Вы тут

Эстафету ў Рагачова прымае Полацк


А сёлета Гомельшчына чацвёрты раз прымала Дзень беларускага пісьменства. Двойчы яго ладзілі ў Тураве, адзін раз — у Хойніках і вось цяпер — у Рагачове. «Пашанцавала!» — лічаць жыхары гарадка, колькасць насельнікаў якога ў дзень свята павялічылася, напэўна, на траціну. Дзень пісьменства кардынальна змяніў райцэнтр — капітальна адрамантавана каля 40 аб'ектаў. Усіх радуе новая чатырохпалосная дарога ў цэнтры, уладкаваны парк з фантанам, азёры з альтанкамі на месцы балота і шмат іншых прыемных падарункаў, якія застануцца тут назаўсёды.


Міністр інфармацыі Лілія Ананіч падкрэсліла, што ў кожным горадзе, дзе праходзіў Дзень пісьменства, ёсць цяпер такія знакавыя аб'екты:

— Гэта тое свята, якое пакідае пасля сябе не толькі духоўны след, але і матэрыяльныя каштоўнасці. Але галоўнае, каб кожны, хто пабываў тут, задумаўся, наколькі важная пераемнасць пакаленняў, калі досвед і мудрасць, назапашаныя продкамі, перадаюцца нашчадкам. Рагачоўшчына ўзгадавала не аднаго таленавітага майстра слова. Гэта дастойнае месца, і свята атрымалася годным і праходзіць на самым высокім узроўні. Дзень беларускага пісьменства — гэта магчымасць дзяржавы падзякаваць пісьменнікам, навукоўцам, літаратарам і ўсім, хто мае дачыненне да захавання роднага слова.

Намеснік прэм'ер-міністра, старшыня Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства ў Рагачове Наталля Качанава шчыра вітала прысутных са святам. Яна агучыла прывітальныя словы Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі і адзначыла, што падчас падрыхтоўкі ў горадзе абноўлены важныя сацыяльныя і культурныя аб'екты:

— Свята скончыцца, а горад застанецца на доўгія гады такім прыгожым. Вядома, пасля свята толькі ад высілкаў мясцовых жыхароў будзе залежаць, як гэта будзе захавана.

«З глыбокай павагай да моўнай спадчыны»

— Свята набывае асаблівае гучанне ў Год культуры, калі мы звяртаемся да духоўных крыніц нашага народа, — заўважыў на цырымоніі адкрыцця старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік, — Мне вельмі прыемна, што сёлетняй сталіцай беларускага пісьменства стаў Рагачоў. Гомельская зямля багатая на таленты, тут нарадзіліся чатыры народныя пісьменнікі Беларусі: ураджэнец Рагачоўскага раёна Андрэй Макаёнак і тры Іваны — Навуменка, Мележ і Шамякін. Вялікая колькасць гасцей на гэтым свяце паказвае глыбокую павагу беларусаў да нашай багатай моўнай спадчыны і чарговы раз даказвае, што ў век інфармацыйных тэхналогій кніга па-ранейшаму застаецца неад'емным атрыбутам паўсядзённага жыцця. Упэўнены, свята беларускага пісьменства дапаможа прыцягнуць увагу нашых жыхароў, асабліва моладзі, да нацыянальнай культуры, заахвоціць звярнуцца да твораў класікаў і сучаснікаў.

Перадаў у дар бібліятэцы кнігу «Беларусь замкавая» старшыня Рагачоўскага райвыканкама Сяргей Дзянісенка. Ён нагадаў, што менавіта на гэтай зямлі калісьці існаваў замак гаспадыні горада каралевы Боны:

— Замак быў, на жаль, страчаны. Спадзяюся, што праз пэўны час выявы нашага замка таксама будуць на старонках мастацкіх выданняў. Гэтае свята — выдатная магчымасць паказаць культурнае багацце нашага краю ўсім жыхарам рэспублікі.

Даволі часта адносіны з кнігамі ў нас складваюцца як і з людзьмі. З многімі мы знаёмімся, але толькі некаторых выбіраем у сябры і спадарожнікі жыцця. Для мяне такімі з'яўляюцца кнігі пра мінуўшчыну нашага краю.

