Вы тут

У музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася новая выстава


У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстава «Беларусы ў ІІ Польскім корпусе. Невядомыя старонкі Другой сусветнай вайны».

Сапраўды, пра гэтае воінскае падраздзяленне мала хто ведае. А між іншым, у складзе ІІ Польскага корпуса змагалася нямала ўраджэнцаў Беларусі. Яны не ўдзельнічалі ў вызначальных бітвах Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта ім мы абавязаны перамогай пад Монтэ-Касіна і вызваленнем многіх італьянскіх гарадоў.


Бе­ла­рус­кі гіс­то­рык і ка­лек­цы­я­нер Ігар МЕЛЬ­НІ­КАЎ зна­ё­міць з экс­па­зі­цы­яй дач­ку ге­не­ра­ла Ан­дэр­са Ган­ну-Ма­рыю АН­ДЭРС і на­мес­ні­ка мі­ніст­ра за­меж­ных спраў Бе­ла­ру­сі Але­ну КУП­ЧЫ­НУ.

Выстава, якая з'яўляецца сумесным праектам музея, пасольства Польшчы, а таксама беларускага гісторыка і калекцыянера Ігара Мельнікава, распавядае пра гісторыю стварэння і баявы шлях ІІ Польскага корпуса. Сімвалічна, што адкрылася экспазіцыя ў гадавіну з пачатку Другой сусветнай вайны — якраз у той дзень, калі фашысцкая Германія напала на Польшчу.

— Гэтая дата — сімвал велізарнай трагедыі, але непахіснага духу самаахвярнай барацьбы мільёнаў людзей, — адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Польшчы ў Беларусі Конрад ПАЎЛІК. — Другая сусветная вайна была, ёсць і будзе для нашых пакаленняў сінонімам болю, пакут, страты, а разам з тым выключнай мужнасці і братэрства.

Як падкрэсліў намеснік міністра культуры Беларусі Васіль ЧЭРНІК, цяжкія выпрабаванні выпалі на долю Польшчы і Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны. «Сёння нас яднае агульная памяць аб вайне і подзвігу нашых народаў, — перакананы намеснік міністра. — Аднак яшчэ не ўсе старонкі вайсковай гісторыі дасканала вывучаны і шырока вядомы».

Адной з іх і прысвечана выстаўка. Калі ў канцы 1941 года фарміравалася Польская армія, якую ўзначаліў генерал Уладзіслаў Андэрс, у яе ўваходзілі былыя вайскоўцы з Войска Польскага, у тым ліку ўраджэнцы Заходняй Беларусі. У першыя дні прызыву ў Польскі корпус менавіта апошнія склалі значную колькасць добраахвотнікаў. Калі савецкія ўлады забаранілі прызываць туды непалякаў па нацыянальнасці, нашы землякі ўступалі ў армію таемна. Ідучы ў войска, яны добра разумелі, што, магчыма, больш ніколі не вернуцца на радзіму.

Войска генерала Андэрса прайшло праз тры кантыненты — з Еўропы праз Азію, Афрыку салдаты зноў вярнуліся ў Стары Свет. У складзе 8-й брытанскай арміі ІІ Польскі корпус змагаўся пад Монтэ-Касіна, вызваляў Балонню, удзельнічаў у баявых аперацыях на Адрыятычным узбярэжжы. За ўдзел у італьянскай кампаніі сотні ўраджэнцаў Беларусі адзначаны брытанскімі і польскімі баявымі ўзнагародамі. І гэта абсалютна заслужана. Толькі ў бітве пад Монтэ-Касіна загінула каля 180 нашых землякоў.

Удзельнічаў у той гераічнай падзеі і бацька Веры Суміной. Іосіф Жамойдзін, ураджэнец Валожыншчыны, пасля амністыі польскіх ваеннапалонных у жніўні 1941 года знаходзіўся ў арміі генерала Андэрса ў званні капрала. Як расказвае Вера Суміна, пасля рэпатрыяцыі бацька быў рэпрэсаваны і толькі ў 1967 годзе разам з сям'ёй вярнуўся на радзіму з Іркуцкай вобласці. «Ён часта нам расказваў пра бітву пад Монтэ-Касіна, — успамінае Вера Іосіфаўна. — І нават ужо ў пажылым узросце двойчы ездзіў туды. Настолькі моцныя ўражанні гэтая падзея пакінула ў яго жыцці».

Асабістыя рэчы Іосіфа Жамойдзіна, у тым ліку яго дакументы і ўзнагароды, дачка перадала ў музей. Экспазіцыю таксама ствараюць амуніцыя і абмундзіраванне, узнагароды і фотадакументальны матэрыял з калекцыі Ігара Мельнікава. Асобны блок у выставе прысвечаны камандуючаму ІІ Польскага корпуса. Менавіта яго вельмі пільна і ўважліва вывучала спецыяльны госць урачыстага адкрыцця экспазіцыі і, напэўна, галоўны эксперт па гэтай тэме — сенатар Польшчы, статс-сакратар канцылярыі старшыні Рады міністраў, упаўнаважаны старшыні Рады міністраў па пытаннях міжнароднага дыялогу Ганна-Марыя АНДЭРС, дачка славутага генерала.

— Лёс і гісторыя часта былі бязлітаснымі да гэтых салдат, — лічыць Ганна-Марыя Андэрс. — За свой гераізм яны плацілі самую высокую цану. І не толькі на полі бою. Перад уступленнем у ІІ Польскі корпус у 1939—1941 гадах яны зазналі рэпрэсіі сталінскага таталітарызму. Але нягледзячы на гэта, а можа, якраз і таму, яны не вагаліся, каб стаць на абарону свабоды і права чалавека на мірнае жыццё. Для многіх салдат, якіх складаны і трагічны лёс кінуў пасля 1939 года ў ГУЛАГ, армія Андэрса стала паратункам, новым домам і новай сям'ёй. Мой абавязак як польскага палітыка і прадстаўніцы польскіх улад, перш за ўсё, ушанаваць памяць тых, хто праліваў кроў у радах польскага войска — незалежна ад паходжання, нацыянальнасці, веравызнання. Як дачка генерала Уладзіслава Андэрса, я хачу падзякаваць салдатам, якія былі з ім падчас Другой сусветнай вайны.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фотаздымак прадастаўлен Белдзяржмузеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Загаловак у газеце: Сінонім болю і мужнасці

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.