Вы тут

Святлана Кабачэўская. Мой Кітай...


“Дзве пары рук сустрэліся, расчынілі дзверы асабліваму вялікаму камню --“Беларуска-кітайскаму індустрыяльнаму парку”.Нараджаецца адзін за адным цуд сярод людзей!”Гэтыя паэтычныя радкі на кітайскай мове прыйшлі на адрас міжнароднага радыё “Беларусь” з далёкага кітайскага пасёлка  правінцыі Шандун. Такімі натхнёнымі словамі іх аўтар Чжоу Фэй вітае конкурс эсэ , які быў аб’яўлены нашым міжнародным радыё сумесна з пасольствам Кітайскай народнай рэспублікі ў Мінску.

“Мэтай конкурсу  з’яўляецца прасоўванне ў сусветнай медыяпрасторы  беларуска-кітайскага стратэгічнага партнёрства , інфармаванне беларускай і сусветнай грамадскасці пра міжнародны праект”Эканамічны пояс Шоўкавага  шляху і індустрыяльны парк “Вялікі камень”, папулярызацыя ведаў пра радыё “Беларусь" і краіну ў цэлым, развіццё цікаўнасці да Беларусі“ ,- адзначыў галоўны дырэктар радыё “Беларусь“ Навум Гальпяровіч.

На сённяшні дзень творы на конкурс прыслалі беларускія і кітайскія аўтары, якія жывуць і працуюць у нашай краіне або правінцыях Кітая , але і ў другіх краінах . Удзельнікі прысылаюць свае работы на беларускай , рускай і кітайскай мовах. Конкурс працягваецца да 1 студзеня 2017 года. Свае творы можна прысылаць на спецыяльны электронны  адрасsilkwayessay@gmail.com да 31 снежня 2016 года.


Для многіх Кітай – гэта легендарныя кіраўнікі Шунь і Яа, дынастыі Шан-Інь і Тан, Вялікая Кітайская раўніна і Тыбецкае нагор’е, хрыбет Уішань і рака Янцзы, Вялікая Кітайская сцяна і Забаронены горад, Маўзалей імператара Цынь Шыхуандзі і астэроід Жуйхуа, гмах «Нябесны Горад» і карпарацыя China Petroleum & Chemical Corporation, кітайскі фарфор і старажытны інструмент Цысяньцын, а таксама шматлікія дзіўныя рэчы. І, вядома, адны з самых значных адкрыццяў Кітая – папера, компас, порах і кнігадрукаванне.

Мой Кітай як адкрыццё – гэта амаль пяцьдзясят незвычайных маладых хлопцаў і дзяўчат, якія вучацца ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Лю Цзын і Чжан Ліньюань, Чжаа Тунба і Чжэн Цзіньюй, Го Цуй і Чжан Мідун, Ні Ша і Ян Бо, Сунь Юань і Е Цюн, Люй Нін і Ван Цыхэн, Дзін Цзэ і Хе Мін, Джаа Мін і Бай Хуа, Сяа Кайсянь і Бай Іцзюнь, Мі Сяа і Хэн Чуантаа, Лі Пейжон і многія іншыя з розных куткоў Кітая. Працавітыя і дапытлівыя, шчырыя і адкрытыя, яны заўсёды з тэлефонамі, больш падобнымі да мініяцюрных камп’ютараў, і карыстаюцца імі як перакладчыкам, дыктафонам, фотаапаратам, компасам. Лёгка і прафесійна. Заўсёды ўсміхаюцца падчас сустрэчы і злёгку нахіляюць галаву. І ты не можаш у адказ не ўсміхнуцца.

Яны з дзіўнай настойлівасцю спасцігаюць асновы рускай і беларускай моў, гісторыю музычнай культуры, методыку выкладання фізічнай культуры, прымаюць удзел ва ўсіх студэнцкіх мерапрыемствах, рэалізуюць крэатыўны праект «Кітайская шкатулка». У Цэнтры кітайскай мовы БДПУ яны сустракаюцца з першакласнікамі мінскіх школ і гімназій, распавядаюць ім пра законы адабрэння ў Кітаі і яшчэ пра многае іншае, чытаюць вершы на кітайскай і беларускай мовах, выконваюць музыку кітайскіх кампазітараў і слухаюць беларускую нацыянальную музыку, заўсёды імкнуцца да новых ведаў і пытаюцца, пытаюцца, пытаюцца...

Я думаю, што гэта адбываецца таму, што мае кітайскія студэнты ведаюць словы Канфуцыя: «Усё роўна, як павольна Вы ідзяце, да таго часу, пакуль Вы не спыніцеся».

Ніхто з маладых людзей не ведаў адзін аднаго да прыезду ў маю краіну, у горад Мінск. Але сёння гэта вялікая сям’я, што адкрывае свае сэрцы беларусам. Яны вучаць сваіх беларускіх сяброў чуць і гэтае павучанне Канфуцыя: «Высакародны муж думае пра дзевяць рэчаў: пра тое, каб бачыць выразна; пра тое, каб чуць дакладна; пра тое, каб яго твар быў ветлівым; пра тое, каб яго ўчынкі былі справядлівымі; пра тое, каб яго маўленне было шчырым; пра тое, каб яго дзеянні былі асцярожнымі; пра неабходнасць пытацца ў іншых, калі з’яўляюцца сумненні; пра неабходнасць памятаць аб наступствах свайго гневу; пра неабходнасць памятаць аб справядлівасці, калі ёсць магчымасць атрымаць карысць».

Мой Кітай – гэта і госці майго ўніверсітэта, з якімі мне пашчасціла пазнаёміцца. З кімсьці ў сценах універсітэта, з кімсьці ў зносінах па інтэрнэце. Нашымі сябрамі сталі педагогі з Шанхайскага педагагічнага і Паўночна-заходняга ўніверсітэтаў, Вэйнанскага і Чжан-Цзянскага педагагічных універсітэтаў, Юйлінскага ўніверсітэта і Універсітэта Джышу, Педагагічнага інстытута Дзяадзо і Шаньдунскага педагагічнага ўніверсітэта і іншых. Я перапісваюся са сваімі калегамі з Харбінскага ўніверсітэта і Другога Пекінскага ўніверсітэта замежных моў. І, чытаючы іх лісты, заўсёды адчуваю адначасова сур’ёзнасць і ўсмешку пры выкананні сваіх абавязацельстваў. Мабыць, таму, што яны прытрымліваюцца, як і я, запаведзі Канфуцыя: «Чым бы Вы ні займаліся ў жыцці, рабіце гэта ўсім сваім сэрцам». Гэта нас і аб’ядноўвае – Канфуцый, любоў да сваёй краіны, клопат пра студэнтаў, жаданне дапамагчы кожнаму з іх. Таму што яны проста дзеці, чыесьці дзеці, незалежна ад таго, колькі ім гадоў і якой яны нацыянальнасці.

Так што мой Кітай – тут, у Рэспубліцы Беларусь, у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.

І... у маім сэрцы... Назаўжды.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».