Вы тут

Як правільна падрыхтавацца да халадоў


Цёплыя летнія дзянькі ўжо адышлі ў гісторыю. За час, што застаўся да надыходу халадоў, трэба правесці рэвізію гатоўнасці жылля да зімы. Але як зрабіць усё правільна з улікам пажарнай бяспекі? Пра гэта карэспандэнт «Звязды» папрасіў расказаць начальніка ўпраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Уладзіміра Рафальскага.


Сімптомы «зарослага» дымахода

— Шмат трагедый у прыватных дамах у халодны час году разгортваецца па адным і тым жа сцэнарыі. Чалавек паліць у печы ўвечары, калі пасля захаду сонца паветра прыкметна халадае. Закрыў юшку і пайшоў спаць. Дровы да канца не прагарэлі і працягваюць тлець. А кісларод да іх ужо не паступае! Калі прыгадаць школьны курс хіміі, то пры недахопе кіслароду пры гарэнні вугляроду ўтвараецца вельмі небяспечны чадны газ. Вось так самахоць чалавек і выракае сябе на смерць з высокай доляй верагоднасці. Менавіта таму ратаўнікі раяць разлічваць час так, каб печ выпалілася за 2 гадзіны да сну.

Найгалоўнейшай крыніцай небяспекі ў прыватным доме лічыцца печ. На першы погляд яна можа быць у прыдатным для эксплуатацыі стане. Але не выключана, што ў корпусе печы з-за ўсадкі ці натуральнага старэння матэрыялаў утварыліся мікраскапічныя шчыліны, праз якія будзе выходзіць у памяшканне чадны газ. Таму сценкі печы і дымаход трэба пабяліць растворам вапны і пасля ў ёй выпаліць. І праблемныя месцы пазначацца чорным колерам самі па сабе. Гэта неабходна зрабіць ужо зараз, пакуль не надышло халоднае надвор'е, калі без пячнога ацяплення абыходзіцца будзе немагчыма.

Сажа мае ўласцівасць моцна прыставаць да сценак коміна. У зоне найбольшай рызыкі сценкі, складзеныя з цэглы. Яны маюць шурпатую структуру. А далей запускаецца замкнёнае кола: чым больш сажы, тым шурпатасці болей. Праз некаторы час цяга прыкметна пагоршыцца праз тое, што дыяметр для вывядзення дыму зменшыўся. Чалавек пачынае адчуваць холад, але кладзе ў печку больш дроў. Чым часцей адбываецца паленне, тым імклівей нарастае пласт сажы ў коміне. І так пакрысе становішча становіцца пажаранебяспечным. Да таго ж дрэнная цяга спрыяе таму, што вуглякіслы і чадны газы не выходзяць у паветра, а пачынаюць паступаць у пакой. Вокісу вугляроду патрэбна толькі некалькі хвілін, каб ператварыць жытло ў «газавую камеру».

Сімптомы «зарослага» дымаходу вызначыць нескладана. Самы лепшы індыкатар — гэта колер дыму, які змяніўся. З чыстага коміна дым будзе выходзіць светлым, белым або празрыстым. Сажа, якая назбіралася ў дымаходзе, пачынае змяняць колер у бок цёмнага спектра. Тое, што нешта пайшло не так, можна заўважыць і па змене колеру полымя ў печы. У звычайных умовах яно будзе светла-аранжавым. Пры забітым коміне яго колер зменіцца да цёмна-апельсінавага.

Таму ратаўнікі раяць чысціць дымаход ад сажы перад ацяпляльным сезонам, а таксама не радзей чым раз у 3 месяцы. Што і казаць, праца даволі брудная і малапрыемная, але неабходная...

— Печ і комін у месцах судакранання з драўлянымі перакрыццямі мусяць мець патаўшчэнне цаглянай кладкі, — працягвае Уладзімір Рафальскі. — Навядзіце парадак і перад топкай. Не выключана, што з яе могуць выпадаць вугольчыкі. А калі ўнізе падлога зроблена са звычайных дошак? Таму перад топкай неабходна прыбіць металічны ліст памерамі, не меншымі за 70х50 сантыметраў. Вопратку, мэблю, фіранкі і дровы трэба прыбраць ад топкі на адлегласць, не меншую за 1,25 метра. Попел і вугалі трэба выкідваць не бліжэй за 15 метраў ад пабудовы. Печка — не прыстасаванне для сушкі на ёй вільготных рэчаў і сырых дроў.

