Вы тут

Урокі Алімпіяды ў Рыа дапамогуць лепш падрыхтавацца да гульняў у Токіа


Першы намеснік міністра спорту і турызму краіны, шэф беларускай дэлегацыі ў Бразіліі Аляксандр Гагіеў падвёў вынікі выступлення нашых спартсменаў у Рыа-дэ-Жанейра. Як і большасць спартыўных чыноўнікаў, ён выказаў думку, што беларуская зборная нядрэнна паказала сябе на галоўных стартах чатырохгоддзя.


— Напярэдадні Гульняў мы вырашылі ўсе пытанні па забеспячэнні нацыянальных камандаў. І самааддача, якую прадэманстравалі спартсмены, сведчыць сама за сябе. Усе ставілі максімальныя задачы. Разам з тым маем тое, што маем — 9 медалёў. Магчыма, не тая колькасць, якую хацелася б, але ў цэлым выступілі годна, — сказаў ён.

Першы намеснік міністра падкрэсліў, што па выніках Алімпіяды кожны трэці беларускі атлет аказаўся ў васьмёрцы наймацнейшых. Вельмі парадавалі прадстаўнікі вольнай і грэка-рымскай барацьбы. Атлеты ў гэтых відах выйгралі медалі, якія не ўдалося ўзяць у Лондане, дзе было адразу некалькі пятых месцаў. Таксама Аляксандр Гагіеў не абышоў увагай выступленне жаночай баскетбольнай каманды.

— Дзяўчаты, на мой погляд, выступілі годна: трапіць у гульнявых відах спорту на Алімпіяду, аказацца ў ліку 12 найлепшых у свеце — ужо вялікае дасягненне.

Таксама Гагіеў падкрэсліў, што, нягледзячы на бытавыя складанасці ў Бразіліі, пра якія ўжо гаварылася шмат, і дзякуючы дысцыпліне ў алімпійскай камандзе, у Рыа абышлося без асаблівых здарэнняў, якіх не ўдалося пазбегнуць іншым зборным.

Першы намеснік міністра Аляксандр Славіевіч адзначыў, што медальны вынік мог быць і лепшым, але негатыўныя фактары, якія паўплывалі на каманду перад самым ад'ездам на Алімпіяду, перашкодзілі заваяваць большую колькасць узнагарод. Асноўнымі прычынамі сталі адхіленне нашых спартсменаў з прычыны допінгавых скандалаў. Працэс абароны айчынных атлетаў працягваецца і сёння. У Міжнародным спартыўным судзе ў Лазане знаходзяцца два іскі беларускага боку. Першы тычыцца адхілення ад летняй Алімпіяды мужчынскай каманды канаістаў, другі іск — з нагоды цяжкаатлетаў. Чакаецца, што гэтыя пытанні будуць разгледжаны ў верасні-кастрычніку.

Яшчэ адзін скандал спасціг нашага таэквандыста ўжо падчас Алімпіяды. Напярэдадні вылету ў Рыа-дэ-Жанейра ў Армана-Маршала Сілы ў арганізме быў выяўлены забаронены прэпарат — мельдоній.

— Падрабязнасцяў паведамляць не хачу, дэталяў пакуль няма. Ідзе расследаванне, якое праводзіцца Нацыянальным антыдопінгавым агенцтвам, кампетэнтныя органы таксама гэтым пытаннем займаюцца. Гэта быў чарговы ўдар нам у спіну — ці то з боку міжнародных арганізацый, а можа, нават і ад сваіх. Нікога не хачу пакуль вінаваціць, рэзкія заявы рабіць не буду. Нават калі гэта здарылася па халатнасці, нават калі хтосьці яму рэчыва гэтае падліў, абвінавачванні з атлета не здымаюцца. Прычым такой вялікай канцэнтрацыі мельдонію, якая зафіксавана ў Армана, не было ні ў кога з усёй каманды, — распавёў Аляксандр Гагіеў.

Яшчэ адно праблемнае пытанне, пра якое казаў Аляксандр Славіевіч, датычыцца відаў спорту, якія ў краіне страчваюць свае пазіцыі — плаванне і лёгкая атлетыка. На яго думку, праблемы тут у тым, што спартсмены не змаглі выйсці на пік формы, але больш дэталёвы разбор яшчэ трэба будзе зрабіць кожнай федэрацыі асобна.

На прыкладзе спартыўнай гімнастыкі закранулі праблему не заўсёды апраўданай і ўдалай натуралізацыі спартсменаў. Гімнастка з ЗША Кайлі Дыксан, якая на Алімпійскіх гульнях прадстаўляла нашу краіну, заняла толькі перадапошняе месца.

— Амерыканка выступіла не зусім удала. Але яна прыехала ў Рыа з траўмай. Прычым сама пра яе не ведала. Ужо на месцы нашы лекары заўважылі нядобрае, паколькі спартсменка скардзілася на дыскамфорт. Зрабілі МРТ. Выявілі расколіну ў ступні. Чакаць ад яе выступлення чагосьці звышнатуральнага было складана, але хацелася б большага, чым перадапошняе месца.

Мы ўжо зрабілі высновы. Першапачаткова, магчыма, пайшлі на повадзе ў людзей, якія прапаноўвалі натуралізацыю, з улікам нашай безвыхаднасці ў спартыўнай гімнастыцы. Стаўка рабілася на тое, што гэтыя дзве амерыканскія спартсменкі дапамогуць нашым падцягнуцца, стаць больш упэўненымі. Цяпер разумеем, што, напэўна, памыліліся. У будучыні будзем больш педантычна падыходзіць да такіх пытанняў. Кантраляваць, каб хоць заключныя этапы падрыхтоўкі прывезеныя спартсмены праводзілі ў Беларусі, — сказаў Аляксандр Гагіеў.

Нагадаем, беларуская зборная на сёлетніх Алімпійскіх гульнях заваявала 9 узнагарод і заняла 40-е месца ў агульнамедальным заліку.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Прыцэл на 2020

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.