Вы тут

Бюджэт на 2017 год сфарміруецца з прафіцытам 1,4 млрд рублёў


Праекты законаў аб унясенні змен у Падатковы кодэкс краіны і бюджэце на наступны год разгледзелі падчас пашыранага пасяджэння Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Уладзіслаў Шчэпаў адзначыў, што пры фарміраванні бюджэту захавалася арыентацыя на сацыяльную накіраванасць. У 2017 годзе запланаваны апераджальны рост выдаткаў на ахову здароўя і адукацыю. За гэтымі сферамі будуць сачыць у першую чаргу. У прыярытэце таксама нацыянальная абарона, рэалізацыя праектаў у сферы эканомікі.


Бюджэт на 2017 год плануецца сфарміраваць з прафіцытам 1,4 млрд рублёў. Больш за 1 млрд рублёў з сумы прафіцыту павінны скласці даходы ад вывазных пошлін на нафтапрадукты. «Дзякуючы прафіцыту мы павінны рэалізаваць свае даўгавыя абавязацельствы», — растлумачыў Уладзіслаў Шчэпаў.

Бюджэт на наступны год фарміруецца пры цане на нафту ў 35 долараў за барэль і пры курсе 75 расійскіх рублёў за долар. «Гэта кансерватыўны сцэнарый, на які разлічаны бюджэт, каб не прыйшлося памяншаць магчымыя выдаткі. Гэта вельмі важна, каб была стабільнасць фінансавання», — удакладніў Уладзіслаў Шчэпаў.

У праекце бюджэту ўжо плануюцца скарачэнні выдаткаў на жыллёвае будаўніцтва, сельскую гаспадарку, падтрымку эканомікі па асобных аспектах. Гэта адбываецца праз неабходнасць падтрымання сацыяльнай сферы. Акрамя таго, не павінна павялічвацца падатковая нагрузка на эканоміку для таго, каб развіваўся рэальны і прыватны сектар. Таксама ў бюджэце актыўна прапрацоўваецца адыход ад доларавых эквівалентаў, напрыклад у падатку на зямлю. У цэлым у падатковым заканадаўстве глабальных змен не прадугледжваецца. Асноўныя стаўкі падаткаў у праекце захоўваюцца.

Таксама Уладзіслаў Шчэпаў адзначыў, што Беларусь у 2017 годзе чакае атрыманне трох траншаў крэдыту Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) на суму 700 млн долараў. Акрамя гэтага, Беларусь у 2017 годзе плануе размяшчэнне еўрабондаў на 800 млн долараў. Каля 300 млн павінны скласці запазычанні на ўнутраным рынку.

Арыентацыя бюджэту на сацыяльную сферу прадугледжвае падтрымку ў тым ліку і настаўнікаў. Сёння Пастаяннай камісіяй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы актыўна разглядаецца магчымасць павышэння заробкаў педагогам. Па словах члена Пастаяннай камісіі Алы Сопікавай, эканомія бюджэтных сродкаў унутры сістэмы адукацыі дазваляе выкарыстоўваць іх на павышэнне заробкаў педагогаў.

«Камісія сапраўды бачыла такія прыклады ў шэрагу ўстаноў адукацыі. Заканадаўча гэта замацавана. Мы разумеем, што часта бывае мэтазгодна аптымізаваць выдаткі на выкананне, напрыклад, рамонтных работ і за кошт гэтага падтрымаць настаўніка. У грамадстве сёння наспела разуменне таго, што неабходна павысіць статус педагагічнай працы. Цяпер прапрацоўваюцца канкрэтныя прапановы, у тым ліку і з Міністэрствам адукацыі, па новых падыходах да фарміравання сістэмы аплаты працы настаўніка», — патлумачыла Ала Сопікава.

Выдаткі на фінансаванне адукацыі складуць 112% да чаканага выканання бюджэту 2016 года налета.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

kryzhevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Бюджэт сацыяльнай накіраванасці

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.