Вы тут

Творца Перамогі Аляксей Антонаў


...Ёсць два шырока распаўсюджаныя міфы пра Вялікую Айчынную вайну. Першы — што вайна была выйграна дзякуючы выключнаму таленту таварыша Сталіна. Другі — што вырашальную ролю ў перамозе адыграў маршал Жукаў.


Ге­не­рал ар­міі, вы­дат­ны са­вец­кі во­е­на­чаль­нік і адзін з са­мых та­ле­на­ві­тых штаб­ных афі­цэ­раў Са­вец­кіх Уз­бро­е­ных сіл. Удзель­ні­чаў у рас­пра­цоў­цы ўсіх знач­ных апе­ра­цый Вя­лі­кай Ай­чын­най вай­ны з 1942 го­да, браў удзел у ра­бо­це Ял­цін­скай і Патс­дам­скай кан­фе­рэн­цый. Адзі­ны ге­не­рал, уз­на­га­ро­джа­ны ор­дэ­нам «Пе­ра­мо­га» (ас­тат­нія ка­ва­ле­ры гэ­та­га най­вы­шэй­ша­га ор­дэ­на ме­лі зван­не, не ні­жэй­шае за мар­ша­ла).

Мы не будзем уступаць у спрэчкі з апалагетамі гэтых ідэй, толькі сціпла заўважым: сёння не з'яўляецца сакрэтам, што пралікі і недальнабачнасць правадыра, яго сяброўства з Гітлерам, навучанне нямецкіх афіцэраў у СССР і знішчэнне каманднага складу Чырвонай Арміі ў 1937-1938 гадах, а таксама пралікі ў падрыхтаванасці Чырвонай Арміі да абароны прывялі да трагічных наступстваў першых месяцаў вайны. Што ж тычыцца ўмелага кіраўніцтва ваеннымі дзеяннямі, то прыпісванне гэтай якасці Сталіну проста несур'ёзнае. Ён не быў прафесійным вайскоўцам, а сутыкненне гіганцкіх армій на фронце ў 1000 кіламетраў — не гульня ў бірулькі. Для такой работы ёсць выключныя спецыялісты. Такім чынам, узнікае натуральнае пытанне: хто быў вядучай фігурай у планаванні разгрому нямецка-фашысцкіх полчышчаў у савецкім ваенным кіраўніцтве? Гэта была асоба ці ўсё ж мы маем права казаць пра калектыўны ўдзел і военачальнікаў, і палітычнага кіраўніцтва краіны ў распрацоўцы і паспяховым кіраўніцтве аперацыямі Чырвонай Арміі?

На пастаўленае пытанне ёсць адказ. Акрамя цэлай плеяды бліскучых савецкіх палкаводцаў, якія атрымлівалі перамогі на полі бою, — таго ж Жукава, Васілеўскага, Ракасоўскага, Конева і іншых — быў чалавек, які, на агульную думку, унёс вырашальны ўклад у распрацоўку найважнейшых аперацый Чырвонай Арміі. Гэтага славутага стратэга звалі Аляксей Інакенцьевіч Антонаў. Ён адзіны генерал, які атрымаў ордэн Перамогі, і фармулёўка ў ягоным узнагародным лісце выглядае зусім інакш, чым у іншых кавалераў найвышэйшай узнагароды. Яна канкрэтная — «За паспяховае планаванне баявых аперацый і каардынацыю дзеянняў франтоў».

Першыя выпрабаванні

...У Гродне ёсць старажытная вулачка, якая многія гады — і пры Расіі, і пры Польшчы — насіла назву Іерусалімскай. Хутчэй за ўсё, гэтае незвычайнае імя было звязана з тым, што вяла яна да двух могілак — праваслаўных і каталіцкіх. Савецкай уладзе, якая прыйшла ў Заходнюю Беларусь, гэтая назва рэзала слых, і яе перайменавалі ў вуліцу Танкістаў (у кожным заходнебеларускім горадзе ці нават мястэчку абавязкова ёсць такая назва).

Жыхары Гродна часта бывалі ў гэтым раёне горада, таму што тут размяшчаўся галоўны рынак. Але наўрад ці хто-небудзь ведаў пра тое, што ў невялікім драўляным дамку на Іерусалімскай нарадзіўся чалавек, жыццё якога, без перабольшання, сур'ёзна паўплывала на лёсы свету ў ХХ стагоддзі. Менавіта тут 120 гадоў таму, 15 верасня 1896 года, нарадзіўся Аляксей Інакенцьевіч Антонаў, будучы начальнік Генеральнага штаба Чырвонай Арміі — военачальнік, розумам якога былі спланаваны ўсе самыя паспяховыя аперацыі Чырвонай Арміі, пачынаючы ад бітвы на Курскай дузе і заканчваючы бітвай за авалоданне Берлінам і разгром Квантунскай арміі.