Імя Караткевіча як талісман

Да Дня беларускага пісьменства выдавецтва «Мастацкая літаратура» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі падрыхтавала кнігу «Добры дух зямлі дняпроўскай: Рагачоўшчына літаратурная». У ёй сабраны творы паэтаў і празаікаў — выхадцаў з гэтай зямлі. Дарэчы, штогод у Беларусі выдаецца звыш 11 тысяч найменняў кніг. У крамы і бібліятэкі краіны паступае каля 33 мільёнаў асобнікаў. Папоўніліся ў дзень свята падарункамі ад высокіх гасцей і фонды Рагачоўскай раённай бібліятэкі. У гэты дзень тут адкрыты Дом кнігі, якому нададзена імя Уладзіміра Караткевіча. Пад дахам размясціліся кнігарня «Першацвет» і непасрэдна бібліятэкі — дарослая і дзіцячая, якія раней былі ў розных будынках. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец перадаў у падарунак кнігі ад творчай арганізацыі і падзякаваў усім, хто дапамог стварыць утульны будынак:

— Чалавек, які перастае чытаць, перастае думаць. Таму сённяшняя падзея ўвасабляе жаданне жыхароў Рагачова і раёна развіваць і ўдасканальваць веды.

Менавіта ў Рагачове распачата новая добрая традыцыя. Вядомыя дзеячы беларускай культуры, спорту, службовыя асобы расказваюць пра свае любімыя выданні і перадаюць іх у падарунак Дому кнігі. Напрыклад, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі краіны Раман Матульскі параіў усім прачытаць «Пінскую шляхту» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Уладзіміра Караткевіча назвалі тут «каралём вострасюжэтнай прозы». Яго твор «Дзікае паляванне караля Стаха» парэкамендаваў спявак Аляксандр Ціхановіч.

Дырэктар рагачоўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Таццяна Голубева заўважае, што зроблена ўсё, каб напаўненне будынка адпавядала яго знешняму выгляду. Асабліва тут паклапаціліся пра дзяцей, якім адведзена значная частка памяшканняў:

— У нас ёсць дрэва творчасці. Мы часта абвяшчаем конкурсы малюнкаў. На гэтым дрэве іх развешваем. Таксама ў нас ёсць незвычайны растамер. На ім вымяраем не толькі рост дзіцяці, але і тое, да якой кнігі ў якім узросце яно дарасло.

«Газетны бульвар» і XX стагоддзе

Увесь горад на час правядзення Дня беларускага пісьменства ператварыўся ў адно вялікае свята. На «Газетным бульвары» размясцілася перыёдыка Гомельшчыны. Тут былі прадстаўлены ўсе мясцовыя выданні. Стэнд кожнага з іх ілюстраваў пэўны гістарычны перыяд мінулага стагоддзя — тое, як развівалася перыёдыка. Пішучай машынкай, тут, лічы, нікога было не здзівіць, — яны стаялі ледзь не на кожным стэндзе. Можна было дакрануцца да клавішаў і прыгадаць, як нараджаліся газеты ў тыя часы, калі яшчэ не было інтэрнэту.

Газета «Добрушскія навіны» прадстаўляла 1960-я гады. Стары прайгравальнік, модныя ў той час пласцінкі... Знайшлі і развесілі і шматлікія плакаты, што калісьці нароўні з газетамі былі закліканыя агітаваць, накіроўваць ход думак чытачоў.

Што паглядзець і чым пазабавіцца было і на стэндзе Выдавецкага дома «Звязда». Экалагічны майстар-клас ад часопіса «Родная прырода», выраб паштоўкі сваімі рукамі дзякуючы ўмельцам з часопіса «Алеся», аўтограф-сесіі пісьменнікаў Алеся Марціновіча і Уладзіміра Мазго, шарж у падарунак падпісчыкам часопіса «Вожык» — вось толькі невялікая частка цікавінак, якімі тут радавалі гасцей. На стэндзе, дарэчы, было вельмі людна. Нашы шаноўныя чытачы завітвалі сюды, проста каб дакрануцца да таго свету, у якім ствараюцца іх любімыя газеты і часопісы.

