Вы тут

«Выкажыце свае заўвагі наконт кантэйнераў для адходаў пісьмова»


У нас у мікрараёне даўно ўстанавілі смеццевыя кантэйнеры для збору адходаў пластыку, паперы, шкла. Раней яны былі адкрытымі, у іх зручна было скідваць адпаведнае смецце. А новыя закрыты масіўнымі накрыўкамі, у якіх маюцца невялікія адтуліны, куды, па задуме канструктараў, людзі павінны прапіхваць адходы. Але я, як і большая частка гараджан, раблю так: дома маецца мяшок для збору пластыку і мяшок — для паперы. Калі яны запаўняюцца, я іх выкідваю. Аднак, паколькі я чалавек беражлівы, а адходы гэтыя чыстыя, то я вытрасаю змесціва ў кантэйнер, а мяшкі выкарыстоўваю паўторна. Запіхваць пластык ці паперу ў адтуліны ў накрыўцы цяперашніх кантэйнераў, вымаючы яго маленькімі порцыямі, наўрад ці хто будзе. А як выкінуць, калі кантэйнер закрыты? Я спрабаваў ссунуць накрыўку — у мяне атрымалася зрабіць тое сантыметраў на 20, больш не змог. А калі прыйдзе да кантэйнера дзіця ці стары чалавек? Яны не здолеюць гэтага зрабіць, бо накрыўка цяжкая, ды і росту трэба быць як мінімум паўтара метра, каб дацягнуцца да ручкі. Што яны зробяць? Проста выкінуць адходы ў звычайны кантэйнер, які заўсёды адкрыты. Толькі ў адным месцы ў нашым мікрараёне я бачыў адкрытыя кантэйнеры для збору адходаў. Прашу накіраваць мой ліст іх гаспадарам, каб яны абавязалі сваіх работнікаў адчыняць кантэйнеры пры ўстаноўцы. На іх напісана «Спецкамунаўтатранс».

Уладзімір Пятровіч Навуменкаў, г. Мінск


Галоўны інжынер прадпрыемства «Спецкамунаўтатранс» Вячаслаў Дымовіч на запыт рэдакцыі коратка патлумачыў, што прадпрыемства толькі абслугоўвае памянёныя чытачом кантэйнеры для асобнага збору адходаў. Іх вырабам яны не займаюцца. Суразмоўца выказаў думку, што згаданыя кантэйнеры — прадукцыя «Жылкамплект». Галоўны інжынер ужо гэтага прадпрыемства Аляксей Чахоўскі, удакладніўшы адрас пражывання нашага заяўніка, неўзабаве пацвердзіў, што сапраўды кантэйнеры іх вытворчасці. На жаль, у яго не атрымалася звязацца з Уладзімірам Навуменкам, каб больш падрабязна ўдакладніць сутнасць прэтэнзій нашага чытача. Таму праз газету Аляксей Віктаравіч паведаміў наступнае:

— Гаворка ідзе пра так званыя еўракантэйнеры для асобнага збору адходаў. Іншымі словамі, яны выпускаюцца згодна з тымі ж параметрамі, што і ў іншых краінах Еўропы. Вырабляюцца кантэйнеры на заказ і па тых тэхнічных умовах, якія дасылае нам Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка. Калі гэта кантэйнер, напрыклад, для збору ПЭТ-бутэлек, значыць, у ім канструктыўна прадугледжана адтуліна па памеры якраз пад пластыкавую бутэльку. Таму не зусім зразумела, чаму ваш чытач не можа яе прапіхнуць.

Далей галоўны інжынер «Жылкамплекта» Аляксей Чахоўскі расказаў, што, згодна з санітарнымі нормамі, кантэйнеры для асобнага збору цвёрдых бытавых адходаў пасля ўстаноўкі павінны быць абавязкова зачыненымі — на іх маюцца замкі. Ключы ад апошніх ёсць толькі ў работнікаў арганізацыі, якая абслугоўвае кантэйнеры. Калі замка на ёмістасці побач з домам заяўніка не было ці ён быў незамкнутым, гэта парушэнне. Не кажучы ўжо пра тое, што самі жыльцы не маюць права самастойна ссоўваць накрыўку кантэйнера.

Напрыканцы размовы Аляксей Віктаравіч дадаў, што іншых скаргаў на нязручнасць карыстання кантэйнерамі для асобнага збору цвёрдых бытавых адходаў ад насельніцтва не паступала. Але калі Уладзімір Навуменкаў палічыць патрэбным, ён можа пісьмова звярнуцца ў Мінскую гарадскую жыллёвую гаспадарку і выказаць свае канструктыўныя заўвагі і прапановы. Магчыма, іх прымуць да ўвагі і ўнясуць пэўныя карэктывы ў тэхнічныя ўмовы, згодна з якімі выпускаюцца кантэйнеры. Гэта, у сваю чаргу, дасць законныя падставы ўвасобіць іх пры выпуску гэтай прадукцыі.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.