Вы тут

Андрэй Станкевіч і таемнае мастацтва (Два ўрыўкі з адной аповесці)


Пачатак гэтай аповесці ўжо надрукаваны ў «Маладосці» — чытачы захапіліся ім у сярэдзіне лета. Але толькі напачатку восені чакаецца развязка. Зрэшты, тут прапанавана невялікая частка працягу захапляльнай гісторыі пра беларускага Шэрлака Холмса з XVІ стагоддзя, прыдуманая (а мо і не!) пісьменнікам Ягорам Коневым. Гісторыя пра Андрэя Станкевіча, шкаляра факультэта вольных мастацтваў аддзялення філасофіі. Спякотным чэрвеньскім поўднем 1570 года ён даведаўся пра тое, што здарылася з грэшнай душой прафесара Прудэнціуса, і паспяшаўся туды, куды наведваўся Д'ябал. А што было далей? Ці, можа, разгадка ў тым, што было раней?.. Няхай чытач распаліць сваю цікавасць.


* * *

Насамрэч Якаб Прудэнціус рэдка дазваляў сабе шчырасць і шматслоўнасць. У яго доме на Грунэрштрасэ часцей пераважала цішыня. Звычайна гаспадар моўчкі сілкаваўся, чытаў, пісаў, кідаў памочніку кароткія загады. З надыходам вечара Прудэнціус і Андрэй спускаліся ў лабараторыю, дзе прафесар таксама не вызначаўся красамоўствам. Ён вывучаў уласныя запісы і старонкі кніжак, кідаў распараджэнні і мог маўчаць гадзінамі, чакаючы выніку эксперыменту. Затое, калі ўсе практыкаванні аказваліся марнымі, то лаяўся гучна.

Асабліва абуралі яго тэксты, якія гучалі як расшыфраваныя парады Гермеса Трысмегіста, але на праверку аказваліся метафарамі. Напрыклад, аднойчы Прудэнціус вычытаў у ананімным трактаце пад назваю «Дамова нябеснай прасторы з зямною» параду: «На сыходзе сонца шукай схаваную серу. На чыстым агні экстрагіруй брудную сумесь, злучы яе з недасканалай ртуццю, дадай лятучай солі і ўсё дыгерыруй. Пры гэтым нізавошта не думай пра чорнага цмока».

Прафесар дбайна ўзяўся за справу ды раптам перарваў яе і вылаяўся:

— Хіба можна не думаць пра чорнага цмока?.. Гэта алхімічны жарт!

Станкевічу, у якога ад стомы пот струменямі сцякаў са спіны, той жарт падаўся зусім не смешным.

Рэцэпт у кнізе пад назвай «Таемны агонь Мудрасці» рэкамендаваў «ажаніць стары метал і маладую соль, змяшаць з цынкавым пылам і каламінам, дыгерыраваць да жоўтага ападку, і праз тры ночы ён куагуліруецца ў крохкі сродак». Старанна выканаўшы гэтую параду, прафесар і Андрэй атрымалі рэчыва, ад якога абодва расчыхаліся.

— Як я не сцяміў, што гаворка ідзе зусім не пра сапраўдныя рэчы? — буркнуў Прудэнціус, выціраючы ўзмакрэлы твар.

— А пра што? — здзівіўся Станкевіч.

— Пра ўнутраны стан чалавека немаладога веку, які надумае ажаніцца з маладзіцай. Твор папярэджвае пра вынікі няроўнага шлюбу, пра нервовыя ўзрушэнні, якія перажывуць абодва ўдзельнікі працэсу.

— А прасцей пра гэта нельга было напісаць? Абавязкова трэба зашыфроўваць відавочныя рэчы ў сімвалы?

— А хто пагодзіцца чытаць кнігу, у якой гаворка пойдзе пра людскія стасункі? Каму гэта цікава?

— Ну, мне, дарэчы, — нясмела прызнаўся юнак.

Прафесар прыгразіў Станкевічу кулаком, паўшчуваў:

— Не вярзіце лухту! У чалавека мусіць быць адна дарога па жыцці — патрапіць пасля смерці ў царства нябеснае. Толькі ўчынкі, якія вядуць туды, маюць значэнне. Гэта дакладная колькасць грошай, якія трэба змарнаваць на міласціну, малітваў, якія трэба прачытаць, зарокаў, якія належыць выканаць... А ўсе чалавечыя забабоны, якія замінаюць шляху з зямнога ў нябеснае, не заслугоўваюць сур'ёзнай увагі!

