Вы тут

Што рабіць з зубрам, які прыбіўся да статку кароў на Кобрыншчыне?


Хутка месяц, як мясцовыя выканкам і сельгаспрадпрыемства просяць забраць ляснога волата са статка, але ён і сёння там.

Толькі лянівыя сродкі інфармацыі не напісалі, не расказалі альбо не паказалі зубра, які мірна пасвіцца побач з каровамі ў Кобрынскім раёне. Была такая інфармацыя і ў нашай газеце са спасылкай на кампетэнтных асоб, якія запэўнівалі, што пытанне хутка будзе вырашана і зубр неўзабаве вернецца ў пушчу.


Зубр ад кароў — ні на крок.

Але час ідзе, а зубр застаецца там, дзе быў, адчувае сябе ўпэўнена і паводзіць сябе як гаспадар не толькі лесу, але і калгасных палёў з усімі іх насельнікамі.

Мясцовы Дзівінскі сельвыканкам, Кобрынскі райвыканкам, гаспадарка імкнуцца звярнуць увагу на сваю праблему ўсіх зацікаўленых устаноў і арганізацый, але пакуль...

Заязджаем на пашу ля вёскі Лелікава, гэта амаль на самай мяжы з Украінай. Там на кругласутачным утрыманні знаходзіцца статак з дзвюх соцень кароў прадпрыемства «Любань». Бура-карычневы прышэлец з лесу сярод чорна-пярэстых рагуль заўважаецца здалёк. Ён спакойна скубе траву. Насцярожваецца, толькі калі падыходзім бліжэй і стараемся яго сфатаграфаваць.

Пастух Мікалай Панасюк заклікае быць вельмі асцярожнымі:

— Як ён нам надакучыў, гэты зубр, уявіць сабе не можаце! — гаворыць Мікалай Міхайлавіч. — Пасвіць статак баімся, даяркі баяцца даіць — тут жа і да бяды недалёка. Спачатку, здавалася, ён і сам пабойваўся. Падыдзе, нейкі час папасвіцца і пойдзе ў лес. Нам гаварылі яго адганяць, мы і адганялі вялікімі кіямі. Але паступова асвойтаўся і, мусіць, адчуў сябе важаком чарады. Цяпер ён паводзіць сябе як сапраўдны гаспадар. Адганяць яго няма сэнсу, ён тут жа вяртаецца да кароў.

— Зубр жа не дурны, — працягвае другі пастух Леанід Актысюк. — Прыбіўся да нас худы, зашмулены, поўсць вісела касмылямі. Паглядзіце, які гладкі стаў! Мукі, кукурузы наесца, што каровам падвозяць, вадой чыстай з паілкі зап'е — ніводзін зубр так не жыве ў пушчы. Кароў ён не крыўдзіць, наадварот, і кароўкі яго ліжуць, і ён да іх з ласкай, — працягвае пастух. — Ужо дзве ці тры каровы пакрыў.

Паводле слоў працаўнікоў ААТ «Любань», чым больш звер абжываецца тут, тым больш упэўнена і нават часам агрэсіўна пачынае сябе паводзіць. Яго задавальняе кармавая база, суседства кароў, а вось людзі ў зубрыны расклад жыцця, відавочна, не ўваходзяць. Пачалося з таго, што аднойчы звер падкінуў рагамі прыстасаванне для дойкі кароў. «Тая прыступка на метраў 15 адляцела, — расказвае Мікалай Панасюк. — Бывае, нешта не спадабаецца, ён рогі наставіць і храпе — злуецца, значыць».

Даяркі прыходзяць на дойку два разы на дзень — раніцай і вечарам. Перад гэтым статак абгароджваецца электрапастухом і ставіцца неабходная апаратура.

Аказваецца, ужо разоў колькі нязваны лясны госць атрымліваў ад электрапастуха па нагах. Але... хутка прызвычаіўся. Цяпер ён лёгка пераскоквае агароджу без усялякіх наступстваў для сябе.

— Разумны звярына, — уздыхаюць пастухі. — Яшчэ паходзіць, паглядзіць, дзе гэтая агароджа ніжэйшая, і лёгка так пераскочыць.

Мясцовыя трак­та­рыст і па­сту­хі добра вывучылі нораў ляснога госця.

Такім чынам, зубр нават не лічыць патрэбным цярпліва чакаць збоку, пакуль кароў падояць — ён прысутнічае пры працэсе.

Тое, што ён лічыць сябе важаком статка, людзі зразумелі, калі адна з кароў ацялілася ў полі. Зубр стаяў над нованароджаным цялём і не падпускаў нікога. Амаль два дні не маглі забраць цяля на ферму... Нядаўна здарыўся наогул непрыемны інцыдэнт. Адна з даярак, якая лічыла зубра рахманым, заўсёды загаворвала з ім, спрабавала пачаставаць, адным разам ледзьве ўцякла. Зверу нешта стрэліла ў галаву, ён наставіў рогі і пайшоў у бок жанчыны. Добра, што ў яе быў жалезны прут, ды і пастухі прыйшлі на дапамогу з кіямі. Усе разам неяк адагналі.