Сям'я Антонавых была інтэрнацыянальная, бацька Інакенцій Аляксеевіч — артылерыйскі афіцэр, з дваран, праўда, небагатых. Маці Тэрэза Ксавер'еўна — каталічка з польскіх шляхцічаў, сасланых у свой час у Сібір. Там і пазнаёміліся бацькі будучага генерала. Мяркуючы па фотапартрэтах, якія вісяць у тым ліку і ў музеі гродзенскай 11-й школы імя генерала Антонава, гэта была прыгожая пара. І сын іх таксама не падвёў — яго розум, чалавечыя якасці, спакойны характар і яркую знешнасць адзначалі ўсе, хто ведаў яго.

Зачараваны цудоўным гродзенскім ландшафтам, Аля, як звалі яго ў сям'і, быў абсалютна перакананы, што звяжа сваю будучыню з вывучэннем прыроды. Як бы там атрымалася далей, сёння ніхто не скажа, але Аляксею яшчэ не споўнілася і васьмі, калі сям'я пераехала ў горад Астрог Валынскай губерні. Там у 1907-м ён паступае ў гімназію. Але ў наступным годзе нечакана памірае бацька (пражыў усяго 49 гадоў). Цяжкі ўдар — не толькі маральны, але і матэрыяльны: цяпер дзеці жывуць за кошт пенсіі, а маці, акрамя таго, падзарабляе рэпетытарствам.

У 1914-м Тэрэза Ксавер'еўна з дваімі дзецьмі — Аляксеем і яго старэйшай сястрой Людмілай — перабіраюцца ў Петраград, дзе жывуць іх сваякі. Але злы рок даганяе іх сям'ю — праз год памірае і маці. Асірацелы сын не апускае рук, заканчвае гімназію і паступае на фізмат Петраградскага ўніверсітэта. Вучыцца няма на што, праз два месяцы ён пакідае ўніверсітэт і ідзе працаваць на завод. У разгары Першая сусветная вайна, юнака прызываюць у войска і накіроўваюць у Паўлаўскае ваеннае вучылішча. Пасля кароткатэрміновага навучання, ужо ў канцы 1916-га, ён аказваецца на фронце ў лейб-гвардыі егерскага палка. Спачатку прапаршчык, потым палкавы ад'ютант. У ліпені 1917-га на Паўднёва-Заходнім фронце ён атрымлівае асколачнае раненне ў галаву і першую ўзнагароду — ордэн Святой Ганны ІV ступені «За адвагу».

Антонаў дэмабілізуецца. Успамінае сястра, Людміла Інакенцьеўна: «Аляксей вырашыў ажыццявіць колішнюю мару — стаць ляснічым — і паступіў у Петраградскі лясны інстытут... Заняткі ў інстытуце ішлі паспяхова, хоць даводзілася адначасова працаваць і ў харчовым камітэце Петраграда. Аднак вучыцца давялося нядоўга — здарылася адна рэвалюцыя, потым другая, і праз паўтара года яго прызвалі зноў, на гэты раз у Чырвоную Армію». Так з 11 красавіка 1919 года ён стаў кадравым вайскоўцам.

Падчас грамадзянскай вайны, ужо на пасадзе начальніка штаба 45-й брыгады 15-й дывізіі, Антонаў прайшоў літаральна агонь і ваду, у прыватнасці, у ліку першых фарсіраваў Сіваш.

Наступіў мірны час. Аляксей Інакенцьевіч працягвае службу на штабных пасадах. З атэстацыі 1925 года, падпісанай камандуючым войскамі Украінскай ваеннай акругі Іонам Эмануілавічам Якірам:

«Валодае мяккім характарам, шырокай ініцыятывай, кемлівы, умела разбіраецца ў любым становішчы... Каштоўны, незаменны штабны работнік. Важныя якасці: акуратнасць і настойлівасць».

У 1928 годзе Антонаў паступае на камандны факультэт Ваеннай акадэміі імя Фрунзэ. Ён заканчвае яго ў 1931-м, авалодаўшы не толькі спецыяльнымі ведамі, але і замежнымі мовамі. Пасля года працы ў войсках яго зноў накіроўваюць у акадэмію, на толькі што створаны там новы факультэт — аператыўны. Пасля яго заканчэння ў 1933-м Антонаў атрымлівае дыплом з адзнакай і такую характарыстыку: «Выдатны аператыўна-штабны работнік, гатовы для работы ў вышэйшых штабах».

