Вы тут

17 верасня 1939 года. Адна падзея і не адна гісторыя


Зноў восень, і зноў верасень. Сёння ў Беларусі для большасці людзей гэты месяц атаясамліваецца з пачаткам навучання ў школах і ВНУ, са святам збору ўраджаю. Таксама можна ўзгадаць, што 1 верасня 1939 года з нападу нацысцкай Германіі на Польшчу пачалася Другая сусветная вайна. Калі ж сёння запытацца пра падзеі 17 верасня далёкага 1939-га, то мала хто, пэўна, адразу скажа пра паход Чырвонай арміі, вынікам якога стала ўз'яднанне Беларусі і Украіны і атрыманне амаль тых межаў, у якіх цяпер існуюць гэтыя краіны. Самае цікавае, што падзея нібыта адна, але поглядаў на яе так шмат і яны ў такой ступені супярэчаць адна адной, што пачынаеш губляцца і не разумееш: а што ж у выніку адбылося?

У польскай гісторыі гэта «чорны і трагічны дзень», калі адбыўся здрадніцкі напад СССР на Польшчу, у выніку якога была занята «значная па памерах польская тэрыторыя». Для Савецкага Саюза гэта быў «акт гістарычнай справядлівасці» і крок «па абароне насельніцтва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны». У сучаснай Расіі да апошняга часу было даволі нейтральнае стаўленне да гэтай падзеі і фармулявалася яна як «польскі паход Чырвонай Арміі». Для сучаснай Беларусі гэта «вяртанне тэрыторый і ўз'яднанне народаў у межах адной дзяржавы»... Як жа яно было на самой справе? Варта толькі прыгадаць агульнавядомыя гістарычныя факты...


«Крэсы ўсходнія» ці Заходняя Беларусь?

17 верасня 1939-га Чырвоная Армія ўвайшла на тэрыторыі, якія да гэтага часу палякі называюць «крэсы ўсходнія» («усходнія рэгіёны») і адстойваюць незаконнасць такіх дзеянняў з пункту гледжання міжнароднага права, а некаторыя нават сцвярджаюць аб неабходнасці вяртання гэтых тэрыторый у склад сучаснай польскай дзяржавы. Як жа частка Заходняй Беларусі аказалася ў складзе Польшчы, ці сапраўды яны з'яўляюцца польскімі тэрыторыямі з польскім насельніцтвам?

Гісторыя сведчыць, што тыя тэрыторыі, якія палякі лічылі «сваімі», знаходзіліся ў складзе польскай дзяржавы на працягу 18 гадоў (!) і пераважную большасць на іх складалі беларусы. Да гэтага недзе 600 гадоў яны былі часткай Вялікага Княства Літоўскага (у тым ліку калі была створана федэратыўная Рэч Паспалітая), а потым крыху болей за стагоддзе існавалі ў складзе Расійскай імперыі пад назвай «Северо-Западный край» і ўключалі ў асноўным беларускія губерні.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года з'явіўся шэраг новых краін, і сярод іх Польская Рэспубліка, на чале якой пасля вяртання з нямецкага палону стаў моцны лідар Юзэф Пілсудскі. Яго марай было аднаўленне Рэчы Паспалітай «ад мора да мора» з тытульнай польскай нацыяй на чале. Менавіта гэтая мэта стаяла перад палякамі, калі распачалася савецка-польская вайна 1919—1921 гадоў.

У той жа час бальшавікі мелі надзеі на сусветную рэвалюцыю, якую можна распаліць у Польшчы і Германіі. Але на тэрыторыі Расіі ішла грамадзянская вайна, краіна была аслаблена пасля рэвалюцыі і Першай сусветнай вайны, да таго ж савецкая армія мела вельмі мала прафесіянальных ваенных у сваім складзе. Палякі ж хоць і не здолелі пабудаваць новую Рэч Паспалітую, па выніках вайны ўсё ж такі атрымалі значныя тэрытарыяльныя здабыткі ў выглядзе заходніх частак Беларускай і Украінскай ССР.

Дэ-юрэ і дэ-факта

Сёння агульнавядома, што паход савецкай арміі, ды і сам пачатак Другой сусветнай вайны стаў магчымы дзякуючы двум дакументам — Мюнхенскаму дагавору 1938 года (прадэманстраваў нежаданне Францыі і Вялікабрытаніі канфліктаваць з Германіяй, нават калі апошняя пачынае агрэсію супраць суверэнных краін, фактычна даў на яе дазвол) і пакту Молатава — Рыбентропа 1939 года (у сакрэтным дадатку размяркоўваліся зоны ўплыву і фактычна дзялілася Еўропа паміж Германіяй і СССР). Атрымліваецца: нягледзячы на мірны дагавор з Польшчай, СССР увайшоў на тэрыторыю суверэннай краіны і акупаваў яе частку?..

Але нямецкія войскі пачалі напад 1 верасня 1939 года, а Чырвоная армія рушыла да польскіх межаў толькі 17 верасня. І тут трэба разумець, што адбывалася гэтыя два тыдні — нямецкія войскі фактычна занялі ўсю Польшчу, апроч тэрыторый Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Ганс Франк 15 верасня становіцца генералам-губернатарам акупаванай Польшчы, увесь польскі ўрад 16 верасня ўцякае ў Румынію, туды ж раней быў перапраўлены залаты запас краіны. Чырвоная армія ўваходзіць на тэрыторыю дзяржавы, якая існуе дэ-юрэ, але ўжо не дэ-факта, і чырвонаармейцаў беларусы на «акупаваных тэрыторыях» сустракаюць кветкамі...

