Вы тут

«Звяздоўцы» выпрабавалі на сабе справу старажытнага кнігадрукавання


«Друкарскі двор XVІ стагоддзя» стане першым музеем «з дзеяннем».

Прайсці шляхам першадрукара... Цяпер гэта зусім не фантазія. Дзякуючы гісторыку, калекцыянеру Уладзіміру Ліхадзедаву кожны ахвотны можа трапіць у свет XVІ стагоддзя і дакрануцца да таямніцы кнігадрукавання. Зрабіць самому паперу з ільну, пакінуць на ёй водціск з дапамогай станка з прэсам — усё гэта можна было паспрабаваць у рэаліях  XXІ стагоддзя. Друкарскі двор, што разгарнуўся на Дні беларускага пісьменства ў Рагачове, прымаў усіх ахвотных. Карэспандэнт «Звязды» вырашыла таксама выпрабаваць на сабе справу старажытнага кнігадрукавання.


Папера з лёну

З'яўленне кнігі на свет пачынаецца з вырабу паперы. З гэтай далікатнай справы нараджэння на свет будучых старонак пачынаецца праца і ў Друкарскім двары. Я бяру ў рукі невялікае сіта — яно дакладна такога памеру, як і будучая старонка. Зачэрпваю старонкай-сітам студзяністую масу з лёну і накрываю рамкай. Трымаю асцярожна, каб не пашкодзіць...

Калі лішкі вады сцякаюць, здымаю рамку. Кладу яе на ліст лямцу, накрываю яшчэ адным. «Бутэрброд», які атрымаўся, у адмысловым прыстасаванні змяшчаю пад прэс. Майстар, што працуе тут, тлумачыць, як правільна трымаць ручкі прэса, каб мацней пракруціць яго. Сапраўды, уладкаваўшыся больш зручна, прыкладваю яшчэ некалькі намаганняў і зноў бачу, як выцякаюць лішкі вады.

Вызваляю старонку з абдымкаў лямцу, аднак бачу, што ў яе абарваныя краі. Першы плод, як той казаў, за плот! Але таго, хто задумаў ісці да канца ў справе друкарства, гэта не спыняе. Спрабую яшчэ раз, чэрпаю лён, накрываю, адціскаю... На гэты раз усё ў парадку. Можна сказаць, што першы экзамен па вырабе кнігі я здала на задавальняючую адзнаку.

«У даўніну папера рабілася з лёну, — каментуе Уладзімір Ліхадзедаў. — І дагэтуль яна лічыцца самай лепшай. Нездарма менавіта з лёну і сёння робяцца грашовыя купюры, таму атрымліваюцца вельмі трывалымі. Каб грошы рабілі з цэлюлозы, яны вельмі хутка парваліся б.

На папяровых млынах лён калісьці малолі. Спачатку ўручную, а затым на спецыяльным апараце (галендары), які вынайшлі ў XVІІІ стагоддзі. Усё даводзілі да аднароднай кансістэнцыі. Затым разводзілі вадой.

Такая папера называецца «чэрпанай», бо лён пры яе вырабе чэрпаецца з дапамогай рамкі...»

Дзміт­рый Лі­ха­дзе­даў тлу­ма­чыць ка­рэс­пан­дэн­ту «Звяз­ды»,  як з іль­ну атрым­лі­ва­ец­ца па­пе­ра.

Адзінкі ў Еўропе

Ужо сухую паперу можна выкарыстоўваць для друку. Паколькі свежаму аркушу яшчэ трэба сохнуць, я бяру такі ж самы, але выраблены раней. Паперу закладваю ў рамку, фарбую «аснову», якая знаходзіцца на супрацьлеглым баку станка, і раблю водціск.

«Па старых чарцяжах, гравюрах XVІ стагоддзя адноўлены станок. Ён акурат такі, якім карыстаўся першадрукар, — каментуе Уладзімір Ліхадзедаў. — Зроблена матрыца з пэўным наборам літар, на яе тонкім слоем наносіцца фарба. Рамка з паперай прыкладваецца да матрыцы, іх падстаўляюць пад прэс. Самае важнае — каб шруба прыціснула паперу за паўабарота. Гэтага складана было дабіцца. Але мы змаглі наладзіць абсталяванне. Атрымліваецца, шруба цісне на прэс, а ён, у сваю чаргу, — на матрыцу. У выніку мы атрымліваем гатовы раўнамерны адбітак на паперы».