Тры гады таму ў Шклоўскую цэнтральную раённую бальніцу прывезлі 13-гадовага хлопчыка з апёкамі 2-3-й ступені 10% цела. Ад полымя пацярпелі кісці рук і нага. Абставіны трагедыі высветлілі неўзабаве. Аказалася, што ў двары свайго дома хлопчык распальваў печ. А каб працэс адбываўся хутчэй, падлетак дадумаўся лінуць на вугалі бензін.

— Небяспека лёгкаўзгаральных вадкасцяў у тым, што над іх паверхняй пры любой тэмпературы ўтвараецца гаручая канцэнтрацыя пары, — кажа Уладзімір Рафальскі. — Яны вельмі лёгка загараюцца пры кароткачасовым кантакце з любой крыніцай узгарання, да якіх адносіцца і моцна нагрэтая паверхня. Гаручая канцэнтрацыя пары можа распаўсюджвацца ад месца ўцечкі на даволі далёкую адлегласць. Менавіта таму і забаронена выкарыстоўваць любыя лёгкаўзгаральныя вадкасці пры распальванні печы. Таксама не дазваляйце дзецям самастойна распальваць агонь у печы.

Яшчэ адна істотная памылка пры эксплуатацыі печкі — гэта яе пераграванне. Нават калі вельмі хочацца пагрэцца, паліць у печы трэба не бясконца, з ранку да ночы, а інтэрваламі прыкладна па паўтары гадзіны і не больш як два-тры разы на суткі.

«Кулібіным» — чырвонае святло

З жыллём у шматкватэрных дамах крыху прасцей у плане пажарнай абстаноўкі. Але адсутнасць печак і недахоп магутнасцяў цэнтральнага ацяплення кампенсуюцца абагравальнікамі.

Адной суботняй раніцай цішыню мінскага мікрараёна парушыў гук пажарнай сірэны. Ратаўнікі спяшаліся да інтэрната, з акна якога выбіваліся языкі полымя. Пасля таго як агонь быў патушаны, высветлілася, што крыніцай агню стаў абагравальнік, у якім адбылося кароткае замыканне.

— Калі выконваць інструкцыю да апарата, яго выкарыстанне цалкам бяспечнае. З нашай практыкі абагравальнікі загараюцца часцей за ўсё ў двух выпадках — калі іх накрываюць або калі іх уключаюць у адну і тую ж разетку разам з іншымі прыборамі. Апошняе асабліва датычыцца дамоў савецкай пабудовы — у многіх з іх праводка не была разлічана на высокія нагрузкі.

Таксама перыядычна пажары адбываюцца з прычыны эксплуатацыі самаробных абагравальнікаў. Здавалася б, і часы татальнага дэфіцыту даўно мінулі, і кошт сертыфікаваных апаратаў у краме далёка не завоблачны, але ж чамусьці і дагэтуль знаходзяцца аматары саматужнага абсталявання. Рэгіструюцца і выпадкі выкарыстоўвання так званых «жучкоў» — самапальных засцерагальнікаў замест калібраваных плаўкіх уставак і аўтаматычных механізмаў. Да пажару прыводзіць і непасрэднае злучэнне паміж сабой электрычных дратоў, зробленых з розных металаў. Як правіла, гэта медзь і алюміній.

Да каго прыйдуць ратаўнікі?

Добрай традыцыяй стала правядзенне рэспубліканскай акцыі «За бяспеку разам». Яна скіравана на папярэджанне пажараў у жылых дамах і кватэрах напярэдадні халадоў. Сёлета ратаўнікі прыйдуць у госці да пажылых людзей і інвалідаў, якія жывуць адны, завітаюць у сем'і, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Яны правядуць інструктаж датычна правілаў пажарнай бяспекі, агледзяць стан праводкі і печак разам са спецыялістамі іншых ведамстваў. Акцыя сёлета запланавана на кастрычнік.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».