% вільготнасці;
  • рызыка сардэчнай смерці павялічваецца на 4% на кожныя 10 °С ніжэй за +4,7 °С і вышэй за + 25 °С. ​

Калі вы адзначаеце любыя непа ладкі з сэрцам пры хуткай змене надвор’я, не пераносіце холад ці спякоту, то гэта сігнал да «тэхнічнага агляду» ў спецыялістаў. Вы ж адпраўляеце свой аўтамабіль у рамонт, калі ў яго пераграваецца, не цягне і стукае матор? А гэта ж проста жалязяка. У любым выпадку, у вас ёсць магчымасць зрабіць 7 крокаў, каб захаваць ваша сэрца здаровым:

  • рэгулярна рабіце фізічныя практыкаванні;
  • падтрымлівайце здаровую вагу;
  • збалансавана харчуйцеся;
  • падтрымлівайце бяспечны ўзровень цукру крыві;
  • кантралюйце ўзровень халестэрыну;
  • знізьце крывяны ціск;
  • не курыце.

Аліна БЯЛОВА

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.