Станкевічу хапіла розуму прамаўчаць, хоць ён і не пагадзіўся з гаспадаром. Юнак падумаў пра тое, што вычварнасць і мудрагелістасць людскіх паводзінаў варта вывучаць. Бо пакуль людзі, маўляў, патрапяць у райскія шаты або ў пекла, яны шмат чаго ўчыняць у зямным жыцці! А яшчэ Андрэя бянтэжыла безапеляцыйнасць прафесара, які толькі ўласную думку лічыў бездакорнай. Можа, таму многія ідэі ў Андрэя часта нараджаліся не паводле, але насуперак заявам старога земляка...

Засмучала Станкевіча і тое, што ён не высыпаўся па начах, а ўдзень не меў ані хвіліны для адпачынку. Адвечная стома адбілася на поспехах у вучобе. Дакладней, на іхняй адсутнасці.

За першыя тры месяцы навучання Станкевіч паспяхова здаў трывіум — экзамены па граматыцы, рыторыцы і метафізіцы, за што атрымаў статус філосафа. А вось за апошні год аніяк не мог адолець квадрыум — праваліў іспыты па арыфметыцы, геаметрыі, музыцы і астраноміі.

Напружанасць паміж прафесарам і асістэнтам завяршылася ў пачатку сакавіка 1570 года ўзрушэннем.

Прыбіраючыся ўвечары ў кабінеце, Станкевіч незнарок праліў чарніла на вокладку кнігі «Сапраўдны скарб чалавечага існавання».

Яго няўклюднасць нечакана моцна раззлавала гаспадара.

— Кошт кнігі роўны майму паўгадавому заробку! — роў Прудэнціус. — Кошт яе зместу наогул неацэнны!

Настрой у прафесара тою парой быў выключна благі. Пэўна, таму, што апошнім часам аніводны эксперымент не завяршаўся ўдала. Прызнаць, што ўсяму віной уласная ўпартасць, гаспадару было цяжка, а вось спагнаць злосць на асістэнце — лягчэй.

Накрычаўшыся, Прудэнціус стрымана мовіў юнаку:

— Ад гэтай хвіліны я вызваляю вас ад вашых абавязкаў, шкаляр. Яны вам не пад сілу. Наша дамова скасавана. Зараз жа вымятайцеся ўпрочкі.

Ачмурэлы ад такой несправядлівасці, Станкевіч пабрыў у кладоўку, хутка сабраў там свае рэчы ў торбу і сышоў з дому, пакінуўшы дзверы расчыненымі. Бы ап'янелы, тэпаў ён, гайдаючыся, да інтэрната цёмнымі вулкамі. Час ад часу дарогу яму перагароджвалі нацягнутыя ўпоперак ланцугі — гэтак рабілася, каб коннікі не гойсалі па бруку ды не тапталі ў цемры прахожых. Станкевіч на карачках пралазіў пад ланцугамі, якія мацаваліся да крукоў на сценах дамоў, і не адчуваў ані стылага камення, ані зябкага начнога ветру.

Крыўда спапяляла розум хлопца. Юны мянянін яшчэ не разумеў, што сёння ён дасягнуў вышэйшай ступені навучання — таго моманту, калі адэпт сыходзіць ад настаўніка ў самастойную дарогу.

* * *

У сінечы неба кружылі ластаўкі. Ад жнівеньскага ветру трапятала лістота на галінах ліп, якія раслі абапал могілак. Кнайпхофскі люд хавалі тут — на паўночным беразе Прэгеля, на паўдарозе паміж Крамным мостам і лобным месцам.

Станкевіч заявіўся сюды пасля поўдня, адслухаўшы службу ў саборы. Юнак брыў сцяжынкай, якая пятляла між каменнымі ды жалезнымі плітамі. Надмагільныя помнікі яскрава сведчылі аб саслоўнай прыналежнасці тых, хто спачыў. Жалезны крыж — пра пахаванне заможнага месціча. Каменная чара — духоўнай або вучонай асобы. Выява Святога Іаана — гандляра або чыноўніка. А сціплы насып над магілай азначаў, што ў сваякоў нябожчыка бракуе грошай на помнік.

Пасярод квадрата могілак узвышаўся белацагляны асарыум — будынак з вялізным сутарэннем. Кожныя трынаццаць гадоў сюды зносілі косці са старых могілак і пасля памінальнай службы скідалі ў яміну. Такім чынам вызвалялася месца для новых пахаванняў.