Нацыянальная, літаратурная

Сёлета ўжо ў другі раз уручалася Нацыянальная літаратурная прэмія. Такая традыцыя ўзнагароджвання, закліканая падтрымліваць айчынных аўтараў, была закладзена летась у Шчучыне. На гэты раз ва ўсіх сямі намінацыях былі вызначаны пераможцы.

Ганаровы дыплом, статуэтку і грашовую прэмію намінацыі «Найлепшы твор прозы» атрымаў Алесь Марціновіч за зборнік гістарычных апавяданняў «Цяпло ранейшых вогнішчаў».  Карэспандэнту нашага выдання ён адзначыў:

— У маю кнігу, якая сёння перамагла, увайшлі гістарычна-мастацкія апавяданні і эсэ. У іх распавядаецца пра многіх славутых асоб, пачынаючы ад сівой даўніны і да нашага часу. Гэта, напрыклад, унучкі Рагнеды, адна з якіх была французскай каралевай, другая — венгерскай, а трэцяя — нарвежскай... Я даўно пішу на гістарычную тэму, ужо даследаваў лёсы 300 гістарычных дзеячаў.

У намінацыі «Найлепшы твор паэзіі» ўладальнікам прэміі стаў Мар'ян Дукса за кнігу «Птушка вечнасці — Душа».

— Любая ўзнагарода — гэта гонар. Аднак яна прымушае яшчэ больш творча працаваць. Прыемна, што журы ацаніла мае філасофскія і рэлігійныя ідэі, — адзначыў паэт. — А што да стварэння вершаў, то часцей за ўсё найперш прыходзіць думка, якая выклікае натхненне. Мае творы больш сэнсавыя, ідэйныя. Пэўны пасыл, які я хачу данесці да чытача, даводзіцца расквечваць мастацкімі фарбамі.

У намінацыі «Найлепшы твор публіцыстыкі» прэмія прысуджана пісьменніку-гісторыку Мікалаю Барысенку за кнігу «Рэха Вялікай вайны ва Усходняй Беларусі (1914—1918)». Ён адзначыў, што працуе на мяжы гісторыі, літаратуры, краязнаўства і пошуку і аховы помнікаў самага ўсходняга рэгіёна Беларусі.

У намінацыі «Найлепшы твор для дзяцей і юнацтва» лаўрэатам стаў Сяргей Давідовіч за кнігі «Дзедава жалейка», «Баявая нічыя», «Залаты буліт».

— Я пішу не толькі для дзяцей... Жыццё такое шматграннае, цікавае, што пісаць на адну тэму было б сумна, — адзначае аўтар. — Аднак кожнаму пісьменніку, на маю думку, трэба звяртацца да дзіцячай тэмы. Адзін з маіх герояў кажа, што можна праводзіць своеасаблівы тэст на чалавека з жывой душой: калі ён чытае казкі, значыць, усё ў парадку, а калі не — значыць, галасы маленства ў ім памерлі... Хоць у мяне было цяжкое дзяцінства — ваеннае і паваеннае, памятаю нават голад, — той час усё адно ўспамінаецца мне цудоўным і чароўным, я з ім не расстаюся ніколі.

У намінацыі «Найлепшы драматычны твор» перамог Ягор Конеў з п'есай «Злачынства і пакаранне на берагах Свіслачы», якая летась была апублікавана ў часопісе «Маладосць». Гэты аўтар у свой час друкаваўся ў «Чырвонай змене», а цяпер актыўна супрацоўнічае са «Звяздой» і «Літаратурай і мастацтвам». Ён крыху расказаў пра свой твор і падзяліўся думкамі адносна сучаснай драматургіі:

— П'еса прысвечана вядомаму беларускаму сышчыку і следчаму Андрэю Станкевічу, які расследаваў злачынствы, зробленыя Марынай Дастаеўскай у 1605 годзе. Тады адбывалася цэлая эпапея, якая завяршылася толькі ў 1609 годзе. Марыю пакаралі за ўчыненае забойства, але да гэтага яна паспела нарадзіць дзіця і прадоўжыць род, у якім праз некалькі пакаленняў з'явіўся славуты аўтар «Злачынства і пакарання» Фёдар Дастаеўскі... Хачу адзначыць, што ў беларускай нацыянальнай драматургіі глыбокія гістарычныя карані і шмат цікавых сучасных аўтараў. Але яны, на жаль, вельмі небагата прадстаўлены ў рэпертуары нашых тэатраў. Мне здаецца, вырашыць гэту праблему можна сумеснымі намаганнямі драматургаў, якія мусяць і надалей шчыраваць на ніве беларускага пісьменства, і намаганнямі кіраўніцтва тэатраў, якім трэба зразумець, што мы цікавыя свету найперш беларушчынай... А таксама дзякуючы падтрымцы дзяржавы, якая спрыяе тэатру і заахвочвае аўтараў, у тым ліку такой прэміяй, якую я маю гонар атрымаць.

