Вы тут

Краязнаўца Валерый Шышанаў пра характар Шагала і таямніцы Віцебска


Жыццё Рэпіна пад Віцебскам, біяграфія Шагала, дзейнасць cтваральнікаў новага мастацтва, губернатары і паслярэвалюцыйныя газеты — гэтыя і іншыя тэмы вывучаў вядомы гісторык, краязнаўца Валерый Шышанаў. 9 гадоў ён — намеснік па навуковай рабоце дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Да гэтага працаваў у музеі-сядзібе Рэпіна «Здраўнёва», у музеі Марка Шагала, аўтар некалькіх кніг, соцень навуковых і газетных публікацый, удзельнік дзясяткаў міжнародных канферэнцый і чытанняў.


З Валерыем Шышанавым пагутарыў карэспандэнт «Звязды».

— Ведаю, што вы са школьнай парты захапляліся гісторыяй... Няўжо не марылі стаць ваенным, касманаўтам?

— Я маркі па тэме космасу збіраю (смяецца). Гісторыя ж «зачапіла» і не адпускае, хоць бацькі былі далёкія ад навукі. Тата працаваў вадзіцелем, мама — бухгалтарам. Нарадзіўся ў Віцебску, і цікава было ў школе больш ведаць пра яго, чым надрукавалі ў кніжках. У школьным атэстаце па гісторыі — «5», як і амаль што па ўсіх іншых прадметах. У 1980-я гады актыўна вяліся раскопкі: каля цяперашняга будынка амфітэатра, на тэрыторыі, дзе рэшткі Дабравешчанскай царквы XІІ стагоддзя. Напрасіўся на раскопкі. Шмат чаму навучыўся ў вядомага археолага Таццяны Бубенькі... У клубе нумізматаў юнаком пазнаёміўся з Аркадзем Падліпскім, вядомым, і цяпер старэйшым па ўзросце, краязнаўцам. Ад яго ўпершыню пачуў, што ў Віцебску пасля рэвалюцыі была вядомая мастацкая школа.

— Валерый Аляксеевіч, пасля школы адразу паступілі ў віцебскую ВНУ?

— У ПТВ. Тады не давалі адтэрміноўку ад арміі, і пайшоў я вучыцца на слесара механазборачных работ. У войску служыў пад Рыгай — у радыётэхнічных войсках. Потым працаваў рабочым на прадпрыемстве «Віцязь», дзе вырабляюць тэлевізары. Паступіў на завочнае аддзяленне гістарычнага факультэта Гродзенскай ВНУ. Тады ў Віцебскім педінстытуце гістфака не было. З 1992-га, калі яшчэ дыплом не атрымаў, пачаў працаваць у музеі-сядзібе Рэпіна «Здраўнёва», філіяле Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Падчас вучобы працаваў у архівах у Санкт-Пецярбургу, Маскве, іншых гарадах. Потым удзельнічаў у навуковых канферэнцыях.

— Можа, пра Рэпіна нешта раней невядомае знайшлі ў архівах?

— Не люблю, як кажуць, «выстаўляць сабе наперад». «Я знайшоў...» Паверце, у Віцебску шмат спецыялістаў, якія зрабілі нямала цікавых адкрыццяў. Пашанцавала знайсці мноства дакументаў, якія датычацца гісторыі сядзібы, школы, створанай у 1918 годзе. Там выкладала малодшая дачка Рэпіна. Усяго ў яго было тры дачкі і сын. Мастак у гэты час жыў у іншай сядзібе — «Пенаты». І аказаўся ў вымушанай эміграцыі, бо тэрыторыя, дзе знаходзіцца сядзіба, адышла да Фінляндыі. Я атрымаў копіі фота будынка сядзібы пад Віцебскам, а таксама самога Рэпіна. Іх зрабіў Сігізмунд Юркоўскі, знакаміты фатограф, вынаходнік. Да гэтага ў Віцебску былі акварэлі цесця Рэпіна і пару фота. Па іх сядзібу і аднавілі.

— Наколькі яна адпавядала першапачатковаму выгляду?

— Звонку аднавілі будынак даволі дакладна. Нагадаю, што аўтэнтычны разабралі на дровы ў 1930-м... Сумны час быў у нашай гісторыі. Дарэчы, напэўна, мала хто ведае, што ідэя аднавіць сядзібу Рэпіна на афіцыйным узроўні была агучана яшчэ ў 1970 годзе. Але заказ на праект быў падрыхтаваны толькі ў 1976-м. Аўтар праекта Павел Кракалёў. І толькі ў 1988-м будынак аднавілі. А ў 1995-м сядзіба згарэла. Пажар узнік з-за кароткага замыкання — вынік парушэнняў пры мантажы праводкі.