Неўзабаве ён ужо начальнік аператыўнага аддзела штаба Харкаўскай ваеннай акругі. А ў 1936-м ствараецца Акадэмія Генеральнага штаба, і Антонава запрашаюць у першы набор яе слухачоў. Праз год наркам Варашылаў забірае яго адтуль і прызначае начальнікам штаба Маскоўскай ваеннай акругі. У канцы 1938-га адбываецца новы паварот у ягоным лёсе: Антонаў становіцца выкладчыкам Акадэміі імя Фрунзэ. І да таго ж вядзе навуковую працу, у прыватнасці аналізуе тактыку нямецкіх войскаў у наступленні і эвалюцыю прымянення танкавых злучэнняў на прыкладзе грамадзянскай вайны ў Іспаніі. У сакавіку 1941 г. генерал-маёр Антонаў атрымаў прызначэнне намеснікам начальніка штаба Кіеўскай асобай ваеннай акругі (КАВА). Менавіта яму, знаўцу баявых дзеянняў вермахта, трэба было рыхтаваць войскі на заходняй мяжы СССР для адбівання нямецкай агрэсіі, якая няспынна набліжалася.

Аднак у поўнай меры выканаць гэтую задачу не ўдалося. Да моманту прыбыцця Антонава ў Кіеў укамплектаванасць войск КАВА складала 65-70%. Таму невыпадкова, што ў першыя дні вайны часці акругі панеслі цяжкія страты. 24 чэрвеня 1941 года генерал Антонаў атрымлівае прызначэнне на пасаду начальніка штаба Кіеўскай асобай ваеннай акругі, паспяхова працягваючы распачатую ім некалькі раней мабілізацыйную работу. Ён жа займаўся пытаннямі эвакуацыі насельніцтва, цывільных і ваенных прадпрыемстваў і матэрыяльных каштоўнасцяў з прыфрантавой паласы, фарміраваннем новых ваенных часцей і падраздзяленняў. У жніўні 1941-га Антонаў вядзе работу па фарміраванні кіравання Паўднёвым фронтам і пасля ўзначальвае яго штаб.

Крытычнае становішча восені 1941 г. таксама дазволіла Антонаву праявіць свае навыкі. У канцы жніўня — пачатку верасня нямецкая група армій «Поўдзень» выйшла да Дняпра на шырокім фронце ад Херсона да Кіева, частка злучэнняў праціўніка ўжо фарсіравала Дняпро, і да канца верасня савецкія войскі былі адкінутыя на 100 кіламетраў да Мелітопаля. 5 кастрычніка Антонаў выязджае на месца баёў у штаб 9-й арміі для распрацоўкі мерапрыемстваў па вывадзе войскаў з-пад пагрозы ў раёне Растова-на-Доне. Ведучы цяжкія баі супраць больш падрыхтаванага саперніка, савецкае ваеннае кіраўніцтва, тым не менш, не ігнаравала ваенна-аналітычнай работы. Генералу Антонаву было даручана абагульніць вопыт, назапашаны за першыя месяцы вайны.

Менш чым за месяц ён сабраў і апрацаваў усе даныя, вынікам чаго сталі рэкамендацыі па вядзенні бою, разведцы, маскіроўцы і ўзаемадзеянні сіл. Праведзеная Антонавым работа адыграла ключавую ролю ў Растоўскай абарончай аперацыі 1941 года. Своечасова зробленая перагрупоўка, дбайнае ўмацаванне абарончых пазіцый і больш эфектыўнае ўпраўленне дзеяннямі войскаў дазволілі прадухіліць фарсіраванне немцамі ракі з ходу. Больш за тое, 1-я танкавая армія фон Клейста была адкінута контрударам 9-й арміі на 10-15 кіламетраў.

У пачатку снежня 1942 года начальнік Генеральнага штаба А.М. Васілеўскі прапанаваў Антонаву пасаду свайго намесніка — начальніка Аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штаба, асабліва падкрэсліваючы ўхваленне яго кандыдатуры асабіста І.В. Сталіным. 11 снежня Антонаў прыбыў у Маскву.

Вышэйшыя афіцэры СССР і ЗША на сустрэчы начальнікаў Генеральных штабоў у час Патсдамскай канферэнцыі. Начальнік Генеральнага штаба РСЧА генерал арміі Аляксей Антонаў сядзіць у белай форме злева.

У стаўцы

Да таго, пакуль прызначылі А. Антонава на гэтую пасаду, начальнікі Аператыўнага ўпраўлення Генштаба змяняліся 7 разоў на працягу паўгода. У абавязкі начальніка ўпраўлення, апроч іншага, уваходзілі штодзённыя даклады Стаўцы аб становішчы спраў на франтах. Першы час на пасадзе начальніка Аператыўнага ўпраўлення Антонаў да працы са Стаўкай практычна не прыцягваўся. Ды і праца ў Генеральным штабе была для яго не зусім камфортнай. Ён некалькі разоў хадайнічаў аб пераводзе назад на фронт, бліжэй да месца падзей, аднак увесь час атрымліваў адмову. Больш за тое, Васілеўскі ў адным з дакладаў характарызаваў Аляксея Інакенцьевіча як выключна каштоўнага чалавека для Генштаба і Стаўкі.

