Вы тут

Рэпартажы карэспандэнтаў «Звязды» ад Брэста да... Пекіна


У нядзелю 11 верасня нашы карэспандэнты накіраваліся на выбарчыя ўчасткі, каб паглядзець, як праходзіць галасаванне. Дзень, дарэчы, быў непадобны да звычайных вераснёўскіх — хутчэй да ліпеньскіх. Яркае сонца, людзі ў лёгкім летнім адзенні... Сапраўднае свята лета — і выбараў. Святочнасці атмасферы дадавала музыка на выбарчых участках, буфеты са смачненькім і, натуральна ж, канцэрты. Прапануем пачытаць, як праходзіла галасаванне на выбарах у Палату прадстаўнікоў у розных кутках Беларусі і нават за яе межамі.


Галасаванне дома: член камісіі Віктар Фядчук і жыхар вёскі Вялікая Курніца Брэсцкага раёна Станіслаў Охман.

Брэст. Хвалевая актыўнасць

Трыццаты ўчастак для галасавання Брэсцкай-Усходняй выбарчай акругі №3 размяшчаўся ў СШ №30 імя Дзмітрыя Гвішыяні. У асноўны дзень галасавання з самага ранку сюды ішлі людзі. Чаргі ля стала камісіі альбо побач з кабінкамі не было, але і без работы члены камісіі не сядзелі.

Яе старшыня Аляксандр ЛЕВАНЧУК гаворыць, што актыўнасць назіраецца хвалямі:

— З васьмі гадзін ішлі тыя людзі, якія, відавочна, спяшаліся па сваіх справах, затым атрымалася паласа зацішша. Бліжэй да дзесяці зноў грамадзяне пайшлі фактычна адзін за адным. Тыя, хто нікуды не паехаў, прачнуліся, паснедалі ў рытме выхаднога дня і, не спяшаючыся, кіраваліся на ўчастак, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак.

І сапраўды, ранішнія выбаршчыкі — гэта найбольш сужэнскія пары сярэдняга і старэйшага пакалення, за імі паступова пайшлі сем'і з дзецьмі. З адной сям'ёй знаёмімся.

Сяргей і Ірына Ігнатавы прыйшлі з дачкой-падлеткам Марынай. «Гэта будучы выбаршчык, — сказаў пра дачку бацька. — Няхай вучыцца». Сяргей Віктаравіч і Ірына Мікалаеўна працуюць на славутым прадпрыемстве «Брэстгазаапарат», яны сказалі, што на выбары заўсёды ходзяць сям'ёй.

У галасаванні бярэ ўдзел сям'я Младавых з Гродна.

Гродна. Ніякіх заўваг аб парушэннях не паступала

Карэспандэнт «Звязды» пабываў на выбарчым участку №12 Гродзенскай-Цэнтральнай выбарчай акругі №51.

— У гэты раз больш пільная ўвага да выбарчай кампаніі праяўляецца з боку назіральнікаў ад самых розных аб'яднанняў, — паведаміў старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Аляксандр КАРЭЎСКІ.

— Якія думкі выказваліся?

— Штодзённа назіральнікі пакідалі акты аб выніках назірання. Там адзначана, што выбарчая кампанія на ўчастку праходзіць у поўнай адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, ніякіх заўваг аб парушэннях не паступала. А на тыя пытанні, што ставіліся, быў дадзены падрабязны пісьмовы адказ са спасылкамі на адпаведныя артыкулы Выбарчага кодэкса, пасля чаго ніякіх абгрунтаваных прэтэнзій быць проста не можа.

У назіральнікаў, якія працавалі 11 верасня на гэтым участку (давераная асоба кандыдата ў дэпутаты, прадстаўнікі кампаніі «Права выбару» і Беларускага фонду міру), нейкіх заўваг не было. У прыватнасці, назіральнік ад Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання «Беларускі фонд міру» Алена ПОЦЬКА адзначыла, што і падчас датэрміновага галасавання, і ў асноўны дзень выбараў усё праходзіць згодна з Выбарчым кодэксам.

Мінская вобласць. Людзі ідуць самі, і так было заўсёды

Старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра, які ў нядзелю 11 верасня прагаласаваў на 43-м Журавінкаўскім выбарчым участку ў Дзяржынскім раёне, ахарактарызаваў выбарчую кампанію ў цэнтральным рэгіёне як стабільную. «Ніякага прымусу да галасавання не было. Людзі ідуць самі, і так было заўсёды. Гэта сведчыць пра стаўленне жыхароў Міншчыны да ўлады, тых органаў, якія вызначаюць іх лёс і жыццё», — падкрэсліў Сямён Шапіра.

Муж і жонка Вікторыя Мірановіч і Іван Залатар не змаглі самі прыйсці на Гастэлаўскі ўчастак №2 Дзяржынскай выбарчай акругі па стане здароўя. За плячыма ў абаіх па 91 годзе. Вікторыя Баляславаўна — ветэран вайны, была партызанскай сувязной, мае шматлікія ўзнагароды.

— Я хачу, каб кандыдат у дэпутаты, за якога прагаласавалі, быў такі, як наш дзяржынскі «ўрад». Нашы раённыя кіраўнікі адукаваныя, прафесіянальныя. Дзяржынскі раён заўсёды ў перадавіках. А калі выберам добрага дэпутата, то ў нас будзе яшчэ лепш, — лічыць жанчына.

