Вы тут

Плюсы і слабыя месцы хаджэння новай беларускай валюты


Яшчэ напярэдадні грандыёзнай фінансавай падзеі адзначалася, што праведзеная дэнамінацыя спросціць разлікі ў паўсядзённым жыцці як звычайных жыхароў краіны, так і тых, хто непасрэдна ў працы сутыкаецца з лічбамі. Нам паабяцалі, што ніякага павышанага ажыятажу наконт новых грошай не будзе. Што не ўзнікне цяжкасцяў і пры разліках у гандлёвых аб'ектах, дзе старыя і новыя цэннікі былі выстаўлены загадзя. З новымі грашыма мы жывём ужо больш за два месяцы і крыху да іх прывыклі. Таму цяпер паспрабуем спакойна адшукаць плюсы, а магчыма, і слабыя месцы хаджэння нашай валюты ў новым фармаце...


Даюць рэшту новымі, а тлумачаць у маштабе старых

На мой погляд, самае складанае для пакупнікоў сёння, гэта паралельнае абарачэнне розных нацыянальных купюр у гандлёвай сетцы. А вось з 1 студзеня 2017-га магазіны ўжо не будуць прымаць старых грошай, хоць абмяняць іх можна будзе па 31 снежня 2019 года ўключна ў Нацыянальным банку, банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях.

Але вернемся ў другую палову 2016-га. Так здарылася, што мне ў крамах амаль заўсёды нават з новых грошай даюць дробную рэшту старымі. Больш за тое, пачынаюць тлумачыць гэтую аперацыю такім чынам, каб я трымаў у галаве маштаб старых цэн. Напрыклад, калі я даю прадаўцу за тавар коштам 4 рублі 23 капейкі прыгожую паперку ў 10 рублёў, то касірка аддае мне банкноту 5 рублёў і 7700 рублёў старымі. Пры гэтым яна абавязкова патлумачыць, што з вашых 100 тысяч рэшта будзе 57 тысяч 700 рублёў. Брр... Незразумела, навошта мне гэта, калі я бачу, што ў касе ёсць і капейкі. На гэты конт існуе стандартны адказ, што ёй так спакайней (так яна сябе кантралюе), да таго ж, часта людзі ад манет адмаўляюцца, а яшчэ — каб не было чэргаў.

З гэтымі тлумачэннямі я не згодны катэгарычна. Калі ў касе ёсць капейкі і металічныя рублі, то менавіта імі і трэба даваць рэшту. А мы, са свайго боку, павінны не прасіць касірку даваць нам рэшту банкнотамі ўзору 2000 года, а карыстацца выключна новымі грашыма, прывыкаць да іх, вывучаць, ведаць іх «у твар». Лепш ужо цяпер вучыцца планаваць свае пакупкі і сямейны бюджет на месяц у маштабе новых грошай без нулёў. Насамрэч чатыры месяцы пройдуць амаль імгненна, а налета двайных цэннікаў у крамах ужо не будзе.

І капейкі «хварэюць»?

Металічных грошай на прасторы нашай дзяржавы не было больш за 20 гадоў. Таму цяпер мы пачалі разглядаць іх сапраўды ўважліва. А некаторыя двухрублёвыя манеты аказаліся «з характарам». Пасля таго, як такія грошы пабывалі ў нашых вільготных далонях і сутыкнуліся з агрэсіўным асяроддзем (пот з'яўляецца слабай кіслатой), метал пачаў акісляцца. Калі «медныя» дробныя грошы пачалі проста цямнець, то менавіта двухрублёўкі мянялі свой колер не вельмі прыгожа. На асобных з іх пачалі з'яўляццанейкія плямы, а часам нават яўная ржа.

Мяне асабіста падобныя метамарфозы нашых манет не пужаюць, але існуюць індывідуумы, якія папсаваныя грошы браць не хочуць. Адзін такі выпадак я назіраў у маршрутцы, а другі — на рынку. Што ў гэтым выпадку рабіць уладальнікам непрыгожых манет?

У прэс-службе Беларусбанка нам паведамілі, што ў любым аддзяленні гэтай фінансавай установы «кепскія» манеты без праблем (без нейкай камісіі) абмяняюць на новыя. Праўда, абмяняюць толькі пасля таго, як касірка ці іншы спецыяліст банка пераканаецца ў тым, што манеты не былі наўмысна пашкоджаны. Гэта можна выявіць візуальна ці нават з дапамогай спецыяльнай экспертызы.