А што далей?

Вядома, што пасля 17 верасня было яшчэ шмат падзей трагічнай Другой сусветнай вайны. Былі і драматычныя, і гераічныя старонкі супраціву народаў «карычневай чуме». Былі партызанская барацьба, спаленыя вёскі, было шмат чаго, пра што напісана не адна кніга.

Пасля перамогі саюзнікаў зноў паўстала пытанне аб межах вызваленых краін. І хоць вырашалі гэтыя пытанні СССР, Вялікабрытанія і ЗША, Польшча не засталася пакрыўджанай — яна замест страчаных атрымала такія нямецкія землі, як Усходняя Прусія, Памеранія, Ніжняя Сілезія і частка Брандэнбурга. Зразумела, з усіх гэтых тэрыторый былі выселены немцы. Да таго ж па асобным дагаворы з СССР у склад Польшчы ўвайшла Беластоцкая вобласць. 6 ліпеня 1945 года паміж Часовым урадам нацыянальнага адзінства Польшчы і ўрадам СССР было складзена пагадненне пра абмен насельніцтвам: асобы польскай і яўрэйскай нацыянальнасці, што былі грамадзянамі даваеннай Польшчы і жылі ў СССР, атрымалі права на выезд у Польшчу, а асобы рускай, украінскай, беларускай і літоўскай нацыянальнасцяў, якія жывуць на тэрыторыі Польшчы, павінны былі перасяліцца ў Савецкі Саюз.

Лічбы гістарычнай статыстыкі: да 31 кастрычніка 1946 года з Польшчы ў СССР перасялілася каля 518 тыс. чалавек, а з СССР у Польшчу — каля 1 млн. І нібыта пытанне аб межах і «крэсах» было вырашана...

Старая гісторыя ў новых абставінах

Пасля распаду СССР і знікнення Варшаўскага блока з'явіліся новыя суверэнныя і незалежныя краіны. Былі захаваны тыя межы, у якіх дзяржавы існавалі паводле Ялцінска-Патсдамскай канферэнцыі і непарушнасць якіх гарантавалася сістэмай міжнароднага права і ААН.

З пачатку 1990-х гадоў польскія гісторыкі напісалі шмат кніг пра тое, што атрыманыя пасля Другой сусветнай вайны тэрыторыі насамрэч з'яўляюцца «спрадвечна польскімі» і належалі ім яшчэ ў часы напаўлегендарнай дынастыі Пястаў. Нямецкі горад Брэслау атрымаў назву Вроцлаў, а вольны горад Данцыг стаў Гданьскам.

Але неўзабаве вярнулася ў польскую гісторыю і абмеркаванне «крэсаў усходніх». І вось тэрыторыі, на якіх заўседы большасць насельніцтва была беларускай і якія былі адасоблены ад свайго народа толькі на 18 гадоў, сталі таксама «спрадвечна польскімі», і гэтаму шукаюцца любыя падыходзячыя доказы, падводзяцца гістарычныя факты. У польскім грамадстве нават культывуецца настальгія па «адарваным краі».

Але ж вядома, што на занятых тэрыторыях польскае кіраўніцтва распачало працэсы паланізацыі. Да 1939 года амаль усе беларускія школы былі пераўтвораны ў польскія, спынена выданне беларускіх газет і часопісаў, забаранялася выкарыстанне беларускай мовы ў дзяржаўных установах і органах мясцовага самакіравання. Нават праваслаўныя храмы перадаваліся пад уладу каталіцкай царкве і ператвараліся ў касцёлы. Кожны, хто жыў на тэрыторыі заходней ад Негарэлага тыя 18 гадоў, можа гэта падцвердзіць. А скептыкам можна параіць пачытаць Максіма Танка.

Акрамя таго, польскі ўрад пачаў засяленне беларускіх земляў асаднікамі — былымі польскімі афіцэрамі. Іх зямельныя ўладанні павялічваліся за кошт земляў беларускіх сялян. Кожны з амаль 300 тысяч польскіх каланістаў атрымаў па 12—18 гектараў. Атрымліваецца, польскія паны, якіх было менш за 1% ад усёй колькасці насельніцтва Заходняй Беларусі, валодалі амаль паловай беларускай зямлі.

Сапраўдная каштоўнасць

Да падзей 17 верасня 1939-га можна ставіцца па-рознаму, разглядаць іх як злачынства ці акт справядлівасці, шукаць аргументы і доказы да кожнага пункту гледжання. Але трэба памятаць галоўнае — тады была адноўлена цэласнасць нашай краіны і нашага народа. І хоць гэта адбылося не ў выніку нацыянальнай рэвалюцыі ці грамадзянскай вайны, вартасць гэтага аб'яднання не меншая.

Не беларусы аддавалі заходнюю частку сваёй тэрыторыі Польшчы ў 1921-м, не ўласныя войскі Беларусі ўваходзілі для вяртання гэтых земляў у 1939-м, і не беларуская дэлегацыя змагалася за захаванне межаў, у якіх пражываў беларускі народ у 1945-м. Але ўсё ж такі Беларусь стала самастойнай і незалежнай дзяржавай, і для нас становіцца галоўным захаваць разуменне таго, што адзінства нашай краіны з'яўляецца сапраўднай каштоўнасцю. А заявы пра належнасць тых ці іншых тэрыторый нашай дзяржавы нясуць сапраўдную небяспеку. Варта толькі паглядзець на суседнюю Украіну...

Алена Ляўковіч

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.