У Брэсцкай вобласці затрыманы 33-гадовы жыхар г. Камянца, які вербаваў людзей для сельгасработ у Расійскай Федэрацыі, і яны фактычна траплялі ў рабства. Малады чалавек распаўсюджваў інфармацыю ў інтэрнэце аб магчымасці паехаць на збор ураджаю яблыкаў у Варонежскую вобласць, дзе, нібыта, абяцалі зарплату ў 300 долараў за месяц.
Акрамя таго, патэнцыйным працаўнікам палёў і садоў гаварылася пра добрыя ўмовы пражывання, кампенсацыі за праезд і харчаванне. Зламыснік размяшчаў свае аб'явы ў Камянцы, Кобрыне, іншых гарадах, дзе апошнім часам склалася асабліва напружаная сітуацыя з працаўладкаваннем і рабочымі месцамі. І хутка знаходзіў кліентаў.
Тое, што іх чакала на месцы «дыслакацыі», яны не маглі сабе ўявіць і ў кашмарным сне. Працавалі бясплатна, бытавыя ўмовы былі горшыя, чым нядбайны гаспадар стварае для скаціны, харчавацца даводзілася пратэрмінаванымі прадуктамі. Тых, хто спрабаваў уцячы, нярэдка даганялі і білі. Фактычна людзі трапілі ў рабства.
Першы сігнал адтуль паступіў на гарачую лінію брэсцкай грамадскай арганізацыі «Клуб дзелавых жанчын». Актывісткі звязаліся з міліцыяй. Як паведаміў начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў Брэсцкага абласнога УУС Сяргей ДУЧЭНКА, менавіта пры садзейнічанні названай грамадскай структуры ўпраўленнем па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі УУС быў спынены канал вывазу грамадзян з нашай краіны ў суседнюю з мэтай іх працоўнай эксплуатацыі.
Праўда, зламыснік паспеў завербаваць і вывезці больш за 50 чалавек. Як аказалася, вярбоўшчык мае судзімасць. Свае незаконныя дзеянні ён ажыццяўляў з памочнікам, асоба якога ўстанаўліваецца.
Дзесяць чалавек з ліку пацярпелых ужо вярнуліся дадому. Нехта з іх здолеў уцячы, іншым працадаўца заплаціў акурат на зваротны білет. Месцазнаходжанне астатніх высвятляецца.
Святлана ЯСКЕВІЧ
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.