Вы тут

Аршанскія адрасы Уладзіміра Караткевіча


Пошукі аршанскіх адрасоў Уладзіміра Караткевіча працягваюцца і сёння. Літаральна нядаўна яны далі нечаканы вынік. Усе думалі, што дом, дзе Караткевічы здымалі кватэру пасля вайны, не захаваўся. На самай жа справе ён толькі даўно змяніў гаспадароў і нумарацыю.


Дом № 10 па ву­лі­цы Ка­рат­ке­ві­ча.

Пра тое, што славуты пісьменнік з'явіўся на свет у будынку радзільні, дзе цяпер яго музей, ведаюць усе аматары творчасці У. Караткевіча. Пакажуць вам у Оршы і дом, дзе ягоная сям'я жыла ў пасляваенны час (з 1946 года). А вось пра тое, дзе будучы класік нашай літаратуры рос і сталеў, вядома зусім мала. Ніхто не адмаўляе, што на фарміраванне светапогляду і характару чалавека робяць уплыў не толькі людзі, якія яго акружаюць, навакольная прырода, але і жыллё, інтэр'еры, рэчы. Таму і зберагаюцца для нашчадкаў дамы і пакоі, дзе жылі і працавалі вялікія людзі, адкрываюцца там іх мемарыяльныя музеі.

Усе аршанскія адрасы сям'і Караткевічаў ва ўспамінах «Юдоль святла» (занатаваныя Галінай Шаблінскай) згадвала старэйшая сястра пісьменніка Наталля Сямёнаўна Кучкоўская. Так, з 1917-га па 1939 год іх бацькі Сямён Цімафеевіч і Надзея Васілеўна Караткевічы здымалі палову аднапавярховага драўлянага дома № 82 па вуліцы Ленінскай (да 1918 г. — Петраградскай). Цяпер гэтага дома няма, бо ў 1941 годзе амаль уся цэнтральная вуліца горада згарэла. Дом знаходзіўся якраз на супрацьлеглым баку ад сярэдняй школы № 1 (цяпер гімназія № 2). Таму можна меркаваць, што ён быў недзе на месцы цяперашніх дамоў №№ 36 і 38 па вуліцы Леніна або паміж імі.

У 1939 годзе сям'я пабудавала ўласны драўляны дом на вуліцы Карла Маркса (былой Зялёнай). «Наш дом стаяў на крутаяры над Дняпром, аддзелены ад яго алеяй старадаўніх ялін, — пісаў потым У. Караткевіч. — За домам быў вялікі сад, увесь зарослы і цяністы». Але і гэты дом («Яго так любіў Валодзя!» — зазначала сястра) згарэў падчас вайны. На карціне, напісанай двума нямецкімі ваеннапалоннымі мастакамі ў 1944 годзе (да нас дайшла толькі яе чорна-белая рэпрадукцыя), адлюстравана цэнтральная частка Оршы. На месцы былой сядзібы Караткевічаў (была на тым беразе ракі, крыху направа ад маста) — суцэльная пустка. Паводле генплана Оршы 1948 года, на правабярэжжы Дняпра ад маста да Цэнтральнай плошчы быў разбіты гарадскі парк. Прыблізна на тым месцы, дзе знаходзіўся дом, у 1992 годзе паўстаў першы помнік Уладзіміру Караткевічу. Падчас рэканструкцыі прыдняпроўскага парку ў 2008 годзе яго перанеслі ў бок, а на тым месцы пабудавалі адміністрацыйны будынак.

На жаль, не захавалася ніводнага фотаздымка тых даваенных дамоў. Што казаць, калі немцы за тры гады акупацыі зрабілі фотаздымкаў Оршы (прынамсі, вядомых музейшчыкам і калекцыянерам) у некалькі разоў болей, чым за ўвесь папярэдні час.

Ву­лі­ца Ле­ні­на сён­ня.

Восенню 1944 года Караткевічы вяртаюцца з эвакуацыі ў Оршу. «І вось тут упершыню ўбачыў сапраўдны разор, «зону пустыні», некалькі ўскраінных завулкаў, як канцы галінак ля згаслага вогнішча, — успамінаў творца ў аўтабіяграфіі «Дарога, якую прайшоў» (1964). — Гарады, дзе нават руінаў не было. (Немцы разабралі іх на цэглу для абаронных патрэб.) Да голаду і холаду было не звыкаць, але тут, на выпаленай зямлі, так намерзліся, што часам хацелася памерці, абы толькі цябе пахавалі ў печцы». Сям'я Караткевіча, страціўшы ўласнае жыллё, вымушана была здымаць кватэру ў два пакоі ў доме № 74 па вуліцы Пралетарскай, непадалёку ад гарадскіх могілак. Гэтая вуліца была адной з тых, што амаль не пацярпелі ў ваеннае ліхалецце. Хоць у маі 1943 года савецкія бомбы трапілі і на могілкі. Праўда, старадаўняя Петрапаўлаўская царква, што была на іх (дарэчы, адна з дзвюх дзейных у 1939 г. ва ўсёй БССР), уцалела (але будзе зруйнавана ў часы хрушчоўскай барацьбы з рэлігіяй у 1961 г.). Менавіта ў доме яе пасляваеннага старасты Георгія Сцяпанавіча Марочкі і спыніліся Караткевічы. Дом ужо даўно змяніў гаспадароў і нават нумар (цяпер ён 50-ы). Але захаваўся ў добрым стане. Маюцца ў ім і новыя ўваходныя дзверы, аднак старадаўнія латунныя ручкі, адпаліраваныя за дзесяцігоддзі да бляску, памятаюць і дотыкі рукі славутага земляка.

Летам 1946 года бацька У. Караткевіча набыў у адной з вёсак хату і перавёз яе ў Оршу на вуліцу Варашылава (з 1961-га па 1987 г. — вуліца Касманаўтаў). Восенню сям'я перабралася ў свой дом. «Спачатку было не надта цёпла, — успамінала Наталля Сямёнаўна, — палілася адна грубка, але ў роднай хаце, як кажуць, і сцены грэюць. Ды і стаміліся мы за вайну ад чужых кватэр...»

Цяпер гэта дом № 10 па вуліцы Караткевіча. Пра яго вядома і напісана шмат. Летась адзін прадпрымальнік меў намер набыць будынак у нашчадкаў пляменніцы пісьменніка, якая была апошняй яго гаспадыняй, і зрабіць там музей. Але пакуль гэта задума не ажыццявілася. Будзем спадзявацца, што хоць гэты дом, цесна звязаны з жыццём і творчасцю слыннага сына Беларусі, захаваецца для нашай гісторыі і культуры.

Віктар Лютынскі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.