— Нават Філіпа Кіркорава прасілі дапамагчы грашыма ў аднаўленні сядзібы.

— Гэта было на яго «Зорным часе» ў прэс-цэнтры фестывалю «Славянскі базар у Віцебску». Людміла Крушынская, тады рэдактар газеты «Культура», нагадала «зорцы», што ён там быў з бацькам, з Алай Пугачовай. Але ніякай дапамогі спявак не аказаў, як і многія іншыя вядомыя асобы.

Дзякуй супрацоўнікам газеты «Культура» і асабіста Людміле Крушынскай. Актыўна пісалі пра сядзібу. Штогод на «Базары» журналісты прыязджалі да нас і запрашалі артыстаў, мастакоў, акцёраў... У 1999-м прыехалі сур'ёзныя людзі і сказалі, што на высокім узроўні прынята рашэнне аказваць дапамогу. І тады справы пайшлі хутка. 5 ліпеня 2000 года музей урачыста адкрылі з удзелам Прэзідэнта...

Ужо традыцыйна штогод на «Базары» ў «Здраўнёве» прымаюць падарункі ад імя кіраўніцтва Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі: копіі твораў, фота, кнігі...

Дзякуй і мецэнатам з Санкт-Пецярбурга. Зусім небагатыя людзі: пенсіянеры, прадстаўнікі інтэлігенцыі стварылі «Клуб сяброў Здраўнёва». Яны купляюць ці дораць асабістыя антыкварныя рэчы.

— Дарэчы, цікава, што арыгіналы работ Рэпіна былі перададзены са сталічнага музея. Звычайна ж наадварот?

— Так. З Мастацкага музея Беларусі былі перададзены рэпінскія работы: у 1963-м — малюнак «Пропаведзь Іасафата Кунцэвіча», жывапісны твор «Партрэт дэзерціра» і ў 1990 годзе — абразы «Маці Божая з дзіцем» і «Хрыстос з чашай». Апошнія былі напісаны для царквы вёскі Слабада (недалёка ад Віцебска). Каля гэтага храма быў пахаваны бацька Рэпіна. Іх у 1939 годзе з Віцебска перадалі ў Дзяржаўную карцінную галерэю (цяпер згаданы вышэй музей). Так што мінчанам — шчыры піетэт за тое, што вярнулі!

Але і на сёння ў маскоўскіх і іншых музеях можна ўбачыць тое, што калісьці захоўвалася ў Віцебску.

— Пасля Рэпіна вы шчыльна заняліся Шагалам?

— У 2000 годзе ўладкаваўся навуковым супрацоўнікам у музей Шагала. А ў «Здраўнёва» працягваў працаваць на паўстаўкі.

Дзякуючы вельмі энергічнай дырэктарцы Людміле Хмяльніцкай шмат карыснага было зроблена. У музеі праходзілі «Шагалаўскія чытанні», шматлікія выставы, выдавалі бюлетэнь, раней па ініцыятыве спадарыні Хмяльніцкай выходзіў часопіс «Віцебскі сшытак» (першы нумар выйшаў у 1995 годзе).

Цікава было адшукаць нешта ў архівах па шагалаўскай тэме. Шмат чаго прачытаў у паслярэвалюцыйных газетах. У Маскве азнаёміўся з «асабістай справай» жонкі Шагала часоў, калі яна вучылася на Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсах У. Гер'е (1907—1914 гг.). Раней падрабязнасці гэтага былі невядомы.

— На жаль, «завісла» ідэя аднавіць гатэль «Брозі», дзе Бэла жыла з бацькамі...

— Так. Пра тое, што ў Віцебску збіраюцца гэта зрабіць, пісалі не толькі мясцовыя газеты. І «Звязда» таксама. Але, наколькі ведаю, у інвестара змяніліся планы. Будынак знаходзіўся недалёка ад ратушы. На яго месцы няма капітальных забудоў. Такім чынам шчыра веру, што «Брозі» некалі адновяць. Дом можна было б выкарыстоўваць для патрэб шагалаўскага музея. Ён, нягледзячы на ўсю павагу да яго і разуменне значнасці, патрабуе большай увагі і лепшага будынка для арт-цэнтра (там знаходзіцца графіка Шагала): для экспазіцыі, для бібліятэкі (дарэчы, вельмі каштоўнай), фондавых памяшканняў. Праўда, ёсць задума перасялення арт-цэнтра Марка Шагала на вуліцу Калініна. Але, у любым выпадку, было бы вельмі добра аднавіць будынак, звязаны з Шагалам. Наогул у Віцебску на сёння няма выставачных залаў сучаснага ўзроўню. Дзіўна, але факт.

