Вы тут

Вярблюд/бамбук


За акном ужо была густая цемра, прыпраўленая вязкім туманам, гадзіннік паказваў амаль палову дзявятай. Нумар быў падпісаны, усе думкі былі за межамі кабінета і мітусіліся ад смачнай ежы да мяккай канапы... Раптам на стале зазваніў тэлефон — рэзка так, настойліва, ён не пакідаў сумненняў, што трэба абавязкова зняць трубку, што там, на тым канцы проваду, камусьці штосьці вельмі патрэбна, раз звоняць у рэдакцыю ў такі час.


«Добры дзень. Мяне завуць Тамара. Я маю гонар запрасіць вас на прэзентацыю эксклюзіўнай французскай бялізны, якая адбудзецца заўтра ў рэстаране такім-та. Ваш тэлефонны нумар быў выбраны метадам электроннай латарэі, таму вам вельмі пашанцавала. На прэзентацыі чакаюцца фуршэт і падарункі. Я вас зараз унясу ў спісы. Як ваша імя? Дарэчы, у вас унікальны бонус — вы можаце прыйсці на прэзентацыю з сябрам ці сяброўкай...»

Я падчас усёй гэтай тырады нават рот не паспела раскрыць. Ветлівая невядомая Тамара перла напралом, як цяжкі танк. Калі ж нарэшце яна змоўкла, рыхтуючыся запісаць імя маё і сяброўкі, якую я абавязкова прывяду з сабой, я, прызнаюся, не вельмі ветліва паведаміла ёй, што яна дарэмна змарнавала час, і параіла праверыць іхнюю «электронную латарэю», бо пазваніла яна не на кватэру, а ў сур'ёзную ўстанову, дзе людзі працуюць, а не дурнотай займаюцца. Тамара ледзь не басам злосна буркнула «прабачце» і паклала трубку.

Нешта ў Тамары ў той дзень не заладзілася, калі яна са сваімі прапановамі званіла позна ўвечары, ды яшчэ не на кватэрны нумар. Звычайна гэтыя «лаўцы чалавекаў» тэлефануюць у будны дзень дзесьці пад абед, калі дома застаюцца іх патэнцыяльныя кліенты — хатнія гаспадыні, «адпускнікі», якім не выпала нікуды з'ехаць, цікаўныя пенсіянеркі... Як паказвае ўласны досвед (дакладней, не ўласны, а адной такой цікаўнай пенсіянеркі, якая хутка прыедзе з летняга сезона на зімоўку), звоняць ледзь не кожны дзень з зайздросным пастаянствам. І гэта пры тым, што мама, строга мной навучаная, усім гэтым тамарам жаласліва так адказвае: «А дзіцятка ты маё, куды ж я пайду, я дурная вясковая баба, з хаты баюся выйсці...» (Мы пасля ўвечары шчыра з гэтага рагочам). Але назаўтра чарговая тамара звоніць зноў, зноў запрашае на «эксклюзіўную прэзентацыю». Выходзіць, іх у Мінску шмат, абсалютна паміж сабой не звязаных. Сапраўдная сетка. І назва ў яе адпаведная — сеткавы маркетынг.

Мая прыяцелька нядаўна, седзячы трэці тыдзень у адпачынку і з'язджаючы з глузду ад няма чаго рабіць, на такую прапанову адгукнулася.

Пайшла ў рэстаран (дарэчы, прыстойны і нятанны, чым і спакусілася) на прэзентацыю «пасцельнай бялізны новага пакалення». Вярнулася крыху збянтэжаная, з дзвюма прамавугольнымі падушкамі (адну з якіх тут жа паспрабавала мне прадаць). Падушкі тыя, як захоплена пачала мне расказваць, не простыя, а гаючыя. І ад бяссонніцы дапамогуць, і ад з'яўлення другога падбародка, і ад павышанага ціску, і ад скрыўлення пазваночніка. Слухаючы ўсю гэту рэкламную ахінею, я круціла ў руках цуда-тавар, набіты (як здалося навобмацак) ці то саломай, ці то пілавіннем, на абгортцы якога было напісана загадкавае: «Вярблюд/бамбук». «Дык усё-ткі тут бамбук ці вярблюд?— перабіла захоплены спіч сяброўкі. — Не, мне гэткі мікс не падыходзіць». Тая падхапіла чароўныя падушкі і, пакрыўджаная, пайшла.