— І яшчэ адна праблема ёсць, — уступае ў размову Пётр Жук, трактарыст, які падвозіць ваду да статка. — Па тэлебачанні паказалі, у газетах напісалі пра нашага Мішку (такую мянушку далі лясному госцю). Сюды людзі пацягнуліся.

Для падлеткаў экзотыка — сфатаграфавацца на фоне зубра. Вось адзін такі нядаўна шчоўкаў-шчоўкаў тэлефонам, пакуль Мішку гэта не надакучыла. Ён так махнуў рагамі, што хлопец, уцякаючы, згубіў тэлефон, нават туфлі з ног пазляталі. Добра, што яшчэ абышлося без траўмаў.

— Галаўны боль для нас гэтая жывёла, ды яшчэ які, — гаворыць дырэктар ААТ «Любань» Валерый БАРЫСЮК. — Дзе толькі яго не бачылі: у Гарадцы, Павіцці, каля іншых вёсак, а прыбіўся да нас. Я кожны свой рабочы дзень пачынаю са званкоў ці старшыні райвыканкама, ці ў іншыя раённыя інстанцыі, і ніхто не ведае, як дапамагчы. Раней званіў, цяпер ужо пішу, каб было што потым паказаць розным правершчыкам. Бо калі, не дай Бог, гэты звер каго пакалечыць альбо заб'е, хто будзе вінаватым? — гарачыцца кіраўнік сельгаспрадпрыемства. — Ветэрынар на кожнай планёрцы сварыцца. Сапраўды, лясныя звяры цяпер не так ужо і рэдка хварэюць, бываюць носьбітамі розных інфекцый. А ў нас чарада больш за 200 галоў. Хто будзе несці адказнасць, калі што здарыцца?

На жаль, я не магу адказаць на пытанні, пастаўленыя дырэктарам таварыства. Напаўжартам прапаную яму паставіць зубра на баланс гаспадаркі ды распарадзіцца ім адпаведным чынам, калі гаспадары ляснога насельніка не знаходзяцца альбо не хочуць знаходзіцца. Валерый Антонавіч кажа, што работнікі прапаноўвалі ўжо пусціць на мяса няпрошанага ляснога госця, але ж у турму нікому садзіцца не хочацца. Законы на гэты конт у нас строгія.

— А вось каб ад яго абараніцца — хоць ты сам садзіся і тыя законы пішы, — гаворыць старшыня Дзвінскага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр РАЗАНКА. — Лясная жывёлка ходзіць у статку кароў, які абслугоўваюць людзі. Гэта пагроза бяспецы кожны дзень. А нам у розных інстанцыях кажуць: пачакайце, трэба ўзгадняць яго перавозку з Мінпрыроды, гэта можа заняць месяц... Які месяц? Гэта ж не адстрэл, а ўсяго толькі транспартаванне ў лес. І што, паперы на тое ўзгадненне трэба канём у Мінск везці? Пры цяперашніх сродках камунікацыі той дазвол за дзень можна атрымаць, — упэўнены кіраўнік мясцовай улады, і з ім цяжка не пагадзіцца.

У яго кабінеце і адбылася гэта размова. На ёй прысутнічаў і намеснік начальніка Брэсцкай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргей ШТЫК, які прыехаў па просьбе старшыні Кобрынскага райвыканкама Аляксандра Зазулі.

— Па нашай частцы тут парушэнняў няма, зубр жыве нібы сыр у смятане, яму нічога не пагражае, — гаворыць Сяргей Аляксандравіч. — Але ж мы разумеем, што прадстаўніка жывёльнага свету трэба вяртаць у яго натуральнае асяроддзе, яму не месца сярод калгасных кароў і людзей.

Намеснік начальніка інспекцыі звязаўся з генеральным дырэктарам Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» Аляксандрам БУРЫМ. Той паабяцаў, што зубра забяруць. Калі — пытанне пакуль застаецца адкрытым. Будзем сачыць за развіццём падзей.

P.S.: Калі вярстаўся нумар, карэспандэнт газеты патэлефанавала старшыні Кобрынскага райвыканкама Аляксандру ЗАЗУЛІ. Аляксандр Іванавіч сказаў, што на гэтым тыдні райвыканкам будзе праяўляць асаблівую настойлівасць, каб прымусіць Нацыянальны парк вырашыць нарэшце гэтае пытанне.

У тэму

У інтэрнэце ёсць звесткі, што яшчэ ў пазамінулым стагоддзі некаторыя жывёлаводы спрабавалі скрыжаваць зубра з свойскай буйной рагатай жывёлай. Нараджаліся каровы (іх назвалі зуброны), надзвычай агрэсіўныя. Так што нічога добрага з падобных эксперыментаў не атрымалася. Гэта яшчэ раз сведчыць: кожны прадстаўнік жывёльнага свету павінен жыць у сваім асяроддзі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.