Вы тут

У дадатковай адукацыі з'явіліся новыя трэнды


Вывучаць касмічную біялогію, мікрафлюідыку і графічны экадызайн, займацца 3D-мадэляваннем, нейрапілатаваннем, дызайнам адзення і аксесуараў, вырабляць кераміку, ствараць мультфільмы і відэагульні, займацца гістарычнай рэканструкцыяй і дэкаратыўнай апрацоўкай металу — вось далёка не поўны пералік заняткаў, якія сёння прапануюць дзецям і моладзі ўстановы дадатковай адукацыі.

Дарэчы, псіхолагі лічаць, што бацькі ні ў якім разе не павінны аказваць ціск на сваё дзіця пры выбары таго ці іншага гуртка, клуба або секцыі. Толькі занятак па душы можа прынесці рэальную карысць. А вызначыцца з выбарам адразу могуць не ўсе. Знаходзіцца ў працэсе пошуку — гэта нармальны стан любога дзіцяці, якое жадае самарэалізавацца. У сілах бацькоў яму ў гэтым дапамагчы, штосьці падказаць, параіць, але іх погляды і жыццёвы вопыт не павінны быць вырашальнымі...


Мадэрнізацыя і аптымізацыя

Сёння ў краіне дзейнічаюць 305 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

— Гэта менш, чым было, скажам, яшчэ пяць гадоў таму, але аптымізацыя сеткі — натуральны працэс, — лічыць намеснік міністра адукацыі Віктар ЯКЖЫК. — Па-першае, былі перапрафіляваны аб'яднанні па інтарэсах, не запатрабаваныя навучэнцамі, па-другое, рэарганізаваны ўстановы дадатковай адукацыі са слабай матэрыяльна-тэхнічнай базай. Дзесьці трэба было аб'яднаць рэсурсы. Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя да павелічэння колькасці шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Але заўважу, што колькасць ахопу навучэнцаў не зменшылася: аб'яднанні па інтарэсах наведваюць па краіне каля 380 тысяч чалавек, ці кожны трэці навучэнец. Да таго ж не менш важна, што сістэма дадатковай адукацыі захавала ў нашай краіне свой сацыяльны статус на дзяржаўным узроўні.

Заняткі праводзяцца пераважна на бясплатнай аснове. На рэспубліканскім узроўні, у абласных цэнтрах доля платных гурткоў і секцый вагаецца ў межах ад 10 да 20 працэнтаў. У той жа час ёсць такія ўстановы, дзе платных паслуг усяго 1 працэнт ад агульнай колькасці.

Па словах Віктара Якжыка, мадэрнізацыя сістэмы дадатковай адукацыі яшчэ не скончана. Галоўнае — зрабіць так, каб яна адпавядала сучасным запатрабаванням навучэнцаў, таму паралельна з захаваннем традыцыйных напрамкаў трэба развіваць і тое, што сёння знаходзіцца на хвалі цікавасці ў падрастаючага пакалення: экстрэмальны турызм, скалалажанне, кемпінгавы турызм, новыя напрамкі ў ІТ-сферы... Эксперыментальна- інавацыйная дзейнасць на цяперашні момант — адзін з самых актуальных кірункаў развіцця дадатковай адукацыі.

— Апошнім часам пералік запатрабаваных прафесій пастаянна змяняецца. У сувязі з гэтым адным з прыярытэтных напрамкаў з'яўляецца стварэнне новых магчымасцяў для прафарыентацыі ва ўстановах дадатковай адукацыі, — падкрэслівае дырэктар Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Сяргей САЧКО. — Таму адукацыйны працэс у нашым цэнтры рэалізуецца як па традыцыйных напрамках, такіх як тэхнічнае мадэляванне і канструяванне, суднамадэляванне, авіямадэляванне, радыётэхніка і радыёэлектроніка, так і па напрамках, заснаваных на інавацыйнай творчасці: я маю на ўвазе прататыпаванне, прамысловую робататэхніку, нейрапілатаванне, інжынерны дызайн CAD, тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў. Але мы не гонімся за моднымі назвамі, а найперш думаем, што можа быць карысным для дзяцей у будучыні.

Сучасны рынак працы патрабуе развіцця інжынернага і прадпрымальніцкага мыслення ў старшакласнікаў і студэнтаў.

А для гэтага навучэнцы павінны мець магчымасць асвоіць на практыцы і прайсці ўвесь тэхналагічны ланцуг — ад зараджэння інавацыйнай ідэі да стварэння камерцыйнага прадукту. Мы нацэльваем нашых выхаванцаў на праектную дзейнасць. Ад гульнявога мадэлявання дзеці паступова пераходзяць да больш сур'ёзных рэчаў.

