Вы тут

Эксперымент: як накарміць трох чалавек за 10 рублёў?


Даўнавата было, але помніцца. Адзін выпадковы знаёмы скардзіўся: у Брэсце надта цяжка з элітнымі прадуктамі. Калі і трапляюцца такія, то трэба быць асабліва ўважлівым з тэрмінамі захавання, а то іх не разбіраюць, і яны могуць залежвацца. «Таму мусіш па дарагія рыбу, мяса, сыры ў Польшчу ездзіць», — падзяліўся сваёй праблемай ну вельмі нябедны суайчыннік. Прайшло даволі часу, цяпер, відаць, і ў нашай краіне стала магчыма набываць асабліва дарагое і якаснае. Але ў большасці людзей сёння праблемы... як бы гэта сказаць мякка, крышачку іншыя, чым у нашага паспяховага героя. А пэўная частка грамадства мае клопаты прама процілеглыя і штодзень чухае патыліцу, як найбольш танна пракарміць сябе альбо сям'ю.


Вось і карэспандэнт газеты задалася такім пытаннем, як выкруціцца, калі ў кашальку застаюцца апошнія 10 рублёў (сто тысяч на старыя), і прайшлася па брэсцкіх крамах і рынках розных формаў уласнасці.

Раней даводзілася чуць, што параўнальна нядаўна ў свабоднай эканамічнай зоне адкрылася крама «Белавежскія далікатэсы» аднайменнага прадпрыемства, куды многія людзі ездзяць з усяго горада. З'явілася нагода наведаць гэта гандлёвае прадпрыемства на вуліцы з цікавай назвай Кацін Бор. Сапраўды, там аказаліся ў наяўнасці каўбасы па цане 2 рублі 60 капеек і 2 рублі 88 капеек. Падобных цэн не даводзілася сустракаць больш нідзе. Прыкладна такі ж кошт значыўся на мясараслінных сасісках і сардэльках.

Антаніна Віктараўна, энергічная пенсіянерка, да якой я звярнулася на аўтобусным прыпынку, рэгулярна наведвае краму, а сёння збіраецца набыць упакоўку сардэлек. Паводле яе слоў, у вялікай сям'і даводзіцца эканоміць: зяць застаўся без работы, працуе адна дачка. Унукі, пакуль цёпла, шмат бегаюць па двары, запасы энергіі трэба папаўняць. Бабуля ўзяла на сябе і распараджэнне сямейнай касай і прыгатаванне ежы на дзень для ўсёй сям'і. Вось і ходзіць зранку па крамах.

Адна з самых танных каўбас названага магазіна — «Мінская» са шпікам — аказалася прымальнай на смак. У складніках прадуктаў пазначаны тлушч, манныя крупы, соевы бялок і іншыя інгрэдыенты, з-за якіх прадукт не купіць той, хто аддае перавагу здароваму харчаванню. Але ж бываюць сітуацыі, як у Антаніны Віктараўны. Таму запісваем на рахунак два з паловай рублі амаль за кілаграм каўбасы і адпраўляемся далей.

Вядома ж, бюджэтную вячэру складана ўявіць без бульбы. «Другога хлеба» на нашых рынках багата. І добрую бульбачку можна знайсці, напрыклад, на рынку мікрараёна Кавалёва па сорак капеек. Такім чынам, прыбаўляем 80 капеек за два кілаграмы. Затым выбіраем памідоры, агуркі, капусту. Дарэчы, капусту з агуркамі па 50 капеек даводзілася сустракаць у краме аблспажыўсаюза. Бо на рынку адборныя гурочкі ўжо даражэйшыя. А вось памідоры, якія прадаюць бабулькі нават на малых гандлёвых радах, сустракаюцца за рубель, а то і 80 капеек. За паўтара рубля мы запасаемся агароднінай і прыцэньваемся да яблыкаў. Ну які стол без дэсерту? А самы танны, здаровы і смачны дэсерт можна атрымаць, калі запячы антонаўку ці падобны на яе сорт з маленькай лыжачкай мёду ды карыцай.

