Вы тут

Ноўтбук купіла! А планшэт у падарунак?


Карэспандэнт «Звязды» дапамог чытачцы атрымаць планшэт у падарунак ад вядомай гандлёвай сеткі, якая актыўна рэкламавала свой «бонус»: магчымасць пры пакупцы тавару бясплатна займець яшчэ адно электроннае ўстройства.


Паколькі «канфліктная сітуацыя», як кажуць, вычарпана, не ўказваю назву гандлёвай сеткі, дзе прадаюць бытавыя прыборы. Яна актыўна рэкламуецца па тэлебачанні, у інтэрнэце, газетах, на бігбордах цэнтральных вуліц. Крамы працуюць у розных гарадах краіны.

Жыхарка Віцебска даўно хацела купіць сабе ноўтбук. Ды такі, каб і сыны маглі пагуляць на ім у папулярныя сярод дзятвы гульні. Так што планшэт, паабяцаны крамай у якасці бясплатнага бонусу, хлопчыкам быў бы патрэбны.

Жанчына з дзецьмі прыехала ў краму. Ветлівы гандляр растлумачыў, што рэкламная акцыя яшчэ не завершана, але планшэты... на жаль, скончыліся.

Па логіцы яна магла б не купляць нічога. Але прывабіла тое, што ноўтбук можна набыць, аформіўшы крэдыт банка непасрэдна ў краме... Пакупка абышлася прыкладна ў 12 мільёнаў рублёў (да дэнамінацыі). Плюс жанчына аплаціла сэрвіснае абслугоўванне на 3 гады — каля 1,9 мільёна. Такім чынам, выканала ўсе ўмовы акцыі, ведаючы, што бонусны планшэт не атрымае.

Логіку жанчын, вядома, растлумачыць цяжка. Але ж, думаю, па кансультацыю ў карпункт яна звярнулася, каб сумненняў не засталося, што яе правы як спажыўца не парушаныя. Пацікавілася: чаму ўсё ж рэкламуюць магчымасць атрымаць падарунак, а насамрэч планшэтаў мінімум? Няўжо не маглі прадугледзець, каб усім хапіла? Магчыма, такім чынам і прывабліваецца больш пакупнікоў?

У размове з прадстаўніком таварыства з дадатковай адказнасцю, якому належыць крама, высветлілася, што ўмовы рэкламнай акцыі не парушаны. Чытачка, як і іншыя, зрабіла пакупку ў перыяд з 1 па 31 ліпеня. Суразмоўца адзначыў, што ў распараджэнні аб правядзенні акцыі гаворыцца пра адпаведны «ліміт» планшэтаў.

У адказе журналісту з упраўлення гандлю і паслуг Віцебскага гарвыканкама таксама адзначаецца, што парушэнняў умоў акцыі няма.

Тым большы рэспект фірме, якая ўсё ж здзейсніла «звычайны цуд»: у якасці выключэння ў канцы жніўня планшэт жанчыне ўручылі! Задаволеная грамадзянка выказала падзяку і журналісту. Сказала, што і надалей будзе рабіць у гэтай краме пакупкі. Думаю, і фірма задаволеная.

...Калі артыкул рыхтаваўся да друку, знаёмы расказаў пра іншую рэкламную кампанію. Яго таварыш карыстаўся карткай банка, які гарантаваў пакупнікам у крамах-партнёрах пры пакупках шакаладку. Адпаведнае паведамленне прыйшло па sms. Якраз зрабіў пакупку — а шакаладку не далі... Дробязь — а чалавеку было непрыемна. Пайшоў да кіраўніцтва крамы і шакаладку ўрэшце атрымаў.

Наконт рэкламных акцый можна доўга разважаць, але з пункту гледжання спажыўца: калі нешта напісалі ў рэкламе, так яно і павінна быць! І не важна: планшэт або шакаладку павінны ўручыць.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».