Сёння цэнтр каардынуе дзейнасць 180 шматпрофільных і 13 аднапрофільных устаноў дадатковай адукацыі ў галіне рэалізацыі праграм тэхнічнага і спартыўна-тэхнічнага профіляў. Практычныя заняткі ў аб'яднаннях па інтарэсах Цэнтра становяцца эксперыментальнымі лабараторыямі, у якіх апрабуюцца самыя прагрэсіўныя методыкі навучання і выхавання.

Не проста хобі

Хтосьці лічыць заняткі ў гуртках і аб'яднаннях па інтарэсах не больш чым хобі або проста баўленнем часу, але для многіх яны вызначылі прафесійны выбар на ўсё жыццё.

«Установы дадатковай адукацыі — наймагутнейшы рэсурс прафесійнай арыентацыі школьнікаў, — упэўнены і Віктар Якжык. — Таму трэба забяспечыць больш шчыльную іх інтэграцыю ў сістэму адукацыі і наладзіць супрацоўніцтва з прафесійна-тэхнічнымі, сярэднімі спецыяльнымі і вышэйшымі ўстановамі, а таксама з прадпрыемствамі».

З 2015 года ў Беларусі развіваецца рух JunіоrSkіll. З лютага па май бягучага года ў краіне праходзіў першы Рэспубліканскі конкурс па асновах прафесійнай падрыхтоўкі для школьнікаў 10—17 гадоў JunіоrSkіll Belarus. Пераможцаў выяўлялі па 7 кампэтэнцыях, сярод якіх мабільная робататэхніка, прамысловая робататэхніка, інжынерны дызайн CAD, нейрапілатаванне і іншыя. У трох этапах удзельнічалі больш як тысяча дзяцей і падлеткаў...

— Конкурс апраўдаў усе нашы надзеі як па колькасці ўдзельнікаў, так і па ўзроўні падрыхтоўкі канкурсантаў і таму энтузіязму, які праявілі дзеці і педагогі, — канстатуе Сяргей Сачко. — Лічу, што ў нас ёсць патэнцыял для развіцця ранняй прафарыентацыі ў краіне і выхаду на міжнародны ўзровень. Праз цікавасць да спаборніцтваў, да сучаснага абсталявання школьнікаў можна зацікавіць і рабочай прафесіяй.

Апошнім часам проста шалёным попытам у бацькоў карыстаюцца так званыя школы ранняга развіцця. У Рэспубліканскім цэнтры тэхнічнай творчасці навучэнцаў таксама дзейнічаюць школа ранняга тэхнічнага развіцця для дзяцей з трохгадовага ўзросту і гурток пачатковага тэхнічнага мадэлявання (з пяці гадоў).

Паход як школа выжывання

Між іншым педагогам, якія працуюць у аб'яднаннях па інтарэсах, не вельмі падабаецца сам тэрмін «дадатковая адукацыя»: маўляў, не зусім правільна разглядаць іх як нейкі дадатак да асноўнай адукацыі.

Таму яны пазіцыянуюць сваю галіну як адукацыю для жыцця. Той жа турызм — гэта яшчэ і цудоўная школа выжывання, уменне жыць у калектыве: турысты ніколі не кідаюць адно аднаго.

Выхаванцы гурткоў турысцкага напрамку могуць самастойна паклапаціцца пра сябе і заўсёды знойдуць выхад з любой складанай сітуацыі. Сёння віртуальная камунікацыя замяніла жывыя зносіны, але яна не можа кампенсаваць такі момант, як развіццё лідарства. Толькі ўявіце сабе, якую глебу для фарміравання лідараў дае звычайны турысцкі паход.

Па словах дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алены АНУФРОВІЧ, да канца года яны спадзяюцца вырашыць пытанне з увядзеннем спецыяльнага значка «Юны турыст Беларусі» і Дзённіка вандроўніка, дзе будуць занатоўвацца ўсе здзейсненыя маршруты: «Лічым, што гэтая мера стане для падлеткаў дадатковым стымулам і яшчэ больш заахвоціць маладых людзей да заняткаў спартыўным і экскурсійным турызмам. А пры планаванні чарговай паездкі перавага будзе аддавацца не турыстычнай фірме, а цэнтру турызму і краязнаўства».

Віктар Якжык расказаў, што напрыканцы верасня адбудзецца фінал рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі». Па выніках абласных этапаў у фінал выйшаў 21 спецыяліст. Іх чакае конкурс-самапрэзентацыя «Маё педагагічнае крэда», адкрыты занятак у незнаёмай аўдыторыі, а таксама псіхолага-педагагічнае тэсціраванне. Пераможца атрымае грашовую ўзнагароду. У той жа час, па словах Віктара Якжыка, не менш важны сам факт перамогі, таму што маральнае заахвочванне таксама з'яўляецца дадатковым стымулам да працы.