Патэлефанавала праз два тыдні — рагоча, аж заходзіцца. «Слухай, дакладна магу сказаць: там бамбук. А можа, што іншае, але дакладна дрэва! Трэскі ўжо павылазілі!» Мы з ёй пасля ў кавярні сітуацыю па дэталях разабралі. У тым дарагім рэстаране, дзе прэзентацыя была, уласна ад рэстарана былі толькі сталы ды сцены. На сталах стаялі бутэрброды і кола ў пластыкавых кубачках. Дзяўчаты, што прэзентавалі тавар, былі ветлівыя, але настойлівыя («Вы толькі патрымайце ў руках, адчуйце, як гэта зручна, ад яе, здаецца, нават цяпло ідзе»). Падобныя падушкі яна ўжо бачыла: прадавалі цыганкі ў пераходзе, прычым удвая танней. Але ж нават у галаву не прыйшло іх купіць! «Не ведаю, як насланнё найшло. Можа, яны якім гіпнозам валодаюць?»

Давайце ўгадаю: у кожнага з тых, хто чытае гэтыя радкі, у хаце знойдзецца якая-небудзь непатрэбная і абсалютна бескарысная трасца.

Штопар, які не адкаркоўвае бутэлькі, тарка, на якой і сыр не падзярэш, патэльня, «непрыгаральнае» пакрыццё якой уздзьмулася пры першым жа награванні... І купілі вы ўсё гэта добраахвотна ў прыемных усмешлівых людзей, якія адчынялі дзверы ў кабінет або кватэру з радасным: «Добры дзень! Віншую вас! Вам пашанцавала: у нас сёння акцыя...» (Пра «гербалайф» згадваць тут не буду, хоць нядаўна са здзіўленнем даведалася, што фірма гэта жыве і квітнее: нядаўна ў Мінску арандавалі адну з самых вялікіх залаў пад правядзенне міжнароднага сходу.) Цяпер «карабейнікі» перасталі займацца пакватэрным абходам, перайшлі на абзвон і на калектыўныя прэзентацыі. Але працуюць усё па тым жа прынцыпе, з той жа мэтай — уперці вам, ды падаражэй, непатрэбшчыну, цана якой насамрэч — капейкі. Дзейнічае цэлы сіндыкат, і прыцягнуць да адказнасці іх ніхто не можа. Па крымінальнай класіфікацыі на махлярства гэта дзейнасць не цягне: людзей жа не дураць, яны ж маюць магчымасць памацаць, панюхаць, на зуб пакаштаваць тое, што набываюць...

Вось у гэтым і галоўны сакрэт поспеху сеткавага маркетынгу. Яго спецыялісты працуюць па адмысловай методыцы, у якой прапісана ўсё: пачынаючы ад таго, як вітацца, запрашаючы на прэзентацыю, колькі хвілін гаварыць па тэлефоне, і заканчваючы тым, як угаварыць кліента купіць не адзін тавар, а два. Асноўны пастулат гэтай навукі: абавязкова даць патэнцыяльнаму пакупніку патрымаць тое, што трэба прадаць, у руках. Нават калі рэч зусім не патрэбна, у ахвяры на ўзроўні падсвядомасці спрацуе інстынкт уласніка, яна ўжо не захоча выпускаць яе з рук. Методыка абяцае 95 працэнтаў поспеху. Дадайце сюды ўжо ўласна наша, нацыянальнае «Няёмка, чалавек тут так стараўся, як жа яго пакрыўдзіць, нічога не купіўшы...» — атрымаецца і ўсе сто працэнтаў. Вось вам і ўвесь «гіпноз».

Цікава, калі б наладзіць распродаж цуда-сродку для мазгоў, які дапамагае не быць абдураным, — вынік быў бы той жа?..

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.