Вы тут

Як дзіцячы сад стаў энергаэфектыўным


На даху ясляў-сада № 45 у Гродне нядаўна з'явіліся сонечныя калектары, а эканоміць электраэнергію, ваду і цяпло дзяцей вучаць лялькі Элік, Каплюша і Цяплоша. Гэта і многае іншае робяць у рамках праекта ПРААН «Энергаэфектыўнасць у школах», які фінансуецца за кошт сродкаў Еўрасаюза і мясцовых бюджэтаў.


Тэ­ат­раль­ная па­ста­ноў­ка «Як ка­ла­бок эка­но­мію шу­каў».

Як вада не бяжыць пад ляжачы камень, так і тут: права стаць першай у горадзе над Нёманам энергаэфектыўнай дашкольнай установай заслужылі, падаўшы на праектны конкурс ініцыятыву «Эканомія і беражлівасць — клопат дарослых і дзяцей» са сваімі педагагічнымі напрацоўкамі ў гэтым кірунку. Убачыўшы такую зацікаўленасць, сваё плячо падставілі арганізатары праекта «Энергаэфектыўнасць у школах», і ў выніку будынак, які за сваю 45-гадовую гісторыю ніколі капітальна не рамантаваўся, атрымаў другое жыццё. Цяпер энергазберагальным патрабаванням адпавядаюць і сцены, і вокны, і дах. Больш за тое, на даху ўстанавілі 24 блокі сонечных калектараў для падагравання вады, прыбудаваўшы да будынка цеплавузел з накапляльнымі бакамі. Плюс энергазберагальныя электралямпачкі, датчыкі ўключэння святла ў калідорах, энергаэфектыўнае абсталяванне для прыгатавання ежы — халадзільнікі, параканвектамат, індукцыйная пліта, электрапатэльня...

— Карысць ад мадэрнізацыі будынка ўжо відавочная, — кажа загадчыца ясляў-сада Людміла КУШНІРУК. — У прыватнасці, у памяшканнях стала значна цяплей, чым было раней. Прычым з меншымі затратамі. Будзем самі сачыць за гэтым, штодзённа фіксуючы паказанні па расходзе энергарэсурсаў.

Зрэшты, карысць не толькі ў энергаэфектыўных тэхналогіях. Важна, што літаральна з маленства з дня ў дзень дзеці назапашваюць практычны вопыт па пытаннях энергазберажэння, прывучаюцца эканоміць ваду, электраэнергію, цяпло. У гэтым ім дапамагаюць педагогі, а таксама знакі-напамінальнікі ў памяшканнях. І паступова становіцца нормай, што, напрыклад, пэндзлік пасля малявання трэба мыць не пад струменем вады, а ў місачцы. А каб у пакоі групы было цяплей, трэба шчыльна зачыняць дзверы.

Зразумела, што нейкіх нудных лекцый па эканоміі і беражлівасці педагогі сваім выхаванцам не чытаюць. Распрацавалі цыкл дыдактычных гульняў, у якіх разам з дзецьмі веды па энергазберажэнні засвойваюць лялькі Элік, Каплюша і Цяплоша. Раз на квартал выпускаюць газету «Шрэк» (школа развіцця эканамічнай культуры) з парадамі для бацькоў і «энергазберагальнымі» крыжаванкамі, каб разгадалі разам з дзецьмі, пачыталі ім вершы, апавяданні. А за тэатральную пастаноўку «Як калабок эканомію шукаў» (артысты — дзеці і іх настаўнікі) сталі лаўрэатамі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці «Энергамарафон-2015».

— Прыемна, што ў гэтай рабоце нас падтрымліваюць бацькі, бабулі і дзядулі нашых выхаванцаў, — зазначае Людміла Кушнірук. — Дарэчы, пра тое-сёе, кажуць бацькі, дзеці нагадваюць і ім: «Мама, навошта гэтая лямпачка гарыць?»

У тэму

У рамках праекта «Энергаэфектыўнасць у школах» мадэрнізаваны і будынак ясляў-сада №6 у Ашмянах. Прычым, па ініцыятыве мясцовых улад, зроблена нават больш, чым прадугледжана праектам. Разам са сродкамі Еўрасаюза ў фінансаванні работ удзельнічалі раённы бюджэт, прадпрыемствы горада і бацькі дзяцей з гэтай дашкольнай установы. На даху з'явіліся геліякалектары для падагравання вады, правялі цеплавую рэабілітацыю будынка, устанавілі сучасныя, энергазберагальныя вокны, абсталявалі новую сістэму вентыляцыі, мадэрнізавалі басейн, набылі сучаснае абсталяванне і посуд для харчовага блока... І шмат розных цікавінак у навучанні дзяцей асновам эканоміі і беражлівасці.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Сонечныя калектары і лялька Цяплоша

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».