Вы тут

Дзе паселяцца зніклыя вёскі?


У Зашырскім культурна-спартыўным цэнтры.

Аграгарадок Зашыр'е, што ў Ельскім раёне на Гомельшчыне, вылучаецца творчай атмасферай. На тэхнічных памяшканнях мясцовага саўгаса «Камуніст» — беларускія вершы яго старшыні Рыгора Бабчанкі і маляўнічыя выявы нашых краявідаў. Але гэта толькі пачатак...


Будынак Зашырскага культурна-спартыўнага цэнтра на першы погляд мала чым (калі не ўлічваць шыкоўных клумбаў) адрозніваецца ад іншых, збудаваных у савецкі час. На ўваходзе ў яго нас сустракае дырэктар цэнтра Яўгенія Шадрына і адразу праводзіць у актавую залу. Дакладней, ва ўладкаваную на «хорах» міні-кавярню, у якой можна пачаставацца гарбатай і абмеркаваць канцэрт. Увогуле цэнтр нічым не горшы за гарадскі: тыя, хто наведваюць яго гурткі, часта бываюць за мяжой на фестывалях, атрымліваюць узнагароды. А КСЦ у сваю чаргу неаднаразова прызнаваўся найлепшым не толькі ў раёне, але і ва ўсёй краіне. Як прызнаецца дырэктар, без дапамогі чулага і творчага старшыні саўгаса Рыгора Бабчанкі нічога б не атрымалася...

«І ў глыбінцы ўмеюць культурна адпачываць, — смяецца Яўгенія Шадрына, пабачыўшы мой здзіўлены позірк. — Добры канцэрт правялі, ён пакінуў пасля сябе эмоцыі, і што? Пасля бясследна знік. А хочацца штосьці пакінуць пасля сябе. Так мы прыдумалі стварыць Рамесніцкі цэнтр, які вечарамі будзе працаваць як забаўляльны, але з сэнсам. Бо ў нас ёсць тэатральны калектыў, фальклорны, эстрадны, свая майстэрня па шыцці касцюмаў, шоу мыльных бурбалак, якое нават не ва ўсіх гарадах сустрэнеш, і нават клоўн. Мы імкнёмся зрабіць разнастайным вольны час людзей для таго, каб не адчувалася «забітасці» і знікла думка, што ў горадзе лепш, чым у нас».

Але Яўгенія Аляксандраўна шчыруе не толькі на карысць аграгарадку, але і ўсяму раёну. У Зашырскім КСЦ паступова будуецца цэнтр зніклых вёсак усяго Ельскага раёна. Кожная з маленькіх хатак адводзіцца пад такі населены пункт, а ўнутры яе — уласцівыя кожнай вёсцы рэчы: мэбля, адзенне, бялізна, абразы, а таксама фальклорны матэрыял (відэа, фота, аудыяінтэрв'ю з карэннымі жыхарамі вёсак, якіх ужо няма), запісаны на дыскі. «У кагосьці настальгія па роднай вёсцы. А яе няма ўжо. Чалавек, напрыклад, вырашыў наведаць яе, прыехаў з Санкт-Пецярбурга ці Саратава, а там лес расце. Тады можна прыехаць да нас, зайсці ў хатку і акунуцца ў атмасферу роднай мінуўшчыны. Бо сёння той пласт побыту, у якім жылі стагоддзямі мінулыя пакаленні, адыходзіць», — расказвае Яўгенія Шадрына.

Пакуль гэты праект, як і ўсё астатняе ў культурна-спартыўным цэнтры, робіцца выключна рукамі супрацоўнікамі цэнтра і трымаецца на ініцыятыве іх і дырэктара. Спадарыня Яўгенія прыгадвае, як расчышчалі задні двор ад смецця, бетанавалі яго (спачатку, як гэта рабіць, паказваў спецыяліст, пасля пачалі самастойна спраўляцца), хадзілі па гарадку і збіралі шкляныя бутэлькі, якія пасля разбівалі і ўпрыгожвалі асколкамі будынкі. Паўсюль на вуліцы — скульптуры галубоў, аленяў, рыцараў, коней, зробленыя са звычайнай цэглы, пяску і арматуры. Аўтарка ўсіх іх Яўгенія Шадрына. Але без дапамогі стваральнікаў каркасаў будучых скульптур з арматуры, дапаможнікаў у непасрэднай лепцы не абышлася б. Прытым зроблена ў КСЦ усё сапраўды самастойна — нават ліштвы і рамы вокнаў, фантаны ў двары.

Сам Рамесніцкі цэнтр — гэта некалькі дамкоў, кожны з якіх адведзены пад пэўнае рамяство: ганчарня, сталярня, бандарня, кузня. Пры гэтым самі будынкі знешне выкананы ў традыцыйным стылі, набліжаным максімальна да таго, як яны выглядалі раней. Але ўнутры, мяркуе Яўгенія Шадрына, інструменты мусяць быць сучаснымі. З цягам часу, калі цэнтр назбірае сродкаў на абсталяванне ці хтосьці дапаможа матэрыяльна, сюды можна будзе прыходзіць па майстар-класы і вучыцца забытым тэхнікам. «Я калі прыходжу раніцай на працу і бачу, якое навокал усё прыгожае, то мне і працаваць хочацца. Калі б мы не зараблялі дадаткова, то, напэўна, не выжылі б», — дзеліцца яна.

Яўгенія Аляксандраўна ідзе і паказвае: тут мы ажывім легенды, тут збудуем балконы, тэрасы, сажалку, там змайструем камін, камп'ютарны кабінет... Яна не абмяжоўваецца адным раёнам, а спадзяецца, што з цягам часу тэрыторыя цэнтра стане пляцоўкай для рэспубліканскага, а то і міжнароднага фестывалю. «Усе б выйгралі, каб кожны па магчымасцях упрыгожыў месца, дзе жыве і працуе, — гаворыць жанчына. — І тады ўчынкі ў людзей, глядзіш, былі б чысцейшымі. Вядома, без скульптур і цэнтра можна было б абысціся. Але гэта патрэба маёй душы — самавыразіцца. Працуем, і ідэі не сканчаюцца. Не гляджу, ёсць грошы ці няма, дапамагаюць нам ці не. Пакуль ёсць сілы, буду працягваць працаваць. Мо талакою і раён зробім лепшым».

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.