Вы тут

БелАЭС: няпросты дыялог суседзяў


Другі раўнд двухбаковых кансультацый экспертаў Беларусі і Літвы па тэхнічных і навуковых пытаннях праекта будаўніцтва Беларускай АЭС нядаўна адбыўся ў Мінску.


Беларусь будуе станцыю для таго, каб яна працавала без якіх-небудзь хібаў. У нашай краіне памятаюць наступствы аварыі на ЧАЭС, і ніхто не жадае паўтарэння таго горкага вопыту, таму бяспецы жыхароў Беларусі і суседніх краін надаецца максімум увагі — такая пазіцыя беларускага боку.

Намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк лічыць, што праблема носіць эканамічны характар. Энергасістэма Літвы пакуль яшчэ злучана з энергасістэмамі Беларусі і Расіі ў так званае энергакола Беларусь — Расія — Эстонія — Латвія — Літва. Аднак ужо ёсць рашэнне афіцыйнага Вільнюса аб далучэнні Літвы да энергасістэм Еўрасаюза. «На рынку галоўны — пакупнік, — сказаў Міхаіл Міхадзюк. — Пажывём-пабачым, дзе будзе больш выгадна купляць паліва».

Нагадаем, што першы раўнд кансультацый адбыўся 21-22 чэрвеня 2016 года ў Вільнюсе. Беларускім бокам былі дадзены падрабязныя адказы на шэраг пытанняў, якія цікавілі чыноўнікаў і грамадскасць Літвы. У прыватнасці, ацэнка месцазнаходжання і крытэрыі выбару пляцоўкі будаўніцтва Беларускай АЭС, ацэнка сейсмічнай бяспекі Астравецкай і альтэрнатыўных пляцовак, прымяненне працэдур па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце і прыняцце рашэнняў і інш.

Па выніках кансультацый у Мінску беларускі бок разлічваў на прадстаўленне сумеснай беларуска-літоўскай справаздачы ў Камітэт па ажыццяўленні Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце, аднак ніякіх дакументаў, нават пратаколу рознагалоссяў, не было падпісана.

Першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Ія Малкіна пацікавілася: «Калі ж мы зможам падпісаць пратакол рознагалоссяў?» і сама адказала на гэта пытанне: «Для літоўскага боку нават паставіць подпісы на адным аркушы з'яўляецца праблемай».

Кіраўнік літоўскай дэлегацыі Віталіус Аўгліс чарговы раз нагадаў патрабаванні літоўскага боку прыпыніць будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы да правядзення стрэс-тэстаў і высноў экспертаў.

«Я б не стала казаць так гучна, што былі выстаўлены патрабаванні, — парыравала Ія Малкіна. — Я б сказала, што былі агучаны пажаданні — выказаныя спакойна і з разуменнем, які адказ будзе».

Яе падтрымаў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк, які паведаміў, што Беларусь папрасіла МАГАТЭ аб прыбыцці спецыяльнай місіі. Аднак на падрыхтоўку такіх візітаў патрабуецца шмат часу, па папярэдніх звестках, місія прыбудзе ў Беларусь у кастрычніку 2016 года. «Беларускі бок у адпаведнасці з узятымі на сябе абавязацельствамі правядзе стрэс-тэсты на БелАЭС, абагульніць іх вынікі і затым перадасць у Еўрасаюз», — запэўніў Міхаіл Міхадзюк.

«Мы не прыпынім будаўніцтва АЭС, я не ведаю матываў, якія сталі б прычынай такога кроку. На думку беларускага боку, было б правільна, каб сёння мы ў рамках кампетэнтнага дыялогу сумесна з літоўскай дзяржавай маніторылі сітуацыю ў зоне АЭС», — прапанавала Ія Малкіна.

Кіраўнік літоўскай дэлегацыі выказаў пажаданне, каб будаўніцтва АЭС у Астраўцы было як мага больш «празрыстым». Міхаіл Міхадзюк у адказ заявіў: «Мы неаднаразова прапаноўвалі наведаць пляцоўку літоўскаму боку, аднак сустрэчнага жадання ў гэтым плане не паступала». Ён таксама паведаміў, што станцыю наведала больш за 70 дэлегацый у 2015 годзе. Шмат інфармацыі аб будаўніцтве станцыі ў адкрытым доступе, у тым ліку на афіцыйным сайце БелАЭС. «Інфармацыя рэгулярна абнаўляецца, калі хто не хоча яе бачыць, гэта іншае пытанне», — падкрэсліў намеснік міністра.

Падчас мінскай сустрэчы намечаны наступны раўнд кансультацый у Вільнюсе. З ім абодва бакі звязваюць вялікія надзеі. Нягледзячы на складанасці ў вядзенні дыялогу, усе хочуць прыйсці да згоды.

«Мы прытрымліваемся пазіцыі, што магчымасці двухбаковага дыялогу паміж Беларуссю і Літвой не вычарпаныя. І мы спадзяёмся, што канструктыўнасці ў нашым дыялогу з кожным крокам будзе больш», — падкрэсліла Ія Малкіна.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».