Асноўным напрамкам работы Антонава было стратэгічнае планаванне. Пачынаючы з Курскай аперацыі, Антонаў удзельнічаў у распрацоўцы ўсіх ключавых аперацый і кампаній Узброеных Сіл СССР, па некалькі разоў на дзень бываючы з старанна падрыхтаванымі дакладамі ў Вярхоўнага Галоўнакамандуючага І.В. Сталіна. Асабліва цесна ў гэты перыяд генерал Антонаў працаваў з Васілеўскім і Жукавым. Агульнай задумай аперацыі на Курскай дузе было супрацьпастаўленне чаканаму нямецкаму наступу ў глыбока эшаланіраваную абарону, пастаянна аслабляючы нямецкія войскі ў баях, а затым — пераход у контрнаступленне і знішчэнне сіл праціўніка. У цэлым гэтая задума ў ходзе абарончага этапу бітвы была паспяхова прыведзена ў жыццё.

Значны ўклад А.І. Антонаў унёс у трэцюю зімовую ваенную кампанію, планаванне якой пачалося ў лістападзе 1943 г. У задумы Стаўкі ВГК уваходзіла разгортванне поўнамаштабнай наступальнай аперацыі на шырокім фронце ад Балтыкі да Чорнага мора сіламі войскаў усіх родаў і франтоў. У сваіх успамінах — нарысе аб Антонаве — генерал Шцяменка пісаў:

«У Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Аляксей Інакенцьевіч карыстаўся вялікім аўтарытэтам за веданне справы, за мужнасць, якія выказваліся ў прамаце і праўдзівасці дакладаў, у якіх нішто не перабольшвалася. Усё заўсёды адпавядала праўдзе, якой бы цяжкай яна ні была. Мабыць, аўтарытэтам Антонаў карыстаўся і за тое, што адважваўся, калі было трэба, пярэчыць Сталіну і, ва ўсякім выпадку, выказваць сваю думку».

Немалую ролю адыгралі і асабістыя якасці першага намесніка начальніка Генштаба, на што Шцяменка звяртае асаблівую ўвагу: «Без перабольшвання можна сказаць, што Аляксей Інакенцьевіч быў чалавекам выключным. Яго адметнымі рысамі з'яўляліся перш за ўсё высокая эрудыцыя, агульная і асабліва ваенная культура, якія выяўляліся ў шырыні і глыбіні падыходу да ўсіх пытанняў работы, у мове, паводзінах, стаўленні да людзей. За шэсць гадоў сумеснай працы ў Генеральным штабе мне ні разу не даводзілася бачыць яго раззлаваным, каб ён сварыўся на кагосьці, прыніжаў. Ён валодаў дзіўна роўным, ураўнаважаным характарам, які нічога, аднак, агульнага не меў з мяккацеласцю. Ураўнаважанасць і сардэчнасць у Антонава спалучаліся з рэдкай цвёрдасцю і настойлівасцю...».

Цяпер правадыр ужо не прымае ніводнага рашэння, не абмеркаваўшы яго папярэдне з Аляксеем Інакенцьевічам. Ён выклікае яго часам па некалькі разоў на дзень. У 1943—1945 гадах толькі ў крамлёўскім кабінеце Сталіна Антонаў бываў не менш за 238 разоў — больш, чым хто-небудзь з кіраўнікоў наркамата абароны і Узброеных сіл, і больш, чым усе камандуючыя ўсімі франтамі за ўвесь час вайны, разам узятыя.

Пра гэта ж сведчыць (у сваіх мемуарах) вядомы авіяканструктар Аляксандр Сяргеевіч Якаўлеў, які таксама часта бываў у Крамлі: «Антонаў быў вельмі блізкі да Сталіна, той лічыўся з яго думкай, меў да яго відавочную сімпатыю і давер, праводзіў ўдваіх з ім доўгія гадзіны, абмяркоўваючы становішча на франтах і плануючы будучыя аперацыі. Антонаў трымаўся проста, без пыхі і гонару. Ён быў заўсёды сціпла адзеты — гімнасцёрка, брыджы, боты, і толькі генеральскія пагоны выдавалі яго высокае становішча ў войску».