Адкладзены эфект

Ні для кога не сакрэт, што паміж школьным настаўнікам і педагогам дадатковай адукацыі існуе прынцыповая розніца. Калі першага дзеці не выбіраюць, а хадзіць у школу па веды — гэта іх, так бы мовіць, галоўная жыццёвая задача і нават абавязак, то прымусіць дзяцей наведваць гурток ці секцыю проста немагчыма, калі ім там нецікава. У час глабальнага развіцця інтэрнэту і камп'ютарных тэхналогій заваяваць, а тым больш утрымаць увагу дзяцей і падлеткаў даволі складана.

Педагогаў, пад кіраўніцтвам якіх дзеці займаюцца сваёй любімай справай, яны выбіраюць сабе самастойна, бо вельмі тонка адчуваюць фармалізм і не даруюць абыякавасці дарослым.

Найважнейшы аспект у дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — прыцягненне таленавітых педагогаў, якія любяць і ўмеюць працаваць з дзецьмі.

— Нельга адмаўляць, што сёння існуюць праблемы ў кадравым забеспячэнні ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, — прызнаецца Віктар Якжык. — Як правіла, у сістэме дадатковай адукацыі застаюцца працаваць толькі вельмі апантаныя і ўлюбёныя ў сваю працу людзі. Педагогі ад Бога, сапраўдныя энтузіясты. Многія з іх самі з'яўляюцца выхаванцамі гэтых устаноў. І менавіта да такіх педагогаў выстройваюцца чэргі з тых, хто жадае ў іх навучацца.

Да працы ў аб'яднаннях па інтарэсах актыўна прыцягваюцца студэнты. Да маладых педагогаў дзеці ідуць ахвотна. Вось толькі часта з прычыны адсутнасці профільнай адукацыі маладыя спецыялісты пазбаўлены магчымасці прэтэндаваць на кваліфікацыйную катэгорыю. Адсутнасць катэгорыі, у сваю чаргу, адбіваецца і на памеры заробкаў...

Цікава, што спецыялістаў ў сферы турызму выпускаюць не менш як пяць факультэтаў у краіне, але ніводзін з іх выпускнікоў не мае права павесці арганізаваную групу ў турпаход. Нават у Акадэміі фізічнага выхавання не рыхтуюць інструктараў па турызме. У сувязі з гэтым Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз выйшаў з шэрагам прапаноў. Напрыклад, увесці ў школьную і ўніверсітэцкую праграму па фізічнай культуры абавязковы штогадовы заліковы шматдзённы паход як спосаб падрыхтоўкі да выжывання ў прыродным асяроддзі. Уключыць спартыўны турызм у праграмы розных спартакіяд і ў працу дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. Дазволіць вопытным турыстам без педагагічнай адукацыі працаваць з дзецьмі. У рэшце, галоўнае — не дыплом, а ўменне знайсці падыход да дзяцей і жаданне падзяліцца з пачаткоўцамі сваім вопытам...

— Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект, — лічыць Віктар Якжык. — Пакуль яна існуе, яе ніхто быццам бы і не заўважае, але як толькі яна знікне, гэта стане відаць усім і адразу. Дадатковая адукацыя не проста дазваляе знайсці сябе — яна мае магутны выхаваўчы патэнцыял. Мы не толькі папулярызуем сярод дзяцей і падлеткаў сучасныя прафесіі, развіваем іх творчыя і інтэлектуальныя здольнасці, але і засцерагаем ад негатыўнага ўздзеяння вуліцы, ад падлеткавай агрэсіўнасці і дэструктыўных паводзінаў.

Цікавы досвед:

У Кітаі, напрыклад, арганізацыі, аналагічныя беларускім установам дадатковай адукацыі, сур'ёзна займаюцца прафарыентацыйнай работай з дзецьмі ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў, да якой прыцягваюцца і прыватныя кампаніі. Арганізуюцца спецыяльныя павільёны, дзе школьнік можа паспрабаваць сябе ў больш чым 50 прафесіях (у якасці касманаўта, кухара, будаўніка). Бацькі з задавальненнем плацяць за гэтую паслугу, а ў кітайскіх школьнікаў такое баўленне вольнага часу вельмі папулярна. У Японіі існуе практыка абавязковага ўдзелу кожнага школьніка ў бясплатных дадатковых занятках, якія не ўваходзяць у школьную праграму, напрыклад па фізічнай культуры, мастацкай творчасці і нацыянальных відах мастацтва.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН, Марыны Бегунковай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».