Вы тут

Вайскоўцы бяруць удзел у датэрміновым галасаванні


У першы дзень датэрміновага галасавання за кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 6-га склікання на ўчастку Уруцкай выбарчай акругі № 109 было нешматлюдна. Нягледзячы на тое, што ўчастак для галасавання размешчаны на тэрыторыі вайсковай часці (120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады), адным з першых выбаршчыкаў стаў мясцовы жыхар акругі.


Паступова ў чаргу за бюлетэнямі падышлі ваеннаслужачыя. Многія з іх імкнуліся аператыўна зрабіць свой выбар таму, што неўзабаве адбудуць на баявую падрыхтоўку. Тых вайскоўцаў, якіх датэрміновае галасаванне і дзень выбараў застануць на палігоне, таксама будуць мець магчымасць прагаласаваць. У нядзелю, у асноўны дзень падзеі, да іх прыедуць прадстаўнікі выбарчай камісіі і арганізуюць галасаванне на месцах.

— Мы не прымушаем людзей аддаваць свой голас, але разам з тым ствараем умовы ўсім знаходзіцца ў роўных магчымасцях, — адзначае намеснік камандзіра 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады па ідэалагічнай рабоце — начальнік аддзялення ідэалагічнай работы, старшыня камісіі Уруцкай выбарчай акругі № 109 гвардыі падпалкоўнік Сяргей КОРНЕЎ. — Усяго на нашым участку галасуе каля 3 тысяч чалавек. Амаль тысяча з іх — ваеннаслужачыя, астатніх выбаршчыкаў прадстаўляе цывільнае насельніцтва, якое жыве ў дамах, якія тэрытарыяльна адносяцца да нашага ўчастка.

За ходам галасавання сочыць 10 назіральнікаў, сярод якіх — прадстаўнікі воінскіх калектываў, ветэранскай арганізацыі раёна, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, прафсаюзнай арганізацыі. Выбарчая камісія акругі складае 13 чалавек.

Сярод іх — і прадстаўнікі вайсковай часці, у тым ліку салдаты тэрміновай службы. Як расказаў адзін з членаў выбарчай камісіі малодшы сяржант Віктар ТАРАСЕВІЧ, перш чым трапіць у камісію, юнакі прайшлі ўнутранае галасаванне. "Да гэтай важнай падзеі мы рыхтаваліся падчас спецыяльных заняткаў, — расказвае салдат тэрміновай службы. — Наш асноўны абавязак — забяспечыць кожнага чалавека магчымасцю прагаласаваць на нашым участку і сачыць за тым, каб не было ніякіх парушэнняў. Што тычыцца вайскоўцаў, яны актыўна галасуюць: добра разумеюць, што робяць адказны крок у жыцці, які вырашыць будучыню краіны".

Пазнаёміцца з кандыдатамі ў дэпутаты або яшчэ раз вырашыць, за каго зрабіць выбар, можна дзякуючы інфармацыйнаму стэнду, размешчанаму ў памяшканні для галасавання. Што тычыцца вайскоўцаў, большасць з іх ужо ведае, за каго аддасць свой голас. Вывучыць інфармацыю аб кандыдатах яны змаглі ў сваім вайсковым падраздзяленні, дзе арганізаваны куткі выбаршчыка, а таксама прадстаўлены асноўныя заканадаўчыя акты, якія тычацца выбарчай кампаніі. Таксама на тэрыторыі злучэння былі арганізаваны сустрэчы з кандыдатамі ў дэпутаты. Ды і ў горадзе, наўрад ці ў агітацыйны час можна было абмінуць шматлікія пікеты і стэнды з інфармацыяй.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».