Вы тут

Беларусь плануе перайсці да дакладнага земляробства


Галоўнай задачай айчынных навукоўцаў-аграрыяў цяпер становіцца атрыманне максімальна магчымага ўраджаю пры мінімуме выдаткаў. Менавіта дакладнае земляробства можа дазволіць скараціць спажыванне паліва на 40 працэнтаў, гэтак жа зменшацца расходы ўгнаенняў, пестыцыдаў і іншых сродкаў, паведаміў намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце і вытворчасці Навукова-вытворчага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Дзмітрый ЛУЖЫНСКІ.


Пры гэтым спосабе прапануецца, напрыклад, мінімізаваць апрацоўку глебы на асобных землях. Узворванне можа быць заменена паверхневай апрацоўкай. Магчыма нават цалкам замяніць ворыва на тэхналогіі прамога пасеву, калі расліна высяваецца ў непадрыхтаваную глебу, але дзякуючы іншым тэхналогіям ураджай застаецца на стандартным узроўні.

«Гэта перспектыўны кірунак не толькі для Беларусі, ён актуальны па ўсім зямным шары, — падкрэсліў Дзмітрый Лужынскі. — Улічваючы адсутнасць у нашай краіне ўласных крыніц энергіі, гэта надзвычай важна».

Асобна можна размаўляць пра вытворчасць бульбы. Па інфармацыі намесніка генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Навукова-вытворчага цэнтра НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве Вадзіма МАХАНЬКО, нягледзячы на зніжэнне пасяўных плошчаў «другога хлеба», бульбы сёлета ў краіне «не шмат, а вельмі шмат». З улікам таго, што на асноўным рынку збыту — у Расіі — яе высадзілі больш, чым звычайна, кошты на беларускі прадукт пачалі падаць. Гэта прыводзіць да зніжэння рэнтабельнасці вытворчасці.

«Цяпер убрана каля 11 працэнтаў пасадак, ураджайнасць у сярэднім на 3-5 кілаграмаў перавышае леташнюю, — расказаў Вадзім Маханько. — Рэкардсмен — Талачынскі раён, дзе збіраюць 41-42 тоны бульбы з гектара, гэта высокі нават па сусветных мерках паказчык».

Акрамя гэтага, спецыяліст паведаміў, што ў Беларусі распрацаваны рэгламент вакуумавання бульбы. Было даследавана 50 сартоў культуры, толькі два з іх прыдатныя да захавання без кансервантаў у вакуумнай упакоўцы. «Сёння ў многіх краінах Еўрасаюза гэта абавязковае патрабаванне для сферы грамадскага харчавання, — адзначыў спецыяліст. — Тое ж датычыцца многіх дзіцячых устаноў Расіі, таму, лічу, мы таксама павінны прыйсці да такога стандарту».

Цяпер у парламенце на разглядзе знаходзіцца Закон аб экалагічным земляробстве. Падобныя дакументы існуюць у многіх краінах, яны рэгламентуюць атрыманне экалагічна чыстай прадукцыі, у першую чаргу дзіцячага і здаровага харчавання, напрыклад бульбы, без ужывання мінеральных угнаенняў і хімічных сродкаў абароны. Па досведзе такіх краін, як ЗША, можна сказаць, што поўны пераход да экалагічнага земляробства прыводзіць да падаражання прадуктовага кошыка прыкладна ў пяць разоў. Таму экалагічна чыстая бульба будзе каштаваць вялікіх грошай.

Беларуская чорна-пярэстая карова неўзабаве можа займець пароду-канкурэнта.

Сур'ёзных поспехаў дасягнула айчынная жывёлагадоўля. Летась у краіне было выраблена 7 мільёнаў 450 тысяч тон малака. Гэтая лічба аналагічная паказчыкам 1990 года — найлепшага ў гісторыі краіны. Пры гэтым 25 гадоў таму пагалоўе кароў складала 2,5 мільёна галоў, цяпер — усяго 1,5 мільёна. Рост быў дасягнуты пераважна за кошт павышэння прадукцыйнасці. Усяго колькасць вырабленага малака на душу насельніцтва склала 760 кілаграмаў, па гэтым паказчыку Беларусь уваходзіць у дзясятку найлепшых краін свету. Па мясе ён складае 120 кілаграмаў на жыхара, гэта 12-я лічба ў свеце.

«Менавіта сфера жывёлагадоўлі з'яўляецца ключавой для нашай сельскай гаспадаркі, — адзначыў першы намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Навукова-вытворчага цэнтра НАН Беларусі па жывёлагадоўлі Іван ШАЙКО. — 95-96 працэнтаў экспарту прадукцыі сельскай гаспадаркі складаюць менавіта мяса і малако».

Такія поспехі толькі падштурхоўваюць айчынных навукоўцаў на новыя маштабныя праекты. Па словах Івана Шайко, дзякуючы інтэнсіўнаму выкарыстанню біятэхналогій, у Беларусі неўзабаве можа з'явіцца другая нацыянальная парода кароў. Цяпер у айчынных гаспадарках працуюць толькі з беларускай чорна-пярэстай, якая спалучае як высокія малочныя, так і мясныя якасці. Ужо ідзе праца па стварэнні беларускай галшцінскай пароды, якая будзе характарызавацца высокім паказчыкам вытворчасці малака — каля 11 тысяч кілаграмаў за лактацыю (у чорна-пярэстай ён складае каля 9 тысяч). Зацвердзіць новую пароду плануецца яшчэ да 2020 года.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Будучыня — за дакладным земляробствам

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.