Вы тут

5 прычын успомніць дарогу да бібліятэкі


У сучасным імклівым свеце да высокага тэмпу жыцця мусяць прыстасоўвацца, змяняцца, развівацца нават самыя зацятыя кансерватары. Таму лагічна, што і бібліятэкі не стаяць на месцы і, апроч кніг, газет і часопісаў, прапануюць сваім наведвальнікам мноства дадатковых паслуг. Ужо нават не варта чарговы раз падкрэсліваць татальную змену іміджу сферы: сёння бібліятэка — не проста захавальніца і «пазычальніца» кніг, але паўнавартасны культурны цэнтр, дзе можна пабачыць мноства цікавінак. А бібліятэкар — не строгая жанчына ў акулярах з высокай прычоскай, а асоба крэатыўная, вясёлая, ініцыятыўная. Таму надзвычай радуе той факт, што вядомую фразу «Цішыня павінна быць у бібліятэцы!» можна назаўсёды адмяніць.


Зрэшты, не ўсе памятаюць пра тыя «бонусы», што мы атрымліваем, стаўшы наведвальнікамі бібліятэкі. І менавіта сёння, калі ў нашай краіне адзначаецца Дзень бібліятэк, варта згадаць некаторыя з прычын, чаму трэба здзьмухнуць пыл са свайго чытацкага білета і нарэшце завітаць у гэтую ўстанову.

1. Калі сумна, тут можна знайсці забавы пад свой густ. Варта памятаць, што бібліятэка сёння — гэта перадусім пляцоўка, на якой знаходзяць прытулак самыя розныя творчыя ініцыятывы. Гэта не толькі «кропкавыя» мерапрыемствы (але і іх варта мець на ўвазе), але і сталыя суполкі. Клуб аматараў чытання, таварыства настольных гульняў, гурток вязальшчыц-вышывальшчыц ці аб'яднанне прыхільнікаў мастацтва арыгамі. Я, вядома, жартую, але і ў гэтым жарце ёсць доля праўды. Зазірніце ў бліжэйшую бібліятэку, магчыма, там ужо збіраецца нейкая суполка, да якой можна далучыцца і знайсці аднадумцаў.

2. А калі суполкі няма, то яе магчыма арганізаваць. Звярніцеся з такой прапановай да бібліятэкара і, я ўпэўнена, яе падтрымаюць. Установе зусім не складана адвесці невялікі куточак для вас і вашых сяброў. Дома ж збірацца не заўсёды зручна. А раптам і іншыя наведвальнікі заўважаць групку, далучацца і сяброў прывядуць. Бо калі гараджаніну вельмі проста знайсці спосаб культурна бавіць час ці проста сабрацца кампаніяй, каб пагаманіць, то ў вёсцы з гэтым намнога складаней. Дык навошта чакаць, калі нехта прыйдзе і будзе вас забаўляць? Гэта можна рабіць самім. У бібліятэцы.

3. Тут можна пазычыць кнігі бясплатна ці нават атрымаць іх у падарунак. Сёння часта можна пачуць скаргі накшталт: кнігі не чытаю і не набываю, бо 1) яны дарагія, 2) у нашай мясцовасці няма кнігарні. Але ж бібліятэкі ёсць! Многія чамусьці забыліся, што скарыстацца іх паслугамі можна абсалютна бясплатна (або за невялікія грошы, калі гаворка ідзе пра спецыяльны фонд). Тым больш каштоўнымі паслугі бібліятэкі становяцца для сем'яў з дзецьмі: так можна атрымаць вялікі запас кніг для чытання і навучыць дзіця беражлівым адносінам да рэчаў: кнігі ж трэба вяртаць у добрым стане. Больш за тое, многія бібліятэкі сёння арганізоўваюць спецыяльныя паліцы для буккросінгу. Калі кніга, змешчаная тут, спадабалася — маеце поўнае права пакінуць сабе, калі не — можна зноў вярнуць на паліцу, дзе яна будзе чакаць наступнага чытача.

4. Ёсць доступ да інтэрнэту і многіх электронных рэсурсаў. Так, у наш век інфармацыйных рэсурсаў гэты аспект усё яшчэ актуальны. Не ўсе жыхары вёсачак маюць дома камп'ютары з выхадам у сеціва. Не ўсе могуць сабе дазволіць набываць дарагія базы даных, даведнікі і слоўнікі. А ў бібліятэках яны ёсць! Па звестках Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, на пачатак гэтага года доступ у інтэрнэт мелі каля
68 працэнтаў публічных бібліятэк краіны і, думаю, гэтая лічба з кожным годам будзе толькі павялічвацца.

5. Можна больш даведацца пра свой родны край і пабываць у міні-музеі. Сёння бібліятэкі (а часта менавіта яны — адзіныя культурныя ўстановы мясцовасці) разам з іншымі выконваюць ролю захавальніц народных скарбаў. Тут размяшчаюцца тэматычныя этнаграфічныя экспазіцыі, а супрацоўнікі вядуць работу па зборы звестак пра мінуўшчыну краю. Таму калі вучням ці студэнтам трэба напісаць рэферат пра гісторыю мясцовасці, прадставіць праект пра тое, як жылі продкі, то лепш адразу крочыць у бібліятэку. Тут вы дакладна знойдзеце тое, пра што «Вікіпедыя» нават не здагадваецца.

Гэта цікава!

* Дзень бібліятэк адзначаецца ў Беларусі з 2001 года ў адпаведнасці з указам кіраўніка дзяржавы. Дата выбрана не выпадкова — у гонар заснавання галоўнай кніжніцы краіны, Нацыянальнай бібліятэкі.

* Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, на пачатак года ў Беларусі працавала 2,9 тысячы публічных бібліятэк, іх агульны фонд складае амаль 60 мільёнаў асобнікаў кніг, часопісаў, рукапісаў і іншых крыніц інфармацыі.

* На адну бібліятэку ў сярэднім прыпадае 21 тысяча асобнікаў бібліятэчнага фонду. З іх 18 асобнікаў — на аднаго чытача.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Тэрыторыя Не-цішыні

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.