На могілкі юны ліцвін прыйшоў не толькі каб падумаць пра свой далейшы лёс, але і з тае нагоды, што гэтым днём споўніўся саракавы дзень пасля смерці Якаба Прудэнціуса. Станкевіч лічыў сваім сумленным абавязкам памаліцца за спачын хрысціянскай душы.

Насып на магіле прафесара метафізікі ўвенчвала шэрая пліта, на якой былі выбіты імя, прозвішча, пасада нябожчыка і лаканічная эпітафія: «На шляху да мудрасці спасцігнуў шмат таямніц быцця».

«І ніякай згадкі на тое, што ён быў ліцвінам, — падумаў Станкевіч. — Такая, відаць, спрадвечная наканаванасць маіх таленавітых землякоў: узбагачаць сваімі здабыткамі чужы народ і быць забытымі на Бацькаўшчыне...»

Памаліўшыся, Станкевіч прысеў на край магільнай пліты.

Гнятлівыя думкі вярэдзілі юнака.

Непакоіла тое, што працэс над выкрытым забойцам адцягваецца. У Альфрэда фон Зітцэра адшукаліся радавітыя абаронцы, якія займалі ўплывовыя пасады ў Кёнігсбергу. Ім здавалася нясцерпнай сама думка, што арыстакрата выраклі на смерць доказы, здабытыя прасталюдзінам. Нанятыя імі адвакаты аспрэчылі ўсе здабытыя ўлікі і вынік боскага суда. Акрамя таго, знайшліся сведкі, якія пакляліся, нібыта Зітцэр ані ў чым не прызнаўся ў дворыку Рэктарыума — ані ў забойстве Прудэнціуса, ані ў нянавісці да «чорнай косці» ў навуцы. На падставе такіх важкіх довадаў адвакаты засыпалі магістрат Кнайпхофа апеляцыямі, патрабуючы, каб суд над Зітцэрам адбыўся ў Кёнігсбергу — маўляў, толькі такім чынам можна дамагчыся юрыдычнай непрадузятасці.

Юстыцрату Карлу фон Кросбаху падкінулі ананімны ліст, у якім яму дакляравалася ўзнагарода ў семсот талераў, калі адпусціць Зітцэра на парукі. У адваротным выпадку гарантаваўся нож у спіну начной парою.

Магістрат Кнайпхофа дзейнічаў, як звычайна, — адтэрміноўваў канчатковае вырашэнне канфліктнага пытання: на просьбы кёнігсбергскіх адвакатаў не пагаджаўся, але і суд над Зітцэрам не распачынаў.

Юстыцрат Кросбах дапускаў, што забойцу ўрэшце перавязуць у Кёнігсберг, дзе, верагодна, амністуюць указам герцага. Дык на ананімныя абяцанку і пагрозу адрэагаваў на свой лад — загадаў перавесці зняволенага Зітцэра з сутарэння ў падземную камеру ды скаваць яму рукі і ногі калодкамі. На такую глыбіню не траплялі ані сонечны прамень, ані свежае паветра. Вязні дыхалі вільгаццю, а па халодных сценах струменіліся ручаіны. Сюды саджалі самых злосных нягоднікаў, і менш чым праз паўгода арыштант або рабіўся сляпым калекам, або яго выносілі адсюль нагамі наперад.

Адзін Бог цяпер ведаў, які лёс напаткае Зітцэра — сканае ў падзямеллі да суда або ўсё ж дачакаецца вызвалення? Станкевіч меркаваў, што добрага Прудэнціуса наўрад ці парадавалі б пакуты яго забойцы. Крыўдна, што ў нягоднікаў болей абаронцаў, чым у сумленных людзей. І ўсё ж, мажліва, не строгасць пакарання, а яго непазбежнасць — вось што ўкараніць у людзях веру ў справядлівасць...

Знерухомеўшы, бы надмагільны помнік, Андрэй Станкевіч разважаў і пра тое, што лёс звёў яго з Якабам Прудэнціусам, каб хлопец з цягам часу ўвасобіў галоўны пастулат Таемнага мастацтва — трансфармацыю. Зразумела, справа датычыцца не фізічнай трансфармацыі жалеза ў золата або ў філасофскі камень, але духоўнай — пераўвасабленне ўласных заган у вартасці. Алхімік Прудэнціус для сваіх эксперыментаў ужываў разнастайныя рэчы — ад гліны да серабра. Мяняніну Станкевічу дапаможа бадай што нястомная воля.

Ягор КОНЕЎ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.