Наступіў 1944 год, і самай яркай старонкай ваеннай дзейнасці выдатнага стратэга стала Беларуская наступальная аперацыя, вядомая пад назвай «Баграціён». Вясной паступілі прапановы камандуючых франтамі аб магчымых дзеяннях на іх напрамках. Ацаніўшы і ўзважыўшы гэтыя меркаванні, улічыўшы дыслакацыю і стан гітлераўскіх армій, Антонаў з удзелам вядучых спецыялістаў Генштаба распрацаваў прынцыпова новую аператыўную задуму. Галоўным у летняй кампаніі 1944 года станавіўся разгром беларускай і львоўскай груповак праціўніка. Звязаныя з гэтым аперацыі намячаліся на вялізнай прасторы, а падрыхтоўка нагадвала закручаны дэтэктыў.

Цалкам з задуманым планам былі знаёмыя ўсяго пяць чалавек: першы намеснік Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, начальнік Генштаба і яго намеснік, начальнік Аператыўнага кіравання і адзін з яго намеснікаў. Перапіска на гэтую тэму была забаронена, тэлефонныя размовы і тэлеграмы — таксама. Аператыўныя планы для франтоў распрацоўвалі сакрэтна 2-3 штабісты, пісаліся яны ад рукі і дакладваліся камандуючым пры асабістым кантакце ў Стаўцы.

Была арганізавана шырокамаштабная кампанія па дэзынфармацыі праціўніка. З гэтай мэтай у войсках разгарнулі работу па ўдасканаленні абароны. Каб збіць з панталыку нямецкую разведку, прынялі, як піша Шцяменка, і такія меры: «Франтавыя, вайсковыя і дывізіённыя газеты публікавалі матэрыялы толькі па абарончай тэматыцы. Уся вусная агітацыя была нацэлена на ўтрыманне занятых пазіцый». На месцы шырока прымяняліся макеты баявой тэхнікі і іншыя фальшывыя аб'екты. Ля макетаў паставілі зеніткі, арганізаваўшы ў той жа час патруляванне знішчальнікаў — для «супрацьпаветранай абароны». Бачнасць і праўдападобнасць ілжэаб'ектаў прадпісвалася праверыць фатаграфаваннем з паветра.

І немцы паверылі. У сваіх пасляваенных успамінах камандуючы Чацвёртай арміяй вермахта Курт фон Ціпельскірх адзначыў, што гітлераўская вярхушка чакала нападу на поўдні і ў Прыбалтыцы, але ніяк не ў цэнтры.

14 мая распрацоўка плана ў Генштабе была завершана. Канчатковы варыянт змяшчаў кароткі тэкст і карту. 20 мая, пасля некалькіх дзён роздумаў, як піша Шцяменка, яго змацаваў сваім подпісам Антонаў. Яшчэ праз некалькі дзён план старанна абмеркавалі ў Стаўцы ў прысутнасці Жукава, Васілеўскага, камандуючых франтамі і некаторых іншых военачальнікаў.

Аперацыя «Баграціён» пачалася 22 чэрвеня, нечакана для праціўніка — як снег на галаву пасярод лета — і праходзіла пад пільным вокам Аляксея Антонава. Яна працягвалася 68 дзён і завяршылася поўным разгромам магутнай нямецкай групы армій «Цэнтр», а таксама буйнымі перамогамі на львоўскім і выбаргскім напрамках. Гісторыкамі ўсяго свету яна прызнана найбуйнейшай паспяховай ваеннай аперацыяй за ўсю гісторыю чалавецтва. На фронце ў 1100 кіламетраў было ажыццёўлена прасоўванне ў глыбіню на 600 кіламетраў. Цалкам вызвалена Беларусь, а таксама частка Прыбалтыкі і ўсходняя частка Польшчы. Адначасова гэта стала найбуйнейшым паражэннем нямецкай арміі ў Другой сусветнай вайне.

Вольга ЛЕПЯШЫНСКАЯ.

Антонаў? Няхай застаецца ў цені...

Узнагароджанні не прымусілі сябе чакаць. Ужо 29 чэрвеня Ракасоўскі атрымаў маршальскую зорку, а 30 чэрвеня — званне Героя Савецкага Саюза. Званне Героя было прысвоена Васілеўскаму, Баграмяну і іншым военачальнікам, а таксама паўтары тысячы ўдзельнікаў бітваў. Жукаў стаў двойчы Героем. Сталін атрымаў захопленыя віншавальныя тэлеграмы ад Чэрчыля і Рузвельта.

Узнікае натуральнае пытанне: а як быў адзначаны аўтар і распрацоўшчык гэтай унікальнага задумы? Пра яго таксама не забыліся: далі... ордэн Суворава першай ступені!

Не ведаем, што рабілася на душы ў Аляксея Інакенцьевіча, можам толькі меркаваць. Але Антонаў правадыру быў яшчэ патрэбен. Ён распрацоўвае ўсе далейшыя наступныя буйныя аперацыі, уключаючы Берлінскую. Да канца вайны ён «робіць надвор'е» ў Стаўцы, усе пытанні Вярхоўны вырашае з ім.

