Вы тут

Бізнес павінен стаць лакаматывам эканомікі


Падчас пятага Усебеларускага народнага сходу прынята праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады. У ёй прапанавана разняволіць дзелавую ініцыятыву — праз стварэнне спрыяльных умоў і роўных магчымасцяў для ўсіх грамадзян. Бізнес павінен за пяць гадоў заняць яшчэ большую долю ў ВУП Беларусі і стаць лакаматывам эканомікі. Пра тое, наколькі лёгка ўжо цяпер пачаць сваю справу і што неабходна зрабіць для развіцця дзелавога клімату за бліжэйшыя пяць гадоў, карэспандэнту «Звязды» расказаў старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, старшыня Мінскага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін.


— Наколькі даступныя крэдыты і банкаўскія паслугі для прадпрымальнікаў і наколькі лёгка сёння пачаць сваю справу?

— У многіх відах бізнесу няма той ступені рэнтабельнасці праектаў, каб разлічыцца з працэнтам за крэдытныя сродкі. І гэта праблема і для бізнесу, і для банкаўскай сістэмы. Крэдытнымі рэсурсамі банкаў сёння карыстаюцца, паводле ацэнак Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, менш за 25% суб'ектаў гаспадарання. Самы аптымальны выхад для бізнесу — гэта самафінансаванне, калі людзі пазычаюць адзін у аднаго. Недаступнасць крэдытаў значна памяншае магчымасці пачаць сваю справу. Аднак, дзякуючы дзеянням Нацыянальнага банка, стаўка рэфінансавання зніжаецца апераджальнымі тэмпамі, што робіць крэдыты больш даступнымі, але яшчэ для невялікага працэнта бізнесменаў.

Пры ўсім гэтым бізнес у нашай краіне сёння пачаць досыць лёгка. Цяжка працягваць.

Варта адзначыць, што значна прасцей яго стала рэгістраваць. Іншае пытанне, што яшчэ да адкрыцця бізнесу людзі павінны больш звяртаць увагу на эканамічную адукацыю. Патэнцыйным бізнесменам я часта раю спачатку папрацаваць на кагосьці, потым з кімсьці, ну а потым на сябе. Трэба прайсці гэтыя тры этапы, каб разумна ацэньваць свае магчымасці і атрымаць поспех.

— У якім сектары эканомікі лепш за ўсё сёння пачынаць сваю справу?

— Практычна ў любой сферы можна адкрываць бізнес. Ніколі нельга сказаць, што тая ці іншая ніша канчаткова занятая. На рынку заўсёды адной і той жа справай могуць займацца сотні і тысячы кампаній. І заўсёды хтосьці гэта робіць лепш за астатніх — больш якасна, працуе са спажыўцом лепш, прадастаўляе лепшы сэрвіс. Важна займацца любой справай прафесійна. Але людзі, якія не ўкладваюцца ў сваю дзелавую адукацыю, не вывучаюць свой персанал і супрацоўнікаў, не змогуць быць канкурэнтаздольнымі. Варта таксама адзначыць, што заўсёды ёсць прыярытэты пэўнага рэгіёна, горада. Дапусцім, у нашай краіне ёсць прыярытэт для развіцця бізнесу ў сельскай мясцовасці, дзе залішняя працоўная сіла, ёсць плошчы, ёсць патрэба ў занятасці. Таксама існуюць прыярытэты і па галінах, напрыклад, харчовая бяспека, энергетычная бяспека — гэта адкрытыя нішы для нашай краіны. На іх можна сканцэнтраваць сваю ўвагу. Ну і, вядома, яшчэ на тым, у чым добра разбіраешся.

Што тычыцца вёскі, то там рынак заўсёды больш вузкі ў параўнанні з горадам. У нашай краіны ёсць нямала «белых плям» на бізнес-карце. Асноўныя прадпрымальнікі сканцэнтраваны ў Мінску і ў Мінскай вобласці — практычна 50%. Частка ў рэгіёнах, у асноўным у абласных цэнтрах, дзе гатовая інфраструктура і вялікая патрэба ў шырокім спектры паслуг, чаго практычна няма ў сельскай мясцовасці.

Таму для вёскі ў прыярытэце застаецца развіццё аграэкатурызму, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, калі побач з трасай — лагістычных цэнтраў.

Дарэчы, дзелавая актыўнасць у сельскай мясцовасці сёння прырастае. Так, вялікія гарады канцэнтруюць у сабе і спажыўцоў, і банкі. Аднак, чым бліжэй да абласных гарадоў, тым больш і ўзровень канкурэнцыі. Таксама ёсць і шэраг дакументаў па прадастаўленні шырокага спектра ільгот для тых, хто адкрывае бізнес у сельскай мясцовасці. А гэта робіць каля 80% нашай краіны практычна свабоднай эканамічнай зонай. Льготы цалкам могуць кампенсаваць недахоп дарог, неабходнасць правесці камунікацыі, прайсці шэраг узгадненняў. Акрамя таго, калі прадпрымальнікі ў сельскай мясцовасці аб'ядноўваюцца, калектыўна ўсе гэтыя пытанні можна вырашаць значна хутчэй.

— Якую форму ўласнасці лепш за ўсё выбіраць будучым бізнесменам пры рэгістрацыі сваёй дзейнасці?

— Сёння практычна ўсе формы суб'ектаў гаспадарчай дзейнасці рэгістраваць лёгка. Я нядаўна пацікавіўся ў дзяржаўным рэгістры Міністэрства юстыцыі, колькі чалавек з моманту фарміравання арганізацыйна-прававой формы «індывідуальны прадпрымальнік» праз яе прайшлі. Высветлілася, што ўсяго 850 тысяч чалавек. А гэта азначае, што 600 тысяч спынілі сваю дзейнасць, як вядома, прадпрымальнікаў у краіне сёння прыблізна 250 тысяч. У ІП заўсёды былі вялікія рызыкі, за якія яны адказвалі сваёй маёмасцю. Калі ў таварыстве з абмежаванай адказнасцю ўдзельнікі адказваюць сваімі долямі, якія прапісаны ў адпаведных дакументах, то ў ІП у гэтым плане больш праблем.