Навуковае выданне «Беларускі імпрэсіянізм» Таццяны Мацюхінай атрымала перамогу ў намінацыі «Найлепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства». У намінацыі «Найлепшы дэбют» уладальнікам прэміі стаў Сяргей Клімковіч за кнігу для дзяцей «Таямніца кватэры №8» у чатырох тамах. Варта адзначыць, што ў гэтага аўтара ўжо шмат уласных кніг. А вось у дзіцячай тэматыцы ён паспрабаваў сябе ўпершыню.

Пераможцаў яшчэ аднаго конкурсу таксама ўшаноўвалі ў Рагачове. Ужо чацвёрты год запар, каб папулярызаваць культурна-гістарычныя і духоўныя каштоўнасці нашага народа, праводзіцца конкурс «Залатое пяро «Белай Русі». У ім прымаюць удзел маладыя журналісты, школьнікі і студэнты, а таксама журналісты рэгіянальных і рэспубліканскіх СМІ. Найлепшых выбралі і ўганаравалі на галоўнай сцэне Рагачова. Пераможцы атрымалі свае ўзнагароды. А падарункам таксама і для гараджан стаў канцэрт акардэаніста сусветнага ўзроўню Ігара Квашэвіча і спевака Аляксея Хлястова.

Пасадкай сада Малітвы ў Рагачове завяршылася духоўна-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў»

І з блізкага замежжа, і з далёкага

Сярод удзельнікаў сёлетняга Дня беларускага пісьменства ў Рагачове — прадстаўнікі акрэдытаваных у краіне пасольстваў і ўпершыню — амаль дваццаці беларускіх дыяспар з блізкага і далёкага замежжа. Кіраўнік асацыяцыі беларусаў у Францыі Святлана Сурава кажа, што свята вельмі спадабалася і надзвычай прыемна было пачуць родную мову. Дарэчы, на новым месцы жыхарства таксама яе не забываюць:

— Мы адзначаем беларускія народныя святы. Спявалі гімн Беларусі каля Эйфелевай вежы падчас акцыі, арганізаванай нашай асацыяцыяй і Пасольствам Рэспублікі Беларусь.

Роднае слова літаральна ажыло на вуліцах Рагачова. Прэзентацыі новых зборнікаў і аўтограф-сесіі літаратараў збіралі аўдыторыі, а на імправізаваны друкарскі двор XVІ стагоддзя выстройваліся чэргі. З дапамогай беларускага калекцыянера і гісторыка Уладзіміра Ліхадзедава кожны жадаючы мог адчуць сябе першадрукаром і зрабіць паперу з лёну, а потым надрукаваць на ёй тэкст так, як гэта рабілі пяць стагоддзяў таму. Усе станкі з'яўляюцца дзейнымі экспанатамі першага беларускага музея пісьменства, які цяпер ствараецца ў Вілейцы.

...У новую гісторыю Рагачова Дзень беларускага пісьменства ўжо ўвайшоў. Эстафету прымае Полацк, які ў 1994 годзе ўжо быў гаспадаром свята, тады ўпершыню заснаванага. Дарэчы, налета адзначым і 500-годдзе айчыннага кнігадрукавання. Менавіта ў 1517 годзе Францыск Скарына надрукаваў Псалтыр, а за ім і іншыя кнігі Бібліі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Ірына АСТАШКЕВІЧ

astashkevich@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА і Сяргея НІКАНОВІЧА

Рагачоўскі раён

Каментары

Вялікі дзякуй! Вельмі добры накірунак у творчасці. Так трымаць!
Наўзаем! Будзем для Вас старацца.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».