— Кансультавалі Аляксандра Міту, які ў Віцебску здымаў фільм пра Шагала і Малевіча?

— Міта прачытаў маю кнігу пра Віцебскі музей сучаснага мастацтва часоў Шагала. Яна, па словах рэжысёра, яму дапамагла ў рабоце над тэмай.

— У фільме, які, дарэчы, многім гараджанам не спадабаўся, а іншым — наадварот, Шагал у вобразе рамантыка, які марыў пераўтварыць Віцебск у другі Парыж. А якім вы ўспрымаеце гэтага чалавека, мастака?

— У адрозненне ад Малевіча, Шагал быў больш мяккі па характары. І сама творчасць яго гаворыць пра гэта. Малевіч быў уладны, лідар. Наконт камісара Шагала, пра якога з гумарам успамінаюць некаторыя крытыкі, дык ён жа афіцыйна займаў пасаду — упаўнаважаны па справах мастацтваў. А кім ён павінен быў быць у той час, каб ствараць мастацкія школу, вучылішча?

— вам, напэўна, вельмі прыемна, што ў знакамітым губернатарскім палацы плануецца адкрыць філіял краязнаўчага музея?

— Будынак добры. Нагадаю, там і Напалеон на два тыдні спыняўся. У Другую сусветную ад інтэр'ера нічога не засталося. Але вонкавыя сцены не пацярпелі. У цэнтры горада ўзводзіцца новы будынак для абласнога ўпраўлення КДБ, якое займае цяпер былы палац. Пасля яго пераезду створыцца выключная сітуацыя, калі ў выдатным гістарычным будынку мог бы размясціцца музей. Як гэта адбылося, напрыклад, у Гомелі. Безумоўна, нам будзе што паказаць там, чым здзівіць...

У аддзеле рукапісаў нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу знайшоў цікавыя звесткі пра першага грамадзянскага губернатара Сяргея Шышкіна. Ён на пасадзе быў з 1802-га па 1806 год. Вельмі цікавы час, бо сучасная Віцебшчына яшчэ нядаўна была тэрыторыяй польскага ўплыву. Адпаведна новую ўладу прадстаўнікі мясцовай эліты не ўспрымалі, як хацелася б у царскай Расіі. Губернатар рабіў многае, каб паўплываць на думкі, прынцыпы. Была ў яго і любоўная гісторыя. Ён пакінуў нашчадкам даволі цікавыя ўспаміны.

— Віцебскі абласны краязнаўчы музей мае нешта сапраўды ўнікальнае?

— Калекцыя музея пачыналася і з прыватнай — Антона Брадоўскага. Ён збіраў манеты, старую зброю, прадметы антыкварыяту...

Масонская калекцыя не мае аналагаў не толькі ў Беларусі. Яна да рэвалюцыі належала віцебскаму адвакату Вацлаву Федаровічу. Калекцыю яшчэ падчас Першай Сусветнай хацелі вывезці, прадаць. І пасля 1917-га таксама. Але нейкім цудам не атрымалася.

Дарэчы, завяршылася работа па стварэнні новай экспазіцыі Музея прыватных калекцый — філіяла краязнаўчага. Некалькі гадоў таму яго зачынілі. А цяпер адкрылі ў іншым будынку — былым літаратурным музеі — недалёка ад Летняга амфітэатра (праспект Фрунзэ).

У іншым нашым філіяле — Мастацкім музеі — ёсць самая вялікая ў свеце калекцыя твораў Пэна — настаўніка Шагала. Там жа — арыгіналы Хруцкага, Шышкіна і іншых знакамітых мастакоў.

Па колькасці экспанатаў наш музей, скажам так, у «залатой сярэдзіне» сярод абласных цэнтраў і Мінска. Штогод арганізуем каля 120 выстаў. Але, паўтаруся, не хапае месца, каб адначасова выставіць многае з таго, што ў нас ёсць.

— У час гаджэтаў меней наведвальнікаў?

— Наадварот, штогод іх колькасць павялічваецца. Некаторыя потым прыводзяць сваякоў, сяброў. Пенсіянеры дораць рарытэтныя фота, рэчы. Вельмі папулярныя акцыі: «Ноч музеяў», «Дзень нараджэння ў музеі», «Вяселле ў музеі». Музеі не адстаюць ад часу. І мінулае заўсёды будзе цікавіць...

— А вы так і не ажаніліся?

— Вы не першы раз пра гэта мяне пытаеце. Не пакахаў! Калі знайду тую адзіную, да якой будзе цягнуць пасля работы, з якой буду, як кажуць, «на адной хвалі», — абавязкова! І вас запрашу на вяселле адным з першых!

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Гісторыя «зачапіла» і не адпускае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».