Вы тут

Хто вырашае наверсе, каму жыць, а каму памерці?


З унучкай Наталлі Дзмітрыеўны Васінай мы — калегі. Гэта яна расказала мне пра сваю гераічную бабулю. Не, Наталля Дзмітрыеўна не ваявала, не ўздымала цаліну, не скарала Паўночны полюс. Яна жыццё прысвяціла дзецям. Вырасла ў невялікім гарадку на Волзе, адтуль правяла на фронт маладога мужа. Пахавальную атрымала ў самым канцы вайны, калі надзея на хуткае вяртанне асабліва сагравала сэрца. А потым адна ставіла на ногі трох дачок. Дык хіба гэта не гераізм?


За век яна паспела пабачыць рэвалюцыі, войны, разлады, разрухі, многа добрага таксама. А яшчэ вельмі любіла сваю Волгу. Адзін з самых яркіх успамінаў дзяцінства, як маленькай дзяўчынкай разам з іншымі дзецьмі бегала на ўзбярэжжа паглядзець на вялікі белы параход з гасударам-імператарам на борце. Яны з усіх сіл махалі хусцінкамі з берага, а цар з царыцаю прыязна махнулі ў адказ...

Доўгім і розным было жыццё. А на сотым яго годзе Наталля Дзмітрыеўна пераехала да дачкі ў Бярозаўскі раён. У нейкі момант бабулька адчула сябе дрэнна, неадкладна звярнуліся да дактароў. Абследаванне выявіла пухліну кішэчніка. І тады ўсе знаёмыя, калегі родных, у тым ліку маёй знаёмай Марыны, сталі адгаворваць. Навошта, маўляў, падвяргаць аперацыі такога пажылога чалавека? З гэтымі сумненнямі і пайшлі дзеці і ўнукі пажылой жанчыны да доктара. Аўтарытэтны брэсцкі анколаг Канстанцін Шэлепень сказаў ім тады прыкладна так: «А хто нам з вамі даў права вырашаць за Бога? Наша задача — зрабіць усё, што можна, а далей — яго воля». І правёў аперацыю.

Праз нейкі час пасля гэтага ў размове з карэспандэнтам доктар Шэлепень сказаў пра акалічнасць, якая паўплывала на яго рашучасць. Калі зайшоў у палату, убачыў, як Наталля Дзмітрыеўна праз лупу чытала газету. «Калі ў чалавека ў стагадовым узросце такая цікавасць да жыцця — адно гэта выклікае захапленне і павялічвае жаданне дапамагчы», — сказаў Канстанцін Георгіевіч.

Пасля аперацыі Наталля Дзмітрыеўна хутка пайшла на папраўку. Свой стагадовы юбілей яна адзначыла разам з дзецьмі, унукамі, праўнукамі. Пражыла яшчэ два гады. А ўнучка Марына і цяпер успамінае, што яны вельмі доўга адчувалі сябе ніякавата, быццам бы і праўда хацелі вырашыць за Бога. А ў чалавека няма такога права. Ну хіба толькі, калі пагроза хуткай пагібелі прымушае гуляць з лёсам.

Бываюць жа павароты жыцця альбо здарэнні, якія інакш як цудам ці Яго вышэйшай воляй не назавеш. Калі, напрыклад, чалавек сто разоў павінен быў загінуць, а ён застаўся жыць. У тым жа Бярозаўскім раёне расказалі гісторыю выратавання хлопчыка — аднаго з трох тысяч яўрэяў, якіх гналі на смерць ва ўрочышчы Смалярка.

Маці Сямёна Бакштэйна па дарозе да ямы літаральна адкінула малога ў лес, перад гэтым угаварыла сына бегчы як мага далей. І пяцігадовае дзіця паслухалася, а не павісла на руках у матулі, не прыціснулася да яе. Ён пабег, але яго заўважылі, стралялі нават, потым выпусцілі сабак. Ды маленькае, хударлявае нават на свой узрост дзіця нейкім чынам забілася ў лісіную нару, і сабакі згубілі след.

Колькі хлопчык там сядзеў, невядома, але голад яго выгнаў са схованкі. І ўсё роўна малое дзіця ў амаль зімовым лесе было асуджана на пагібель, ды зноў адбыўся цуд — яго заўважылі партызаны і забралі ў атрад. Камандзір атрада Пётр Лебедзеў фактычна выгадаваў Сямёна. Пасля школы гэты сціплы, сарамяжлівы, невялічкага росту чалавек працаваў у сістэме райспажыўсаюза, падвозіў на коніку тавары ў гандлёвыя кропкі. Пажылыя жыхары Бярозы ўспаміналі такі факт, які ў многіх выклікаў здзіўленне. Падчас святкавання Дня Перамогі ці Кастрычніцкіх свят у 50—60-х гадах Сямён заўсёды быў на трыбуне ў шэрагу кіраўнікоў раёна. А справа ў тым, што былы камандзір атрада Лебедзеў стаў потым першым сакратаром райкама партыі ў Бярозе. І хоць хлопец па заўсёднай сваёй сарамлівасці ўпіраўся, партыйны сакратар праяўляў настойлівасць, ён казаў звычайна: «Мы з табой, Сёма, разам ваявалі, разам і пашану прымаць павінны». Так і стаяў Сёма на трыбуне ў выхадным касцюме і паліто, купленых усё тым жа Лебедзевым... Ціха і непрыкметна пражыў у Бярозе Сямён Бакштэйн, сведка трагедыі ў Смалярцы, успамінаў адзін з бярозаўскіх ветэранаў. І паводле ацэнкі апошняга, партыйны інтэлігент Лебедзеў такім чынам аддаваў належнае лёсу, які захаваў дзіця, што прайшло некалькі кругоў пекла, а таксама яго маці, што так адчайна, на мяжы смеласці і вар'яцтва, ратавала маленькага сына.

А колькі кожны з нас, дарагі чытач, здольны ўспомніць пра сябе, родных і знаёмых выпадкаў, калі можна сказаць: «Усё вырашалі імгненні, міліметры, але абышлося. Нібы Бог рукі падставіў, альбо лёс так вырашыў». Але ці ўмеем мы цаніць такія павароты, каб потым нехта не вымаўляў са шкадаваннем: «Сказана ж, не выпрабоўвай лёс тройчы».

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Хто вырашае наверсе?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.