А далей мы можам зрабіць высновы самастойна. Атрымліваецца, што калі нехта паспрабуе рабіць з манетамі доследы (змяшчаць іх у розныя растворы, біць малатком, плюшчыць, згінаць ці рабіць дзіркі), то потым камерцыйныя банкі такія грошы не прымуць. Магчыма, застанецца шанц аддаць гэтыя манеты ў Нацбанк, але адпаведнай інструкцыі на гэты конт рэгулятар пакуль не агучыў.

Тут будзе не лішнім нагадаць слушныя парады ад Нацбанка для тутэйшых кулібіных, якія любяць усё рабіць сваімі рукамі. Увогуле жартаваць з нацыянальнай валютай я не раіў бы нікому, бо гэта бокам можа выйсці. Выпадкі такія ўжо былі. Фальшыўкі рабіліся на звычайнай паперы і лёгка выяўляліся.

А яшчэ некалькі слоў пра сувенірныя грошы. У галоўным упраўленні наяўнага грашовага абарачэння Нацбанка нам паведамілі, што выраб выявы банкнот можа выконвацца на матэрыяльных і нематэрыяльных носьбітах. Але пры гэтым ёсць пэўныя ўмовы: пры аднабаковай выяве носьбіта памер копіі павінен складаць менш за 75% або больш за 125% ад рэальнага памеру банкнот. Пры двухбаковым выкананні — менш за 50% або больш за 200% ад арыгінала. А мы ведаем, што сапраўдная даўжыня 5-рублёвай банкноты ў нас складае 135 мм, 10-рублёвай — 139 мм, а 20-рублёвай — 143 мм. Калі дакладна ўяўляць сабе гэтыя памеры, то і праблем з «банкам прыколаў» у вас не будзе.

Асабліва рукастых таварышаў спецыялісты Нацбанка папярэджваюць, што выкананне выявы манет можа рабіцца на любых матэрыяльных і нематэрыяльных носьбітах, за выключэннем сплаваў металаў. З пластмасы — калі ласка, можаце рабіць; пачаў капіраваць манету з металу — нажывеш непрыемнасці.

Буйныя купюры не патрэбны, пакуль...

Яшчэ напярэдадні старту дэнамінацыі спецыялісты Нацбанка казалі, што банкноты наміналам 500 рублёў у банкаматы запраўляць не будуць, а заказаць іх можна будзе непасрэдна ў вашым банку. Так і адбылося. Цяпер банкаматы не запраўляюць купюрамі па 500 і 200 рублёў, ды і старублёўкі сустракаюцца не паўсюдна.

Работнікі камерцыйных банкаў паведамілі нам, што банкноты такіх наміналаў у спажыўцоў не вельмі папулярныя. Акрамя таго, банкі не рызыкуюць закладваць у аўтаматы самаабслугоўвання сапраўды буйныя сумы грошай.

Логіка банкіраў зразумелая, але прафесійную цікаўнасць у кішэню не схаваеш. Спачатку мы паспрабавалі заказаць 500 рублёў у адным з прыватных камерцыйных банкаў. Але там нам паведамілі, што такіх банкнот у іх няма і ў найбліжэйшы час не будзе.

Спецыялісты Беларусбанка аказаліся больш адкрытымі для СМІ. Там у мяне адразу спыталі, на якую агульную суму мне трэба заказаць такіх банкнот. Тут аказалася, што адну банкноту асабіста для мяне работнікі аддзялення заказваць у Нацбанка не будуць. Пры гэтым паведамілі, што ўжо былі выпадкі заказу грошай гэтымі купюрамі асобнымі кампаніямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Яны заўсёды выконваюцца, але пры выкананні пэўных умоў. Увогуле, у банку паважаюць любых кліентаў, таму мне там параілі пакінуць свой нумар тэлефона і прозвішча. Калі ў касах аддзялення з'явіцца гэта сапраўды важкая купюра (яна адпавядае 250 доларам), то мне абавязкова патэлефануюць. Падобны выпадак у іх ужо быў на мінулым тыдні, калі банкноту з выявай Нацыянальнай бібліятэкі кліент абменьваў на долары. А назаўтра па яе ў банк прыйшла жанчына, якая хацела мець на руках купюру менавіта гэтага наміналу.

Інфакіёскі спісваюць грошы толькі ў новым «вымярэнні»

Гэтую праблему мы ўжо агучвалі яшчэ ў ліпені, але нават і мае знаёмыя працягваюць наступаць на старыя граблі. Гаворка ідзе пра тое, што мы павінны індывідуальна перайсці на новы фармат грошай і навучыцца беспраблемна карыстацца паслугамі банкаўскіх прылад самаабслугоўвання, дзе ёсць нюансы...