У пачатку лютага 1945 года маршал Васілеўскі прызначаецца камандуючым 3-м Беларускім фронтам, а генерал арміі Антонаў — начальнікам Генеральнага штаба Чырвонай Арміі.

Аляксей Інакенцьевіч уваходзіць у склад савецкай дэлегацыі на Ялцінскай канферэнцыі кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі. Ужо з восені 1944 года, сабраўшы групу ваенных экспертаў, ён займаўся падрыхтоўкай гэтай сустрэчы. А адкрылася яна 4 лютага 1945 года. У першы дзень Антонаў выступіў з дакладам аб становішчы на савецка-германскім фронце. Дамовіліся аб каардынацыі дзеянняў войскаў саюзнікаў — даручалася гэта Генштабу сумесна з кіраўнікамі саюзных місій у Маскве. Узгаднілі ўступленне СССР у вайну з Японіяй.

У сувязі з гэтым там жа, у Ялце, Антонаву са сваімі памочнікамі давялося тэрмінова разлічыць, калі і якія савецкія войскі перакінуць з захаду на ўсход і вызначаць, якімі сіламі, у якія тэрміны можна будзе нанесці ўдар па Квантунскай групоўцы. Паводле папярэдніх разлікаў, дата наступлення была вызначана як два-тры месяцы пасля капітуляцыі Германіі. Цікавым фактам у гэтым планаванні з'яўляецца тое, што, калі справа дайшла да рэальных дзеянняў праз паўгода, у жніўні, амаль нічога ў гэтых планах не трэба было мяняць.

Удзельнічаў Антонаў і ў рабоце першай пасляваеннай канферэнцыі краін — удзельніц антыгітлераўскай кааліцыі ў Патсдаме.

4 чэрвеня 1945 года генерал Антонаў быў узнагароджаны найвышэйшым ваенным ордэнам СССР «Перамога» — «за ўмелае выкананне заданняў Вярхоўнага Галоўнакамандавання ў справе правядзення баявых аперацый вялікага маштабу». Узнагароджанне ўнікальнае па сваёй сутнасці, бо ўсе 14 савецкіх кавалераў ордэна, акрамя Антонава, мелі званне, не ніжэйшае за маршала.

У гэтай сітуацыі прагледждваецца некалькі нюансаў. Па-першае, узнагарода Антонаву была дадзена не падчас вайны, калі ён актыўна распрацоўваў паспяховыя аперацыі Чырвонай Арміі, а ўжо пасля перамогі. А па-другое, у той жа дзень з такой жа фармулёўкай ордэнам «Перамога» быў узнагароджаны і маршал Цімашэнка. Чалавек, які, быўшы камандуючым рознымі франтамі, заваліў некалькі аперацый, быў зняты з камандных пастоў і даслужваў прадстаўніком Стаўкі. Прычым ва ўзнагародным лісце Цімашэнка ішоў першым — з парушэннем нават алфавітнага парадку. Тым самым у вачах многіх людзей, далёкіх ад Крамля, антонаўскі ордэн губляў свой бляск.

Правадыр ніколі нічога выпадкова не рабіў.

У няміласці

Наступны ход — бяспрыкладны і па задуме, і па выкананні: 26 чэрвеня 1945 года ўстанаўліваецца званне Генералісімуса Савецкага Саюза, а на наступны дзень яно прысвойваецца «выдатнаму стратэгу» Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну за перамогу над Германіяй. Антонаў сыходзіць у яшчэ больш глыбокі цень.

Сталін выдатна разумеў, што быць геніяльным кіраўніком, які выратаваў краіну падчас вайны, — гэта самае высокае прызнанне ў народзе і бясспрэчны аўтарытэт. Цяпер усё, што ён рабіў у мінулым, робіць у сучаснасці і будзе рабіць у будучыні, стане прызнавацца не толькі правільным, але і вялікім.

Між тым задуманая правадыром аперацыя «Антонаў» працягваецца. У сакавіку 1946-га ён вяртае Васілеўскага на пасаду начальніка Генштаба, а Аляксея Інакенцьевіча пераводзіць у яго першыя намеснікі. Але ёсць яшчэ адна думка ў правадыра. Каласальныя па аб'ёме ўзброеныя сілы, укамплектаваныя для баявых дзеянняў, у мірны час не патрэбны ў такой колькасці. Належала іх масава расфарміраваць. І Антонаву даручаюць правядзенне дэмабілізацыі.

Што ж, Сталіну нельга адмовіць у правільнай ацэнцы сваіх кадраў — ён дакладна выбраў чалавека для такой складанай справы, якая патрабуе велізарных арганізатарскіх намаганняў. У той жа час цяпер уся Чырвоная Армія забудзецца, нарэшце, пра Антонава як пра паспяховага аналітыка і распрацоўшчыка бліскучых перамог і будзе памятаць толькі як генерала, які праводзіў дэмабілізацыю, звальняючы з арміі тысячы і тысячы афіцэраў.

