Вы тут

Больш за 25 000 назіральнікаў акрэдытавана на выбары


Місія назіральнікаў ад СНД падрыхтавала прамежкавую справаздачу пра ход назірання за падрыхтоўкай выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Зараз у Беларусі акрэдытавана 330 прадстаўнікоў Садружнасці, у тым ліку 44 доўгатэрміновыя. За час працы яны наведалі 101 са 110 акруговых і больш за 200 участковых камісій.


У справаздачы назіральнікі адзначылі, што «Цэнтральная камісія правяла семінары са старшынямі і сакратарамі тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій, кіраўнікамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў». Цяпер праходзіць навучанне членаў участковах выбарчых камісій. На трэнінгах мадэлююцца сітуацыі, якія могуць узнікнуць у працэсе галасавання. Прадстаўнікі місіі прысутнічалі на асобных практычных занятках.

Новаўвядзеннем для гэтых выбараў стане і пашыраны пералік дакументаў, якія даюць права грамадзянам атрымаць бюлетэнь для галасавання. Так, акрамя пашпарта, выбаршчык можа выкарыстаць службовае пасведчанне дзяржаўнага служачага, студэнцкі білет, пасведчанне кіроўцы, ваенны білет (для вайскоўцаў тэрміновай службы), пенсійнае пасведчанне (пры наяўнасці ў ім фота), даведку органаў унутраных спраў (для грамадзян, якія згубілі пашпарт), а таксама пасведчанне аб інваліднасці.

На думку місіі назіральнікаў ад СНД, Цэнтральная і ніжэйшыя выбарчыя камісіі прымаюць неабходныя меры для належнай падрыхтоўкі выбараў і іх правядзення ў адпаведнасці з патрабаваннямі дзейнага заканадаўства. Таксама прадстаўнікі місіі Садружнасці адзначылі, што «агітацыйны перыяд пачаўся і праходзіць з выкананнем заканадаўства, кандыдатам у дэпутаты створаны роўныя ўмовы для вядзення перадвыбарнай агітацыі і забяспечана права выступіць у сродках масавай інфармацыі».

Штаб місіі адсочвае і вынікі разглядання скаргаў, звязаных з парушэннем выбарчага заканадаўства, супрацоўнічае з дзяржаўнымі органамі, якія разглядаюць адпаведныя скаргі. Так, паводле паведамлення МУС, у органы ўнутраных спраў па стане на 1 верасня 2016 года паступіла 56 зваротаў і паведамленняў грамадзян. Распачата адна крымінальная справа за хуліганства ў сувязі з дзеяннямі ў дачыненні да члена ініцыятыўнай групы, які ажыццяўляў збор подпісаў.

Назіральнікі заўважылі, што ў цэлым выбарчая кампанія праходзіць у спакойнай атмасферы і ў духу адкрытай канкурэнцыі. Выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў своечасова і ў поўным аб'ёме інфармуюць грамадзян. «Удзел у маніторынгу выбараў нацыянальных назіральнікаў дазволіць узмацніць грамадскі кантроль за ходам перадвыбарнай кампаніі, зрабіць іх празрыстымі. Да цяперашняга часу акруговымі і ўчастковымі камісіямі акрэдытавана больш за 25 000 назіральнікаў, якія прадстаўляюць увесь спектр грамадскіх поглядаў, палітычных партый і рухаў, што існуюць у краіне», — адзначана ў справаздачы. Свае канчатковыя высновы і ацэнкі місія выкладзе ў дакуменце па выніках маніторынгу выбараў.

Надзея АНІСОВІЧ

anisovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».