Цяпер усе банкаматы, інфакіёскі і банкаўскія тэрміналы дзейнічаюць у сістэме новых грошай, дзе побач з рублямі прысутнічаюць ужо і капейкі. Пры аплаце тых ці іншых паслуг машына прапануе вам самастойна набраць неабходную суму ў асобным пустым радку. Праўда, цяпер гэты радок не зусім пусты, бо там узнікае стартавая лічба 0,00. Калі мы проста націснем на лічбу 5, то на экране з'явіцца 0,05, што адпавядае 5 новым капейкам. Такім чынам, для таго, каб кліент зняў з карт-рахунку, напрыклад, 500 рублёў, яму трэба на клавіятуры набраць лічбу 5 і плюс чатыры нулі. У гэтым выпадку 50 000 капеек машына аўтаматычна перавядзе ў рублі, калі на экране банкамата будзе 500,00. Такі ж алгарытм набору нам неабходна будзе выконваць пры аплаце «пластыкам» паслуг мабільных аператараў, камунальных і іншых паслуг у інфакіёсках. Калі за паслугу вам ужо выстаўлены пэўны цэннік, то ніякіх праблем не ўзнікае, бо застаецца толькі згадзіцца з машынай і заплаціць. Праблемы часцяком бываюць у тым выпадку, калі кліенту неабходна самастойна набіраць суму грошай на клавіятуры.

Тут я параіў бы ўжо цяпер дакладна сабе ўсвядоміць максімальную суму грошай, якую вы збіраецеся пакласці на тэлефон, за святло, газ і іншае. Усвядоміць менавіта ў новым фармаце грошай. У свой час мая дачка прасіла мяне пакласці на яе тэлефон 50 (тады яна мела на ўвазе 50 тысяч). Днямі чуў ад знаёмага, што той па аналогіі паклаў на свой смартфон 100 рублёў новымі, а гэта было на парадак больш ад запланаванага. Ён потым вярнуў сабе залішне аплачаныя грошы, але патраціў на гэта шмат часу і нерваў. Прыйшлося ездзіць у кампанію мабільнай сувязі, пісаць там заяву, а потым праз тыдзень атрымліваць грошы ў банку. Яшчэ складанейшы будзе алгарытм вяртання грошай, якія былі залішне выдаткаваныя на іншыя паслугі.

Каля 10% купюр — у старым фармаце

Прэс-служба Нацыянальнага банка паведамляе, што прыкладна адна дзясятая частка старых грошай яшчэ застаецца на руках у насельніцтва. Спецыялісты патлумачылі, што Нацбанк выключыў са звароту каля 90% купюр старога ўзору ад сумы наяўных грошай, якія знаходзяцца па-за касамі нацыянальнага фінансавага рэрулятара. Калі ж глядзець па колькасці купюр, то вынята з абарачэння каля 50% старых грошай. Ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацбанка дадалі, што буйных банкнот (наміналам 50, 100 і 200 тысяч рублёў) на руках у насельніцтва практычна не засталося. У Нацбанку таксама выказалі здагадку, што выключыць усе купюры з абарачэння не атрымаецца. «Па суме гэты паказчык будзе блізкі да 100%, а вось па колькасці, хутчэй за ўсё, не, таму што дробныя купюры людзі захочуць пакінуць сабе ў якасці сувеніраў», — упэўнены эксперты галоўнага банка краіны.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: На руках засталася толькі «старая» дробязь

Каментары

Я наконт новых грошай вялікіх наміналаў не раіў бы аўтару падганяць падзею. Як толькі Нацбанк пачне 200 і 500 рублёў масава выдаваць, то гэта можа справакаваць чарговы віток інфляцыі. Потым цэны ўтрымаць будзе ўжо вельмі цяжка. А пра манеты я скажу так. Гэта ў першыя два тыдні пасля дэнамінацыі сустракаліся нейкія "пабітыя жыццём" двухрублёўкі. Аб гэтым сеціва добра гудзела. А потым я пра "хворыя" грошы і не чуў нічога. Можа гэта і не такая вялікая праблема? А можа манеты ў два рублі спачатку нечым апрацоўвалі, што дала такі эфект. Убачылі плямы і цяпер адмовіліся гэта рабіць. А што Нацбанк на гэты конт маўчыць?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.