Шрубу, выкарыстаную ў гэтым станку, ва ўсёй Еўропе могуць зрабіць лічаныя спецыялісты. Аднак беларускі майстар Генадзь Катлінскі справіўся са складанай задачай. Ён і працаваў на гэтым станку, змешчаным у экспазіцыі. Вырабам ільняной паперы, дарэчы, займаўся сын Уладзіміра Ліхадзедава Дзмітрый. Побач, за яшчэ адным станком, шчыраваў добры сябар калекцыянера мастак Барыс Цітовіч.

 З май­страм Ге­на­дзем Кат­лін­скім.

192 тысячы водціскаў!

У хуткім часе гэтыя станкі, зробленыя па ўзору XVІ стагоддзя, знойдуць сталы прытулак — іх можна будзе бачыць не толькі на культурна-асветніцкіх мерапрыемствах. Уладзімір Ліхадзедаў плануе адкрыць музей друкарскай справы. Першапачаткова задумвалася, што месцам яго размяшчэння будзе старажытны Полацк — радзіма першадрукара і самога Ліхадзедава. Аднак пакуль там дамовіцца не ўдалося. Таму музей з'явіцца ў Вілейцы. Адтуль, у сваю чаргу, паходзіў рускі першадрукар Іван Фёдараў (як даказаў Невяроўскі і іншыя даследчыкі). У гэтым бачыцца пераемнасць са Скарынам, таму выбар месца не выпадковы. На аўкцыёне ўжо набыты будынак. Сімвалічна, але ў савецкі час у ім таксама размяшчалася друкарня.

«Вывучаючы друкарскую справу, я ездзіў па ўсёй Еўропе, прайшоў шляхам першадрукара, — распавядае Ліхадзедаў. — Я наведаў Майнз, радзіму Гутэнберга. Быў у музеях у Лейпцыгу, Базелі. У Чэхіі, Польшчы таксама вывучаў, якой была друкарская справа.

Калі абсталяванне, зробленае на ўзор XVІ стагоддзя, ужо наладжана і працуе, справу Скарыны разумееш па-іншаму. Хтосьці кажа, што ён усё друкаваў сам... Аднак мне робіцца відавочным, што ён, безумоўна, разумеў працэс, але сам не друкаваў усё, бо не змог бы фізічна. Толькі ў адной кнізе «Быццё» 192 старонкі. Яе наклад, як сведчаць эксперты,
быў 1000 экзэмпляраў. Таму трэба было зрабіць 192 тысячы водціскаў! А гэтаму яшчэ папярэднічала вялікая падрыхтоўка — зрабіць набор, вычытаць. Кажуць, што гэтую кнігу ён друкаваў год. Разумееш, якая гэта архіскладаная работа».

Прайшоўшы шляхам першадрукара, сваімі рукамі дакрануўшыся да вырабу паперы, да свежаадціснутых радкоў, я лепш разумею велічнасць справы Скарыны. Ужо не трэба толькі гартаць старыя дакументы і кнігі па гісторыі. Таямніца стварэння першай кнігі паўстае ўвачавідкі.

Ула­дзі­мір Лі­ха­дзе­даў упэў­не­ны: му­зею дру­кар­скай спра­вы — быць!

«Скарына — мой зямляк»

«Чаму я апантаны менавіта гэтай ідэяй? Магчыма, таму, што Скарына — мой зямляк. І мне самому гэта цікава, — заўважае даследчык. — Я маю ідэю зрабіць музей з дзеяннем. Аналагічныя ёсць у Еўропе, але іх па пальцах можна пералічыць. Дзесьці асобна працуе папяровы млын, дзесьці асобна — станок. А такога, каб чалавек зайшоў і адразу ўбачыў усё у комплексе, няма. Да таго ж я хачу паказаць друкарскую справу ад XVІ стагоддзя да XX».

Прадстаўленае на Дні пісьменства — толькі малая частка таго, што мае ці задумаў Уладзімір Ліхадзедаў. У яго музеі, які з'явіцца неўзабаве, можна будзе не толькі глядзець, але і самому друкаваць. Яшчэ і пакідаць на памяць водціскі — тады ўжо дакладна не выкінеш, будзеш захоўваць тое, што зроблена ўласнымі рукамі... Аднак без дапамогі дзяржавы і сур'ёзных мецэнатаў адкрыць музей будзе не так проста.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Рагачоўскі раён

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Дакрануцца да пісьменства

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.