Вы тут

Урок «Нам мір завешчана берагчы» адбыўся ў «Трасцянцы»


Першы тэматычны ўрок «Нам мір завешчана берагчы», які прайшоў учора ва ўсіх навучальных установах краіны, адбыўся і на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Трасцянец».

У Дзень ведаў юныя экскурсаводы з 25-й мінскай гімназіі разам з наведвальнікамі мемарыяла прайшліся тымі дарогамі, якія вялі ў небыццё тысячы ахвяр лагера смерці Трасцянец.


Адзін за адным школьнікі расказвалі гісторыю аднаго з найбуйнейшых месцаў масавага знішчэння людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны. Побач з імі крочылі былыя непаўналетнія вязні, дзеці вайны.

Для Галіны Каржанеўскай гэтая экскурсія была нечым большым. Трасцянец стаў магілай і для яе бацькоў. Такі ж — трагічны — лёс мог спасцігнуць і яе. Гітлераўцы абяцалі немалую ўзнагароду тым, хто выдасць сям'ю аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага падполля. Дарэчы, Мікалай Каржанеўскі — з ліку тых, хто распаўсюджваў «Звязду» ў акупаваным Мінску.

Лёсы канкрэтных людзей, якія абарваліся тут, ля Магілёўскай шашы, а таксама тых, каму пашчасціла выжыць у гэтым пекле, знайшлі месца ў аповедах навучэнцаў 25-й гімназіі. Ім, дзецям ужо мірнага часу, вельмі цяжка паверыць, што такі жах адбыўся недалёка ад таго месца, дзе яны ходзяць у школу, сябруюць, кахаюць...

— У нашых дзетак ужо сістэматызаваліся веды пра Трасцянец, мы адкрылі новыя факты, адшукалі біяграфіі некаторых трасцянецкіх ахвяр, — расказала настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 25 г. Мінска, кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея «Невычэрпная крыніца гісторыі» Аліна ПАХВАЛЁНАЯ. — Гэта і ёсць высокае патрыятычнае выхаванне. Нашы дзеці павінны ведаць, што адбывалася падчас Вялікай Айчыннай вайны, каб перадаць свае веды іншым. Бо калі гэтая нітка памяці перарвецца, мы як народ будзем знішчаны.

Вядома, можна было б расказаць пра гісторыю Трасцянца і іншых падобных трагедый, якія ўчынілі на нашай тэрыторыі гітлераўцы, як звычайна, у школьным класе. Але толькі так, як прызнаюцца самі школьнікі, яны змаглі прычыніцца да гісторыі беларускага народа. Хоць і трагічнай.

Як пераканана вучаніца гімназіі № 25 горада Мінска, дырэктар музея «Невычэрпная крыніца гісторыі» Яна Канаплёва, чым далей ідзе час, тым усё актыўней мы страчваем памяць аб сваім мінулым. «Калі першы раз мы прыйшлі ў Трасцянец на рэпетыцыю, было вельмі цяжка ўсвядоміць, што на гэтым месцы загінула шмат людзей і такі жах над імі ўчынілі таксама людзі», — прызналася дзяўчынка.

Дакрануцца да гэтай трагічнай старонкі нашай гісторыі цяпер зможа кожны вучань 25-й гімназіі. Кожную сераду падчас гадзіны інфармавання для навучэнцаў установы будзе праводзіцца віртуальная экскурсія. Не забудуцца школьнікі, як і ў гэты раз, пра магчымасць ускласці кветкі там, дзе загінула больш як 200 тысяч бязвінных людзей.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Урок памяці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».