На брэсцкіх рынках цана на яблыкі вагаецца ў межах ад 60 капеек да 2 рублёў. А нядаўна давялося праязджаць па вёсках Чарнаўчыцы, Вістычы побач з Брэстам, дзе вяскоўцы здаюць садавіну нарыхтоўшчыкам са спажыўкааперацыі. Дык вось, кааператары прымаюць яблыкі па 3 капейкі за кілаграм. Калі ў каго зусім няма знаёмых у вёсцы альбо сваёй дачы, можна сесці ў прыгарадны цягнік, праехаць адзін прыпынак і прапанаваць тым жа бабулькам 5 капеек за кіло яблык. Яны і рады будуць, яшчэ і слівамі пачастуюць, а калі пашанцуе, дадуць у прыдачу кабачок. Бо цяпер год у нашай мясцовасці надзвычай ураджайны на слівы і яблыкі. І вельмі часта садавіна ападае і псуецца. Тыя жыхары вёскі, якія маюць гаспадарку, скормліваюць яблыкі скаціне.

Так што яблыкамі запасціся можна ў любой вёсцы амаль за бясцэнак. А вось свойскія яйкі ці малочныя прадукты купляць не выпадае, бо яны цэняцца цяпер даражэй за магазінныя. Так, дзясятак яек ад рабой бабінай курачкі менш чым за два рублі наўрад ці знойдзеш. А вось гродзенская птушкафабрыка мае сваю краму на папулярным брэсцкім рынку «Лагуна», там дзясятак яек можна набыць за 1 рубель 30 капеек. Для нашай умоўнай вячэры альбо абеду якраз падыходзіць.

Грошы ў нас, як нескладана ўпэўніцца, застаюцца. Можна падумаць пра яшчэ адну страву, напрыклад сырнікі. Тварог у вакуумнай упакоўцы добрай якасці пружанскага малочнага прадпрыемства ведаюць многія гаспадыні нашага абласнога цэнтра. Хаця б таму, што 400 грамаў яго каштуе прыкладна паўтара рубля. Калі купляць два пачкі ад іншага вытворцы, абыдзецца нашмат даражэй. Дарэчы, у гэтай жа краме па праспекце Машэрава часта бывае прадукцыя Лунінецкага малочнага завода, яна прадаецца крыху танней за вядомыя брэнды і вельмі смачная, тварог надта нагадвае дамашні. Так што малако і кефір мы возьмем менавіта тут. Ад першапачатковай зададзенай сумы застаецца мала, хіба толькі хлеба купіць.

Такім чынам, на нашы 10 рублёў мы можам наварыць бульбы, падаць яе з каўбасой, зрабіць салату з агародніны, прыгатаваць яечню і сырнікі. Апошняе пры ўмове, што ў доме знойдзецца шклянка мукі і некалькі лыжак алею. Пра дэсерт з яблыкаў я ўжо пісала.


Вядома, за 10 рублёў лепш купіць невялікі кавалак добрага мяса і запячы яго ў чаканні гасцей альбо выпіць па кубку кавы ў прыстойнай кавярні з дваімі сябрамі. Але прыведзеныя нататкі могуць зацікавіць тых, хто мае патрэбу і прывычку эканоміць. Ім варта прыглядацца да фірменных гандлёвых пунктаў прадпрыемстваў. Яны, як правіла, прадаюць тавар з мінімальнымі нацэнкамі. Пры падрыхтоўцы гэтага матэрыялу я заўважыла на цэнтральным рынку Брэста павільён тутэйшага мясакамбіната. Зверху вісела вялізная аб'ява аб зніжках. Чарга стаяла вялікая, значыць сапраўды прадавалі мясныя вырабы танней. Пра акцыі на асобныя прадукты гіпермаркетаў, думаю, ведаюць усе. Дарэчы, рыбу па зніжаных цэнах у самым заходнім горадзе краіны можна набыць у краме «Санты». Кожны месяц там ладзяцца акцыі.

Заўважана, што ёсць катэгорыя людзей, якія за хобі маюць звычку ездзіць па ўсім горадзе ў пошуках патрэбных ім прадуктаў. Выгаднае хобі. А я, напрыклад, найбольш люблю невялікія крамы ля дома, так званыя гандлёвыя пункты крокавай даступнасці. Добра было б, каб і ў іх цэны хоць калі-небудзь радавалі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».