У 1948-м заданне выканана, па дамах адпраўлена восем мільёнаў франтавікоў. Больш Антонаў у Маскве не патрэбен. Сталін выводзіць яго з Генштаба і адпраўляе служыць намеснікам камандуючага Закаўказскай ваеннай акругай. Гэта ўжо адкрытая ссылка. У 1950-м ён становіцца там камандуючым, што, зрэшты, не нашмат больш ганарова.

Толькі праз год пасля смерці Сталіна Антонава вяртаюць у Генштаб першым намеснікам начальніка. Не таму, што вырашылі аддаць належнае яго мінулым заслугам, а таму, што з'явілася новая цяжкая, шматпланавая праца. У процівагу НАТА Савецкі Саюз збірае ў Варшаве кіраўніцтва краін сацыялістычнага лагера, і яны заключаюць дагавор аб калектыўнай бяспецы. Трэба было ствараць новыя фарміраванні, арганізоўваць сумесныя ваенныя вучэнні, каардынаваць дзеянні органаў кіравання. І ў 1955 годзе Антонава прызначаюць начальнікам штаба Аб'яднаных узброеных сіл дзяржаў — удзельніц Варшаўскага дагавора.

У тым жа годзе яго спасцігае вялікае асабістае гора — памірае жонка, Марыя Дзмітрыеўна Цялюк. Яны пажаніліся яшчэ ў дваццатых і ідэальна падыходзілі адно аднаму. Яна была такой жа спакойнай, добразычлівай, ураўнаважанай, як і ён. Аляксей Інакенцьевіч цяжка перажываў страту каханай жанчыны. На яе магіле на Новадзявочых могілках ён паставіў прыгожы помнік і кожную нядзелю прыязджаў туды з вялікім букетам кветак.

Антонаў і Лепяшынская

А потым адбылася падзея, пра якую яе ўдзельніца, выпадкова сустрэўшыся з Антонавым, распавядае так:

«У 1956 годзе быў нейкі прыём у гасцініцы «Савецкая». Ён быў у цывільным. Я была ў звычайнай сукенцы. Ні я не ведала, хто ён такі, ні ён, хто — я. Мы выйшлі адначасова з дзвярэй гасцініцы. Вялікі тэатр з нейкай прычыны не прыслаў па мяне машыну, ці яна спазнялася, не памятаю. Ішоў лівень. Я кідалася ў пошуку тэлефона. Мужчына, убачыўшы, што я без машыны, прапанаваў мяне падвезці. Дарога была даволі доўгай. Мы размаўлялі. Прайшоў нейкі час, і я адчула, што маё сэрца неяк вельмі дзіўна забілася. Я зразумела, што гэта каханне».

Гэтыя словы належаць славутай савецкай балерыне Вользе Лепяшынскай. Народная артыстка СССР. Чатыры Сталінскія прэміі. З дзясятак ордэнаў і медалёў. Узнагароды сямі замежных дзяржаў. Гэта ўсё Лепяшынская — «страказа», як называў яе правадыр.

Яна была на 20 гадоў маладзейшая за Антонава. У іх знайшліся агульныя тэмы для ўзаемаадносін, якія паступова перараслі ў больш сур'ёзнае пачуццё. Да сустрэчы з генералам Вольга Лепяшынская пражыла насычанае, яркае і па-свойму драматычнае жыццё. Яе бліскучы талент выявіўся рана, і, стаўшы салісткай Вялікага тэатра, яна заваявала бясспрэчнае прызнанне аматараў балета. Яна прайшла ўсю вайну ў франтавых артыстычных брыгадах. Валодаючы кіпучай энергіяй і выбухным тэмпераментам, актыўна ўдзельнічала ў самых розных грамадскіх арганізацыях высокага ўзроўню.

Асобная размова — мужчыны на яе жыццёвым шляху. У 1935-м у яе пачаўся раман з рэжысёрам «Ленфільма» Ільёй Траўбергам. У 1940-м яны рассталіся. У пачатку вайны яна сустрэла Леаніда Фёдаравіча Райхмана і стала яго жонкай. Райхман быў генерал-лейтэнантам дзяржбяспекі. Прыйшоў час, яго арыштавалі і пасадзілі, а выпусцілі толькі пасля смерці Сталіна і Берыі. Але ў турме пасля катаванняў яму дапамагла выжыць жанчына-ўрач, і ён застаўся з ёй.

