Вы тут

Маладыя людзі Гомельшчыны правялі абласны "Адкрыты дыялог"


Пытанні партнёрства дзяржавы і моладзі сталі галоўнымі падчас «Адкрытага дыялогу» ў Гомелі. Сюды з усіх раёнаў вобласці з'ехаліся маладыя людзі — лідары абласной арганізацыі БРСМ. Экспертам яны задавалі вострыя пытанні і выказвалі свае ідэі.


— На мой погляд, дыялог атрымаўся, — адзначыла старшыня Цэнтральнай кантрольнай камісіі БРСМ, кіраўнік праекта «100 ідэй для Беларусі» Алеся Віннік. — І спікеры, і моладзь сябе рэалізавалі. Моладзь задавала пытанні, якія былі пачуты.

Са жніўня на Гомельшчыне прайшло больш як 40 аналагічных сустрэч, у якіх узялі ўдзел звыш 2,5 тысячы маладых людзей. На апошняй пад назвай «Дзяржава і моладзь: у партнёрстве залог поспеху» маладыя людзі выступілі з прапановамі стварыць музей гісторыі студатрадаўскага руху, правесці сустрэчы прадстаўнікоў розных маладзёжных грамадскіх аб'яднанняў. Адной з тэм для абмеркавання на сустрэчы сталі выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

— Поспех перадвыбарнай гонкі залежыць ад саміх кандыдатаў у дэпутаты, ад іх выразных мэт і перакананняў, — лічыць начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Ірына Даўгала. — Важна на кожным выбарчым участку звярнуць увагу на маладых людзей, якія галасуюць упершыню. На выбарах мы аддаём свой голас за міралюбную палітыку дзяржавы, за развіццё краіны, яе рух наперад.

Юнакі і дзяўчаты цікавіліся: якімі лідарскімі якасцямі павінен валодаць сёння малады чалавек, каб стаць паспяховым у сваёй галіне, як трапіць у перспектыўны кадравы рэзерв. Былі і пытанні, нечаканыя для спікераў: з якімі складанасцямі сутыкнуўся бы сённяшні малады чалавек, калі б ён апынуўся ў 1980—1990-х гадах, што было б складана для маладога чалавека з тых часоў у сучасным свеце? Як уплываюць сацыяльныя сеткі на фарміраванне грамадства?

Таксама былі агучаны думкі, звязаныя з папулярызацыяй сямейных каштоўнасцяў і магчымасцю падтрымкі дзяржавай маладых сем'яў. Варта адзначыць, што сустрэча стала пляцоўкай абмеркавання сапраўды актуальных і цікавых для моладзі тэм.

— Такіх пляцовак павінна быць значна больш, — адзначыў першы сакратар Гомельскай абласной арганізацыі БРСМ Ігар Завалей. — Усе ініцыятывы, якія былі агучаны падчас шматлікіх «Адкрытых дыялогаў» у Гомельскай вобласці, не ўяўляюць сабою нічога складанага ў плане рэалізацыі. У хуткім часе мы іх прапрацуем з мясцовай выканаўчай уладай і рэалізуем.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Ініцыятывы — да ўвасаблення

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».