Дзмітрый Асанаў, баксёр, удзельнік летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа, бронзавы прызёр чэмпіянату свету, удзельнічаў у парламенцкіх выбарах упершыню. На ўчастак Маладзечанскай гарадской выбарчай акругі №72 ён прыйшоў разам з бацькам — трэнерам Сяргеем Асанавым. «Я ўпэўнены ў кандыдаце, за якога аддаў свой голас. Мы ўсёй сям'ёй вывучалі перадвыбарныя праграмы. Спадабалася, што многія кандыдаты ў дэпутаты звярнулі ўвагу на развіццё дзіцячага спорту, адкрыццё спартыўных пляцовак», — адзначыў Дзмітрый.

Мінск. Мы разам

Выбарчыя ўчасткі №344 і 345 размешчаны ў адной са сталічных гімназій у мікрараёне Сухарава. Нягледзячы на сур'ёзнасць падзеі, тут панавала атмасфера свята.

Ужо на падыходзе да гімназіі чуецца песня «Мы разам», якая выконваецца звонкімі дзіцячымі галасамі. Гэта святочны канцэрт, падрыхтаваны вучнямі-актывістамі. У праграме — песні пра Беларусь і сям'ю, танцавальныя нумары. З асаблівым энтузіязмам да арганізацыі мерапрыемства падышлі старшакласнікі, якія блізка знаёмы з дзейнасцю маладзёжнай палаты, таму пра выбары ведаюць не па чутках. Дзяўчаты Алена і Вольга прызнаюцца, што ўжо гатовыя былі б зрабіць свой выбар. Аднак ім, у адрозненне ад 18-гадовай Марыны, якая прыйшла галасаваць разам з бацькамі, прыйдзецца яшчэ пачакаць. Нягледзячы на падбадзёрванні, прыкметна, што дзяўчына хвалюецца: «Я ж выбіраю, абапіраючыся толькі на свае ўласныя ўражанні. А раптам чалавек ён добры, а палітык дрэнны?»

Гомель. Выбіраем прафесіяналаў

Падчас галасавання ў Гомелі.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік, які галасаваў па месцы жыхарства — на выбарчым участку №25 Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акругі №33, адзначыў у размове з журналістамі:

— У парламенце павінны працаваць прафесіяналы, і ў першую чаргу тыя, хто добра ведае эканоміку. Гэта значыць, прадстаўнікі яе рэальнага сектара, менавіта тыя людзі, якія ведаюць, як зарабляюцца грошы для краіны. Яны ведаюць сапраўдны кошт кожнага рубля, які ўкладаецца ў сацыяльную сферу. Таму заканадаўчыя акты, над якімі яны будуць працаваць, будуць выверанымі і накіраванымі ў першую чаргу на ўмацаванне эканомікі краіны.

Разам з кіраўніком рэгіёна ў гэты ж час упершыню галасавалі маладыя людзі. Уладзімір Дворнік павіншаваў юнакоў і дзяўчат, а таксама ўручыў ім памятныя сувеніры. Студэнтам пажадаў добрасумленна асвойваць навуку, каб потым паспяхова працаваць на карысць краіны.

Пекін. Акунуцца ў атмасферу радзімы

Дзеля таго, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак — узяць удзел у парламенцкіх выбарах — студэнт чацвёртага курса Пекінскага ўніверсітэта мінчанін Артур Пашкоўскі да беларускага пасольства дабіраўся больш за гадзіну. Аднак ён ні на хвіліну не задумваўся пра тое, як правесці першую палову нядзелі 11 верасня, і з радасцю акунуўся ў атмасферу радзімы, якую стварылі на невялікай беларускай тэрыторыі ў Кітаі супрацоўнікі замежнай установы нашай краіны.

Ля ўваходу ў пасольства гучалі беларускія народныя песні, гасцей сустракалі маладыя людзі ў традыцыйных строях, само галасаванне праходзіла ў Беларускай зале, а на тэрасе тых, хто ўжо аддаў свой голас за таго або іншага кандыдата ў дэпутаты, чакаў стол з гарбатай, беларускімі цукеркамі, дамашнім печывам і блінамі з рознай начынкай, якія прыгатавалі жонкі беларускіх дыпламатаў. Ля інфармацыйнага стэнда з біяграфіямі кандыдатаў у дэпутаты можна было пачуць беларускую мову. Але галоўнае, безумоўна, тое, што ў доме №1 на вуліцы Жытань Дун І Цзе, у раёне старажытнага парку, панавала сапраўды шчырая, святочная і вельмі ўтульная атмасфера.

— Мы звязаліся з грамадзянамі Беларусі, якія стаяць на консульскім уліку, правялі інфармацыйную кампанію: напісалі пісьмы, разаслалі запрашэнні, пазванілі па тэлефоне. Гэта некалькі дзясяткаў чалавек. Паведамілі, што для галасавання створаны выбарчы ўчастак, выбарчая камісія, паведамілі адрас і час для галасавання. Такім чынам, мы ведалі, хто жадае і мае магчымасць прыйсці сёння ў пасольства, — расказаў «Звяздзе» старшыня ўчастковай камісіі № 728 Сяргей ВЯРГЕЙЧЫК.

Надзея ЮШКЕВІЧ, Святлана ЯСКЕВІЧ, Барыс ПРАКОПЧЫК, Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Дар'я КАСКО, Ірына АСТАШКЕВІЧ, Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: У атмасферы свята

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».