А ў 1956-м яна сустрэла Аляксея Антонава. Пра тое, хто з'явіўся ініцыятарам гэтага знаёмства, і далейшае развіццё адносін, можна меркаваць па ўспамінах Кацярыны Сяргееўны Катуковой, жонкі маршала бранятанкавых войскаў М.Я. Катукова: «Тады ў Маскве вельмі шмат гаварылі пра гэтую дружбу. Вольга Васільеўна — разумная жанчына, яна здолела заваяваць сэрца Аляксея Інакенцьевіча Антонава. Для яго пачалося зусім іншае жыццё, зусім новае. Марыя Дзмітрыеўна была памяркоўнай, ціхай, жыццё іх ішло мерна і спакойна. Цяпер жа ўсё пайшло па-іншаму. Аляксей Інакенцьевіч кінуўся з галавой у працу. Ён кіпеў энергіяй, зусім не адпачываў, але быў ён ужо нездаровы. Свой шлюб з Вольгай Лепяшынскай па законе так і не аформіў».

І тут трэба зрабіць адно, але вельмі істотнае адступленне: быў яшчэ адзін мужчына ў жыцці Вольгі Лепяшынскай. Іван Гронскі, журналіст і рэдактар, некалі блізкі сябар Сталіна, у сваіх успамінах піша пра тое, што ў сярэдзіне трыццатых правадыр нярэдка вяртаўся ад балерыны глыбокай ноччу...

Саюз з сур'ёзным ваенным чалавекам не змяніў прывычнага ладу жыцця балерыны. Пасля кожнага спектакля, у якім яна танцавала, артысты дружна накіроўваліся адзначыць гэтую падзею да яе дадому — на кватэру Антонава. Багема — яна і ёсць багема. Праца ў гэтыя гады ў Аляксея Інакенцьевіч была нервовай і напружанай. Раней вечарамі ён мог расслабіцца і адпачыць. Цяпер жа ўсё было інакш...

Фінал кароткага, усяго шасцігадовага сумеснага жыцця балерыны і генерала аказаўся прадказальным. Аляксею Інакенцьевічу стала дрэнна проста на працы, і 18 чэрвеня 1962 года ён пайшоў з жыцця. Для Вольгі Васільеўны гэта была трагедыя — спроба звіць сямейнае гняздо завяршылася няўдачай трэці — і апошні — раз.

Антонаў пайшоў з жыцця на пасадзе буйнога дзеяча міжнароднага значэння. Урну з яго прахам пранеслі па Краснай плошчы кіраўнікі краіны і партыі. Пахавалі яго ў крамлёўскай сцяне. Стаяў гарачы чэрвеньскі дзень. У Лепяшынскай ужо даўно балелі вочы. Ад неміласэрна пякучага сонца, ад стрэсу яна страціла зрок. Далей яе чакала адзінота. Памерла яна зусім нядаўна — у 2008 годзе.

А імя Антонава пасля яго смерці нібы адышло ў нябыт. Мікіта Хрушчоў, які ўзначаліў краіну ў 1953-м, не забыўся верных яму падчас вайны людзей і шчодра раздаў ім званні маршалаў і Герояў Савецкага Саюза. Антонаў у гэтую абойму не трапляў ні па якіх паказчыках. Леаніда Брэжнева, які прыйшоў на змену Хрушчову, найбольш хвалявала ўласная персона. З публікацый, якія з'явіліся ў друку ў гады ягонага кіраўніцтва, па ўсім выходзіла, што вайну выйгралі, у першую чаргу, дзякуючы яму, Брэжневу. І прысвоілі дарагому Леаніду Ільічу званне маршала, а ў 1978 годзе далі ордэн «Перамога», і ўжо ішла гаворка аб прысваенні звання генералісімуса. Не паспелі. Праўда, ордэна «Перамога» пасля яго смерці ўсё ж такі пазбавілі.

У 2003 годзе адзначалася 60-годдзе Курскай бітвы, і ў сувязі з гэтым група военачальнікаў звярнулася да кіраўніцтва Расіі з хадайніцтвам аб прысваенні звання Героя Расіі генералу арміі Аляксею Антонаву. Хадайніцтва засталося без увагі.

Можа быць, яно і правільна: які сэнс цяпер, заднім днём, даваць мёртваму тое, што ён заслужыў пры жыцці? Па-першае, гэтыя званні — і Героя, і маршала — паспелі абясцэніцца. А па-другое, справа не ў званнях, а ў прызнанні. Хай Антонаў застаецца генералам без залатой зоркі Героя — у канчатковым выніку, гэта сведчанне асаблівасцяў той эпохі. Але няхай яго імя будзе ў адным шэрагу з імёнамі іншых выдатных палкаводцаў, якія здабывалі Перамогу не толькі і не столькі коштам мільёнаў жыццяў, колькі сваім розумам і талентам.

Анатоль Сланеўскі

slaneuski@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?