Хачу таксама адзначыць, што колькасць ІП павінна яшчэ зменшыцца. Бо цяпер ідзе распрацоўка такога паняцця як статус самазанятасці. Маляр або рамеснік можа атрымаць патэнт і займацца сваёй дзейнасцю. Калі, напрыклад, рамеснік вырастае і бачыць, што для яго ёсць сэнс наняць групу людзей, тады можна рэгістраваць ІП ці ПУП (прыватнае ўнітарнае прадпрыемства). У краіне адбудоўваецца добрая сістэма для ўсіх удзельнікаў эканамічнай дзейнасці. Людзі, якія хочуць менш рызык, павінны выбіраць найбольш простую для сябе форму.

— У праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады было адзначана, што бізнесу бязвыплатна будзе прадастаўлены пакет базавых паслуг, якія дазволяць хутчэй адкрываць сваю справу. Ці ёсць ужо нейкія канкрэтныя змены ў лепшы бок у сувязі з гэтым?

— Над гэтым цяпер ідзе работа. Не так даўно адбылося пашыранае пасяджэнне Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, на якім абмяркоўваўся пакет са 125 дакументаў. У рабоце над імі дзелавая супольнасць будзе прымаць таксама актыўны ўдзел. Гэтыя паслугі сёння распрацоўваюцца бізнес-саюзамі, цэнтрамі падтрымкі прадпрымальніцтва, навучальнымі ўстановамі і дзяржавай. Сутнасць нашых абмеркаванняў у тым, што ўсе дзяржаўныя паслугі павінны рэалізоўвацца па прынцыпе аднаго акна і з выкарыстаннем дзяржаўных баз даных. Будаўніцтва электроннага ўрада фактычна вырашыць усе праблемы. Напрыклад, для тавараў будуць стварацца спецыяльныя ідэнтыфікацыйныя цэнтры, а гэта павінна прыбраць з рынку кантрафакт. Таксама пад кіраўніцтвам першага намесніка прэм'ер-міністра Васіля Мацюшэўскага створана адмысловая рабочая група, членам якой з'яўляюся і я. Сёння ёсць магчымасць спрасціць амаль 750 працэдур. І мы ацэньваем кожную, напрыклад, на атрыманне сертыфікатаў і ліцэнзій, з пункту гледжання тэрмінаў рэалізацыі, кошту і, вядома, здаровага сэнсу. Шмат непатрэбных працэдур ёсць у будаўніцтве, дзе залішнія патрабаванні да атрымання ліцэнзій, што наносіць пэўны ўдар па малым бізнесе. Акрамя гэтага цяпер пры Міністэрстве эканомікі працуе група па стварэнні стратэгіі прадпрымальніцтва на працяглы перыяд.

— Як вы ацэньваеце канкурэнцыю сярод малога і сярэдняга бізнесу краіны? Ці можна ў цэлым назваць канкурэнцыю паміж прадпрымальнікамі і дзяржаўным сектарам здаровай?

— Канкурэнцыя ёсць, але яна яшчэ слабая і, на жаль, не заўсёды сумленная. Я кажу і пра тую, што паміж дзяржавай і бізнесам, і паміж бізнесамі ў цэлым.

Многія гады бізнес-супольнасць настойвала на стварэнні незалежнага антыманапольнага камітэта, які б адсочваў празрыстасць правілаў гульні, добрасумленную канкурэнцыю на рынку для ўсіх суб'ектаў гаспадарання. У гэтым плане нас пачулі. У Беларусі было прынята рашэнне рэарганізаваць Міністэрства гандлю ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Бізнес-супольнасць спадзяецца, што гэта дасць новы штуршок для развіцця дзелавой ініцыятывы і здаровай канкурэнцыі.

— Што яшчэ трэба прадпрыняць, каб можна было адназначна сказаць, што ў краіне спрыяльны клімат для вядзення сваёй справы?

— Пакуль што з дапамогай Нацыянальнай платформы бізнесу мы прасоўваем агульныя пытанні, якія ў многіх краінах ужо вырашаны. Калі вырашым іх і мы, то бізнес адыграе сваю ролю лакаматыва эканомікі. Ужо сёння краіна атрымлівае ў бюджэт 7,2 млрд долараў толькі ад падаткаў прадпрымальнікаў. Але мы не можам ісці за далёкі гарызонт без выканання базавых умоў. Бізнес ужо шмат чаму навучыўся. Калі раней прадпрымальнікі не маглі фармуляваць прававой мовай праблему, то цяпер гэты час прайшоў. Пытанні вырашаюцца праз дыялог, галоўнае ўсім навучыцца слухаць адзін аднаго. Хачу таксама падкрэсліць, што ў стратэгію развіцця краіны, якая была прынята на пятым Усебеларускім народным сходзе, увайшло 56 прапаноў дзелавой супольнасці. Яны былі раней сфармуляваны ў Нацыянальнай платформе бізнесу. Сёння мы спадзяёмся, што праз пяць гадоў 40% долі ВУП павінна фарміраваць малое і сярэдняе прадпрымальніцтва. Бізнесу неабходныя зразумелыя правілы гульні. У гэтым вялікія чаканні ўскладзены на заканатворчую ролю дзяржавы. І ўжо сёння дзяржава чуе бізнес лепш.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Kryzhevіch@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Разняволіць нельга стрымліваць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».