Вы тут

Цяпер можна не прад'яўляць чэкі для пацвярджэння плацяжу праз АРІП


Здаецца, што неўзабаве ўсе мы забудзем аб тых часах, калі абавязкова збіралі і неслі ў арганізацыі паперкі аб аплаце любых плацяжоў. Цяпер плацельшчык ужо не абавязаны прад'яўляць папяровы чэк для пацвярджэння плацяжу, ажыццёўленага пры дапамозе аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы (АІС «Разлік»), паведамляе прэс-служба Нацыянальнага банка.


Менавіта ў сувязі са шматлікімі пытаннямі, якія паступалі ад грамадзян адносна спосабаў пацвярджэння факта здзяйснення імі розных відаў плацяжоў, Нацбанк падрыхтаваў адпаведны каментарый.

Безнаяўнымі нават лепш

Тут, у прыватнасці, гаворыцца, што цяпер плацяжы, звязаныя з дзяржаўнай пошлінай, пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур, аплаце падаткаў, збораў (пошлін), тавараў (работ, паслуг), на карысць дзяржаўных органаў і арганізацый, фізічных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў могуць ажыццяўляцца рознымі шляхамі.

Такую аплату можна рабіць па лініі падачы ў банк папяровых квітанцый, праз сістэму дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, шляхам выкарыстання электронных грошай, з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак у структуры «Белпошта», а таксама праз сістэму АІС «Разлік» безнаяўным чынам.

Факт аплаты плацяжу ў бюджэт праз АІС «Разлік» пацвярджаецца наяўнасцю ў гэтай сістэме інфармацыі пра такія плацяжы. У якасці нумара дакумента, які пацвярджае факт ажыццяўлення плацяжу ў бюджэт праз АІС «Разлік», выкарыстоўваецца ўліковы нумар аперацыі (транзакцыі) у адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы. Інфармацыя пра нумар аперацыі ў сістэме «Разлік» даступная плацельшчыку ў дакуменце, які пацвярджае здзяйсненне плацяжу (квітанцыя, чэк, карт-чэк).

Пры гэтым вытворцы паслуг атрымліваюць з АІС «Разлік» электронныя рэестры аплачаных плацяжоў, якія пацвярджаюць ажыццяўленне плацяжу плацельшчыкам. Праўда, у асобных выпадках юрасобы маюць права патрабаваць ад плацельшчыка яшчэ і папяровыя дакументы аб ажыццяўленні плацяжоў. Менавіта каб удакладніць гэты нюанс пра асобныя выпадкі, Нацбанк паведамляе наступнае.

Заканадаўства не патрабуе

Дзейнае бюджэтнае і падатковае заканадаўства не змяшчае нормаў, якія абавязваюць плацельшчыка пацвярджаць факт аплаты дзяржаўнай пошліны, плацяжоў пры ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур, падаткаў, збораў (пошлін) і іншых грашовых пералічэнняў у бюджэт на папяровым носьбіце ў выпадку, калі плацеж адбыўся ў АІС «Разлік».

Па ўсіх відах названых вышэй плацяжоў, якія ажыццяўляліся не ў АІС «Разлік», вытворца паслуг мае права, а пры аплаце дзяржаўнай пошліны абавязаны запатрабаваць ад плацельшчыка прадастаўленне чэка (квітанцыі) на папяровым носьбіце.

А яшчэ спецыялісты нацыянальнага фінансавага рэгулятара паведамляюць, што Падатковы і Бюджэтны кодэксы Беларусі маюць вышэйшую юрыдычную сілу ў дачыненні да актаў міністэрстваў і ведамстваў. «Таму патрабаванні вытворцаў паслуг, падключаных да АІС «Разлік», аб прад'яўленні плацельшчыкамі чэка (квітанцыі) на папяровым носьбіце ў якасці пацвярджэння факта здзяйснення плацяжу, які ажыццяўляецца ў гэтай сістэме, з'яўляюцца неправамернымі», — удакладняе сваю пазіцыю Нацбанк.

Усё. Цяпер тым, хто аплачвае розныя паслугі, зборы і падаткі праз сістэму «Разлік» (безнаяўнымі грашыма), ужо не трэба несці адпаведную паперку ў кожную інстанцыю ці да вытворцы. А чэк (калі ён ёсць) можна захаваць для ўласных мэт. Напрыклад, каб не забыцца і не заплаціць за нешта двойчы...

Дарэчы

Карыстанне АРІП стала таннейшым на 0,2%

Старшыня праўлення акцыянернага таварыства «Нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя «Адзіная разліковая і інфармацыйная прастора» (АРІП) Алег Верамейчык паведаміў, што імі прынята рашэнне аб тым, што камісія за аплату жыллёва-камунальных паслуг праз сістэму АІС «Разлік-ЖКП» з 1 верасня складзе 1%, пры тым што сярэднеўзважаная камісія па галіне была 1,2%.

Паводле яго слоў, перадумовы для зніжэння ўзроўню банкаўскага ўзнагароджання стварае перавод плацяжоў у дыстанцыйныя каналы. Так, цяпер доля безнаяўных разлікаў за ЖКП у АРІП перавышае 50% — як па колькасці, так і па суме. А ў апошнія часы найбольш актыўна насельніцтва выкарыстоўвае дыстанцыйныя каналы банкаўскага абслугоўвання. Адзіная разліковая і інфармацыйная прастора функцыянуе ў Беларусі з 2008 года. У межах АРІП плацяжы прымаюцца на карысць больш за 12,7 тысячы арганізацый, ажыццяўляецца больш за 56 тысяч відаў плацяжоў ва ўсіх банках краіны. «Менавіта ў верасні на завяршальнай стадыі знаходзіцца працэс уключэння ў праект АРІП РУП «Белпошта», — сказаў Алег Верамейчык.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: І без паперкі павераць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».